— Гэта, матуля, таму, што ён працуе ў банку, — растлумачыла Лізі. — Зарабляць сабе на жыцьцё — ягоная манія.
Гэта ўжо занадта, раптам адчуў Біл. Ён сядзіць у гэтай хаце сярод ночы, імкнучыся пагадніць двух дурнаватых, а яны лічаць, што ён зь дзівацтвамі, бо ён мае сапраўдную працу, аплачвае свае рахункі і жыве па правілах. Дый годзе. Хай самі разьбіраюцца. Ён пойдзе дахаты. Назад, у сваю сумную хату, да сваёй маркотнай сям'і.
Ніколі яму не патрапіць у замежнае аддзяленьне банка, колькі б ён не вывучаў “як пажываеце”, “гожыя будынкі” і “чырвоныя гвазьдзікі”. Ня будзе ён больш спрабаваць дапамагчы людзям убачыць адно ў адным нешта добрае. Ён адчуў увогуле незнаёмае паторгваньне ў носу і ў вачах. Падаецца, ён вось-вось заплача.
Мусібыць, нешта адбілася на яго твары, абедзьве жанчыны адначасова зазначылі гэта.
— У мяне і ў думках не было сьмяяцца над тваім пытаньнем, — сказала маці Лізі. — Вядома, я зарабляю грошы. Трохі дапамагаю ў хаце, пры якой мая студыя. Ведаеш, прыбіраю, раблю лёгкую працу па гаспадарцы, калі ў іх вечарыны, дапамагаю з … ну, усё ўладкаваць. Мне падабаецца прасаваць, заўсёды падабалася, таму я яшчэ бяру ўсё іх прасаваньне, і ў выніку не плачу ім за жыльлё. І, вядома, гатоўкай яны мне таксама даюць трохі грошай.
Лізі недаверліва паглядзела на маці. Вось ён, багемны лад жыцьця, зносіны са знакамітымі і заможнымі людзьмі, з плэйбоямі і бліскучымі кампаніямі ўладальнікаў рэзыдэнцый на паўднёва-заходнім узьбярэжжы Ірляндыі. Яе маці працуе прыслугай.
Біл ужо зноў кантраляваў сябе. — Гэта, бадай, вельмі зручна, — адзначыў ён. - Так можна злучыць усё самае лепшае. Жыцьцё ў гожым месцы, незалежнасьць, ды і аб тым, што на стол паставіць, няма фатыгу.
Яе вочы пільна шукалі на ягоным твары сьляды сарказму, але нічога не зазначылі. — Вядома, — урэшце пацьвердзіла Берні Даффі. — Так і ёсьць.
Біл вырашыў, што яму трэба загаварыць перш як Лізі бразьне нешта, з-за чаго ўсё пачнецца спачатку. — Можа неяк, калі надвор'е добрае будзе, мы зь Лізі маглі бы прыехаць, наведаць вас там. Мы бы паехалі на аўтобусе, у Корке бы пераселі, — нецярпліва, па-блазенскі будаваў ён пляны.
— А вы удвух … я маю на ўвазе, вы хлопец Лізі?
— Так, мы плянуем ажаніцца, калі нам будзе па дваццаць пяць, праз два гады. Мы спадзяемся атрымаць працу ў Італіі, таму абодва вывучаем па вечарах італьянскі.
— Так, яна казала аб тым сярод іншай бяссэнсіцы.
— Што мы зьбіраемся пабрацца шлюбам? — узрадаваўся Біл.
— Не, што вы вывучаеце італьянскі. Я думала, яна трызьніць.
Мабыць, гэта ўжо сапраўды было занадта. Біл падняўся, нібы звычайны госьць, які памкнуўся сыходзіць у звычайны вечар. — Берні, як вы маглі зазначыць, зараз даволі позна. Аўтобусы ўжо ня ходзяць. Хоць вашых сяброў было бы складана адшукаць нават калі б яны хадзілі. Таму я прапаную вам застацца тут на ноч. Па ўласнай волі, вядома. З ключом у дзьвярах. Заўтра раніцай, калі абедзьве вы добранька адпачняце, вы і Лізі любасна і мірна разьвітаецеся, а я, пэўна, не пабачу вас да ад'езду. Але налецьце мы маглі бы прыехаць наведаць вас у Вэст Корке, калі дазволіце.
— Не сыходзь, — узмалілася Берні. — Толькі не сыходзь. Яна любасная і спакойная, пакуль ты тут, але ледзь ты апынесься за дзьвярыма, яна прымецца вярзьці лухту ды енчыць, што яе кінулі.
— Не-не. Нічога такога зараз ня будзе, — засьведчыў ён. — Лізі, не магла бы ты даць маці ключ? Зараз, Берні, ён у вас, і вы ведаеце, што здольны сысьці, калі вам заманецца.
— Як ты дабярэсься дахаты, Біл? — запытала Лізі.
Ён са зьдзіўленьнем паглядзеў на яе. Звычайна, калі ён сыходзіў сярод ночы, яна не задавала такіх пытаньняў. Яе ніколі не турбавала, што яму трэба пракрочыць тры мілі.
— Прайдуся, ноч сёньня цудоўная, зорная, — сказаў ён. Абедзьве жанчыны паглядзелі на яго. Ён адчуў неабходнасьць сказаць нешта яшчэ, унесьці ў заключны момант лагодную нотку. — На ўроку італьянскага ўчора ўвечар Сыньёра распавядала аб надвор'і, зараз я ведаю, як сказаць, што лета файнае. E stata una magnifica estate.
— Як цудоўна, — адгукнулася Лізі. — E stata una magnifica estate, — бездакорна паўтарыла яна.
— Гэй, ты ў момант схапіла, а нам усім прыйшлося паўтараць колькі разоў, — уразіўся Біл.
— Яна заўсёды адрозьнівалася выключнай памяцьцю, нават калі была маленькай дзяўчынкай. Досыць было раз нешта сказаць, і Элізабэт запамінала назаўжды. — Берні зь некаторым гонарам паглядзела на дачку.
Па дарозе дахаты Біл адчуў, як лёгка ў яго на сэрцы. Плойма перашкод, падаваўшыхся амаль неадольнымі, апынуліся куды меней значнымі. Яму больш ня варта баяцца нейкай шыкоўнай маці з Вэст Корку, якая палічыць сьціплага банкаўскага клерка зьневажальнай партыяй для сваёй дачкі. Ніякага амбарасу наконт таго, што ён занадта сумны і някемлівы для Лізі. Ёй патрэбны бясьпека, каханьне, стабільнасьць і ён можа даць ёй усё гэта. Вядома, наперадзе ў іх заставаліся цяжкасьці. Лізі нялёгка дасца жыцьцё ў межах бюджэту. Яна ніколі ня зьменіцца ў сваім імкненьні марнатравіць бязь меры і неадкладна атрымоўваць жаданую рэч. Усё што яму застаецца рабіць — спрабаваць утрымаць яе ў слушных памежжах. І ўпэўніць працаваць. Магчыма, калі яе ашаламляльная маці сапраўды зарабляе сабе на жыцьцё прыборкамі ды прасаваньнем у чужых людзей, дамаганьняў у Лізі паменее.