Выбрать главу

— Думаю, вы мелі на ўвазе, што Лізі вельмі шмат значыць для вас, але вы быццам бы трохі падаліліся. Што Вэст Корк ня так далёка адгэтуль … і што мінулая ноч была ня лепшым часам, каб застацца, бо ў вашага сябра Чэстэра мастацкая выстава і вам карцела прыехаць туды своечасова, аказаць яму маральную падтрымку. Так? — Ён паглядаў то на адну, то на іншую, на яго круглым твары пралёг турботны маршчак. Калі ласка, хай бы яна мела на ўвазе менавіта гэта, а ня тое, што яна зьбіралася даслаць за паліцыяй, альбо адмовіцца бачыцца зь Лізі да канца свайго жыцьця.

— Часткова так і ёсьць, — пагадзілася Берні. — Але толькі часткова.

І на тым дзякуй, уздыхнуў Біл. — А Лізі, мне падаецца, калі выкідала ключ, мела на ўвазе свой жах перад хуткацечнасьцю жыцьця, і жаданьне атрымаць шанец лепей пазнаць вас, паразмаўляць па душах, нагнаць выпушчаны час, ці так?

— Так, — Лізі энэргічна заківала.

— Але, Божа літасьцівы, як там цябе клічуць …

— Біл, — дапамог ён ёй.

— Так, добра, Біл. Нармалёвыя людзі так ня робяць. Заманіць мяне сюды, замкнуць тут …

— Я не заманьвала цябе. Я пазычыла ў Біла грошай на таксоўку для цябе. Я запрасіла цябе сюды, я набыла бісквіты, і бэкон, і курыную пячонку, і Шэрры. Я падрыхтавала мой ложак, каб ты магла паспаць тут. Занадта вялікае жаданьне?

— Але я не магла. — Зараз голас Берні Даффі гучаў мякчэй.

— Ты магла паабяцаць вярнуцца на наступны дзень. Але ты проста пасьмяялася. Я не магла гэтага вынесьці, а ты злавалася і злавалася, і казала жудасныя рэчы.

— Як гаварыць нармалёвыя рэчы, калі размаўляеш зь ненармалёвым чалавекам? Ты мяне літаральна шакавала, Лізі. Мне падалося, у цябе дах сьцяла. Сапраўды. Ты паводзіла сябе, як вар'ятка. Увесь час дзяўбла, што апошнія шэсьць гадоў была страчанай душой …

— Так яно і было.

— Табе было сямнаццаць, калі я сышла. Твой бацька жадаў забраць цябе ў Галуэй, ты адмовілася … Сьцьвярджала, што досыць сталая, каб жыць у Дубліне. Уладкавалася на працу ў хімчыстку. Я ж памятаю. У цябе былі ўласныя грошы. Тага ты жадала. Так ты казала.

— Я засталася, бо думала, ты вернесься.

— Вярнуся? Куды? Сюды?

— Не, вернесься дахаты. Тата яшчэ год не прадаваў хату, памятаеш?

— Памятаю, а потым усё да апошняга пэні паставіў на канёў, якія дагэтуль на ўсіх скачках у хвасьце прыходзяць.

— Чаму ты не вярнулася, матуля?

— А дзеля чаго мне было вяртацца? Твайго бацьку цікавіла толькі кніга запісаў ставак. Джон зьехаў у Швэйцарыю, Кейт падалася ў Нью-Ёрк, ты была занятая сваёй тусоўкай.

— Я чакала цябе, матуля.

— Не, хлусьня, Лізі. Ня трэба прыдумляць. Чаму ты не напісала і не распавяла мне, калі ўсё было так, як ты кажаш?

Памаўчаўшы, Лізі адказала: — Ты жадала ведаць толькі аб тым, як добра я бавлю час, вось я і распавядала табе толькі аб гэтым. У паштоўках, лістах. Я напісала табе, калі зьезьдзіла ў Грэцыю, і на выспу Крыт. Я не пісала табе аб тым, што жадаю, каб ты вярнулася, ад страху цябе раззлаваць.

— Мне б тое спадабалася значна больш за бандыцкі захоп і арышт…

— У Вэст Корке, дзе вы жывяце, прыгожа? — Біл перахапіў гутарку, дэманструючы вялікую ўвагу. — Гэтае месца заўсёды падавалася мне цудоўным, асабліва краявіды ўзьбярэжжа.

— Гэта асаблівае месца. Там пануе дух волі. Людзі, якія вярнуліся на зямлю. Людзі, якія малююць, робяць кераміку, выяўляюць сябе...

— І вы таксама займаецеся нейкай творчасьцю … э … Берні? — Ён так паходзіў на саву і так шчыра цікавіўся, што яна не змагла ўспрыняць гэта як абразу.

— Не, не я асабіста, але я заўсёды зацікаўлена ставілася і стаўлюся да творчых людзей і маляўнічых мясьцін. Я затыхаюся, калі мяне трымаюць у клетцы. У гэтым ўся справа …

Біл імкнуўся адцягнуць яе ад небясьпечнай тэмы. — У вас уласная хата альбо вы жывяце з Чэстэрам?

— Не, Божа барані, — яе сьмех, як і сьмех яе дачкі, нагадваў радасны перазвон бомкаў. — Не, Чэстэр — гей, ён жыве зь Віньні. Яны мае блізкія сябры. Жывуць у чатырох мілях ад мяне. У мяне ёсьць пакой, нешта накшталт студыі. Такая летняя прыбудова, без адмысловых выгод.

— Гучыць цудоўна. Недалёка ад мора?

— Так, вядома. Там усё побач з морам. Вельмі любасны будыначак. Я ў ім душы ня чую. За тыя шэсьць гадоў, што я там жыву, я зь яго зрабіла сапраўдную маленькую хатку.

— А дзе вы бярэце грошы на жыцьцё, Берні? Вы працуеце?

Маці Лізі зірнула на яго так, быццам ён пукнуў. — Прабач?

— Я маю на ўвазе, калі бацька Лізі не дае вам грошай, вам прыходзіцца зарабляць сабе на жыцьцё. Вось і ўсё, — растлумачыў ён без усялякай няёмкасьці.