Выбрать главу

— Дачакаесься, твой бацька пазнае аб гэнтых выкрунтасах, — прыстрашыла яе маці.

— Спадарыня Даффі, вам да гарбаты малако, цукар? — перапыніў яе Біл.

— Нічога, дзякуй.

— Для спадарыні Даффі чорны, — Біл быццам аддаваў загад абслуговаму пэрсаналу. Ён прайшоўся па маленечкай кватэрцы, прыбіраючы рэчы, выпростваючы капу на пасьцелі, паднімаючы з полу розную дробязь. Неўзабаве разнашэрсная сямейка амаль мірна папівала гарбату зь вялікіх філіжанак.

— Я набыла бісквітаў, — ганарліва адзначыла Лізі, дастаючы шыкоўную манерку.

— Яны ж каштуюць цэльны скарб, — у Біла вочы палезьлі на лоб.

— Мне карцела чагосьці такога да матулінага візыту.

— Я ніколі не казала, што зьбіраюся да цябе зь візытам, гэта суздром твая прыдумка. І печыва яшчэ выдумала.

— Ну, яно ж ў манерцы, — усьміхнуўся Біл. — Можа доўга захоўвацца.

— У вас што, з галавой кепска? — нечакана накінулася на Біла маці Лізі.

— Ані. Чаму вы пытаецеся?

— Казаць аб бісквітах у такі момант. Я думала, вы цяміце, што робіце.

— А што, лепей было бы рыдаць і казаць аб адносінах, аб тым, хто ў кім патрабуецца і аб іншых рэчах, аб якіх вы не жадаеце размаўляць? — Такія кпіны абразілі Біла.

— Ну ўжо не, нават пытаць мяне аб тым — глупства. Вы такі ж псіх, як яна. Проста вар’ятня нейкая.

Яна стрэльнула вачыма на дзьверы, і ён зазначыў там яе торбу на доўгай ручцы. Яна жадае зьбегчы? Ці ня лепш ёй так і зрабіць? А можа, яны ўжо зашлі так далёка, што лепей давесьці справу да канца? Даць Лізі магчымасьць выказаць маці усе абразы, даць яе маці магчымасьць прыняць усё гэта альбо ўсё адмовіць. Яго бацька заўсёды кажа, што лепш пачакаць і паглядзець. Білу тое заўжды падавалася благой філязофіяй. Чаго чакаць? На што глядзець? Але бацька быццам задаволены канчатковым вынікам, дык, магчыма, у тым ёсьць нейкая рацыя.

Лізі хрумстала печывам. — Дзівосна, — пракурняўкала яна. — А масла як шмат, самі паспрабуйце. — Яна вабіла да сабе, нібы дзіця. Як яе маці можа тага не заўважаць?

Біл перавёў погляд з адной на іншую. Ён спадзяваўся, яму не здалося, твар яе маці быццам трохі зьмякчэў.

— Самотнай жанчыне, Лізі, даволі цяжка жыць, — пачала яна.

— Але ты ж не самотная, матуля, ты можаш быць са ўсімі намі, з татам, і са мной, і з Джонам, і з Кейт.

— Не магу я мадзець у хацінцы накшталт гэтай, соўгацца цэльны дзень у чатырох сьценах, чакаючы, пакуль муж зьявіцца дахаты з заробкам. Да таго ж твой бацька часьцяком нёс заробак не дахаты, а на іпадром. Ён і ў Галуэйе дагэтуль таксама робіць.

— Ня варта табе было зьяжджаць.

— Мне трэ было зьехаць, інакш я б кагосьці забіла, яго, цябе, сябе. Часам бясьпечней зьехаць, глынуць хоць глыточак сьвежага паветру.

— Калі вы зьехалі? — нязмушана пацікавіўся Біл, быццам час у трамваі спытаў.

— А то ты ня ведаеш, ня чуў ва ўсіх падрабязнасьцях пра зласьлівую вядзьмарку, якая зьбегла, кінуўшы ўсіх?

— Не, ня ведаю, на самай справе. Я наогул да гэтага моманту ня ведаў, што вы зьбеглі. Я думаў, вы і спадар Даффі разьвіталіся па-сяброўскі, калі дзеці вырасьлі і разьляцеліся. Так у шматлікіх сем'ях бывае.

— Што ты маеш на ўвазе? Што ў сем'ях бывае? — Маці Лізі глядзела на яго падазрона.

— Ну, разумееце, я жыву разам з маці, бацькам і зь сястрой, якая ня вельмі здаровая. І, шчыра кажучы, ня вельмі ўяўляю, як гэта ня быць зь імі альбо паблізу ад іх. Таму я заўсёды лічыў, што ў Лізі вельмі вольная сям'я … і нават трохі зайздросьціў. — Біл гаварыў цалкам шчыра. Ніхто бы ня змог так прыкідвацца.

— Пагатоў, лахі пад пахі, да і сышоў, хто табе замінае — прапанавала маці Лізі.

— Пэўна, так, але я адчуваю, гэта бы мне цяжка далося.

— Але ў цябе ўсяго адно жыцьцё. — Зараз абодва яны не прымячалі Лізі.

— Так, сапраўды. Мяркую, будзь у мяне больш за адно жыцьцё, я бы не пачуваўся такім вінаватым.

Лізі паспрабавала вярнуцца ў гутарку. — Ты ніколі не пісала, ніколі не спрабавала падтрымліваць зносіны.

— Аб чым было пісаць, Лізі? Ты ня ведаеш маіх сяброў, я ня ведаю тваіх, ня ведаю сяброў Джона і Кейт. Я усё яшчэ люблю вас і жадаю для вас самага найлепшага, хоць мы і ня бачымся. — Яна спынілася, амаль зьдзіўленая сабою. Тым, што так шмат сказала.

Лізі была непахісная. — Ты нас ня любіш. Калі б ты нас любіла, ты бы сустракалася з намі. Ты бы не сьмяялася нада мной і над гэтым месцам, у якім я жыву, і ня кпіла б над думкай застацца са мной. Так бы не было, калі б ты нас сапраўды любіла.

— Думаю, спадарыня Даффі мела на ўвазе … — пачаў Біл.

— Далібог, кліч мяне Берні. — Біл так ашаломеў, што забыў, аб чым жадаў сказаць. — Ты гаварыў, я мела на ўвазе … Што я мела на ўвазе?