Біл уздыхнуў вальней. Ён вырашыў не прысьпешваць падзеі і ня ўводзіць пакуль ніякіх новых элемэнтаў накшталт адчыненьня дзьвярэй. Яны асьцярожна разглядалі адно аднаго.
Неўзабаве знадворку раздаўся екат. — Матуля? Біл? Што здарылася? Чаму вы не гаворыце, не крычыце?
— Мы адпачываем, — адгукнуўся Біл. Ён ня быў упэўнены ў слушнасьці свайго тлумачэньня. Але Лізі яно задаволіла. — Добра, — піснула яна па-за дзьверы.
— Яна наркаманка? — спытала яе маці.
— Не. Божухна, не, увогуле не.
— Добра, тады што ўсё гэта значыць? Усе гэтыя замыканьні, лямант аб тым, што яна жадае паразмаўляць са мной, а потым ніякіх асэнсаваных гутарак.
— Думаю, яна нудзіцца бяз вас, — ціха вымавіў Біл.
— Зараз ёй прыйдзецца нудзіцца безь мяне значна больш, — заявіла спадарыня Даффі.
Біл разглядаў яе, спрабуючы зразумець. Яна выглядала маладзенькай і хударлявай, падавалася, гэтая жанчына і яго маці прыналежаць да розных пакаленьняў. Яе сукенка спадала мяккімі зморшчынамі, чымсьці нагадвая ўсходні строй, каўнер упрыгожвалі шкляныя пацеркі. Нешта тага кшталту можна пабачыць на фатаздымках пачатку стагодзьдзя, толькі бракуе адчыненых пантофляў і доўгіх струменістых валасоў. Яе кудзеркі, падобныя да Лізіных, месцамі паблісквалі сівізной. Калі не лічыць заплаканага твару, яна цалкам магла выпраўляцца на вечарыну. Куды, вядома, і зьбіралася, калі патрапіла ў палон.
— Падаецца, яе засмучае, што вы трохі аддаляецеся, — мовіў Біл. Фігура ва ўсходнім шляфроку чмыхнула. — Ну, разумееце, вы так далёка жывяце і ўсё такое.
— Ня так ужо і далёка, скажу я вам. Усё, аб чым я прасіла гэтую дзяўчынку, прыехаць і сустрэцца са мной, на хуткую выпіць якісь кактэйльчык. Замест тага яна зьявілася на станцыю на таксоўцы і прыцягнула мяне сюды. Я сказала добра, толькі на хвіліначку, бо мы павінны ісьці да Чэстэра, на адкрыцьцё … Чэстэр паняцьця ня мае дзе я зараз, ён турбавацца будзе.
— Хто такі Чэстэр?
— Сябар, дзеля Бога, сябар. Адзін з тых, хто жыве непадалёк ад таго месца, дзе жыву я. Ён мастак. Мы ўсе прыехалі. Ніхто ня будзе ведаць, што са мной здарылася.
— Можа, яны здагадаюцца шукаць вас тут — у хаце вашай дачкі?
— Не, вядома не, навошта?
— Яны ведаюць, што ў вас у Дубліне дачка?
— Так, можа і ведаюць. Яны ў курсе, што ў мяне трое дзяцей, але я не гуду ім аб тым кожную хвілю, яны цалкам могуць і ня памятаць, дзе Элізабэт жыве і ўсё такое.
— Але іншыя вашы сябры, вашы сапраўдныя сябры?
— Яны і ёсьць мае сапраўдныя сябры, — адгыркнулася яна.
— Вы там у парадку? — паклікала Лізі.
— Пачакай трохі, Лізі, — адгукнуўся Біл.
— Божачка, ты яшчэ за гэта заплаціш, Элізабэт, — схамянулася яе маці.
— Дзе яны спыніліся — вашыя сябры?
— Ня ведаю я, вось у чым уся чортава складанасьць, мы дамовіліся, што ўбачымся, калі прыедзем, на адкрыцьці, і калі Гары будзе там, усе зможам выправіцца да яго. Гары жыве ў здаравеннай адрыне, мы там ужо аднойчы спыняліся. Альбо, калі ня выйдзе, Чэстэр нібы ведае нейкую маленькую цудоўную гасьцінічку са сьняданкамі амаль задарма.
— Лічыце, Чэстэр выкліча паліцыю?
— Дзеля ўсяго сьвятога, зь якой нагоды?
— Даведацца, што з вамі здарылася.
— Паліцыю?
— Ну так, калі ён будзе чакаць вас, а вы ня зьявіцеся.
— Ён вырашыць, я проста зьліняла з кімсьці з выставы. Ён нават можа падумаць, што я наогул не патурбавалася прыехаць. Менавіта гэта мяне і разьюшвае.
У Біла вырваўся ўздых палягчэньня. Маці Лізі зьменлівая і нясталая. Ніхто не пачне біць трывогу і шукаць яе. Ня будуць курсаваць паліцэйскія машыны ў пошуках бляндынкі ва ўсходнім шляфроку. Лізі не правядзе рэшту ночы ў камэры ў паліцыянтскім участку.
— Як лічыце, можа ўпусьцім яе? — Ён намагаўся надаць гэтаму такі выгляд, нібы яны разам прымаюць рашэньне.
— Яна будзе працягваць усё гэтае глупства аб адсутнасьці гутарак, адносін, аб уцяканьні ў прочкі?
— Не, абяцаю, ня будзе. Дайце мне веры.
— Надзвычай добра. Але не чакайце, што я буду ўся зьзяць і прамянець пасьля штукарств, што яна адпаліла.
— Не, вы маеце поўнае права абурацца. — Ён павёў яе зварот, у пярэдні пакой. Там, у цёмным калідоры за дзьвярыма, Лізі курчылася ад жаху. — Ах, Лізі, — вымавіў Біл тонам, якім сустракаюць нечаканых, але жаданых госьцяў. — Уваходзь, што ж ты. Можа, зробіш нам па філіжанцы гарбаты?
Лізі пасьпяшалася за ім на кухню, імкнучыся не глядзець маці у вочы.