Адносіны могуць зьмяніцца.
Можна нават калісьці зьезьдзіць у Галуэй, наведаць яе бацьку. Даць ёй магчымасьць адчуць сябе часткай яе сям'і, чаго яна так прагне, і на што ня сьмее прэтэндаваць. І зразумець, што хутка яна стане часткай яго сям'і.
Біл Бурк шыбаваў скрозь ноч, тым часам як іншыя людзі ехалі на машынах альбо клікалі таксоўкі. Ён не зайздросьціў нікому зь іх. Ён шчасьлівы чалавек. Усё надзвычай добра. У яго ёсьць людзі, якім ён патрэбен. І людзі, якія залежаць ад яго. І гэта цудоўна. Такі ўжо ён чалавек. Магчыма, праз гады ягоны сын будзе спачуваць яму, шкадаваць яго, як Біл шкадаваў уласнага бацьку. Але гэта ня будзе мець значэньня, а будзе толькі сьведчыць, што хлопчык сёе-тое пакуль не разумее. Вось і ўсё.
КЭЦІ
Кэці Кларк лічылася адной з самых старанных вучаніц у Выгляд-На-Гару. Яна засяроджана хмурылася ў клясе, ва ўсім імкнулася разабрацца, сумнявалася і задавала пытаньні. У настаўніцкай часьцяком лагодна пасьмейваліся над ёй. «Касіць пад Кэці Кларк» значыла ўзорыцца на дошку, намагаючыся зразумець, што ж там напісана.
Высокая вуглаватая дзяўчынка. Форменная школьная спадніца зьлёгку задоўгая. Ні праколатых вушэй, ні танных аздоб, як у аднаклясьніц. Не занадта цямлівая, але старанная. Нават залішне старанная.
Кожны год у школе праходзілі сустрэчы настаўнікаў з бацькамі. Ніхто ніколі толкам ня памятаў, хто прыходзіў пагаварыць аб Кэці.
— Яе бацька водаправодчык, — аднойчы распавёў Эйдан Данн. — Ён прыйшоў і ўпарадкаваў школьную сантэхніку, усё зрабіў выдатна, але, вядома, узяў гатоўкай. Нават абмяркоўваць гэта не жадаў … ледзь не сышоў, калі чэкавую кніжку пабачыў.
— Памятаю, яе маці за ўсю гутарку цыгарэту з роту ня выняла, — дадала Хэлін, настаўніца ірляндзкай. — Толькі і казала, што лепш за ўсё для дачкі зарабляць на жыцьцё навучыцца.
— Яны ўсе так кажуць, — Тоні А’Брайн, ізноў абраны Дырэктар, зьмірыўся з тым. — Ня варта чакаць ад гэных людзей разваг аб максымальным разьвіцьці інтэлектуальных здольнасьцяў іх дзіцяці ў працэсе навучаньня.
— Яшчэ яе старэйшая сястра прыходзіць, — узгадаў хтосьці. — Працуе мэнэджэрам у супэрмаркеце. Бадай, яна адзіная, каго цікавіць небарака Кэці.
— Госпаду, што ж будзе за жыцьцё, калі мы пачнем турбавацца толькі аб тым, каб яны працавалі да страты сіл і мацней хмурыліся, спрабуючы засяродзіцца, — уздыхнуў Тоні А’Брайн, на чый стол зараз, на новай пасадзе, штодня ўзгрувашчваліся цяжкія праблемы. І ня толькі на стол.
У яго жыцьці, у якім жанчыны безупыннымі ланцугамі зьмянялі адна адну, не знайшлося той, зь якой ён пажадаў бы зьвязаць лёс. І вось зараз, калі тое нарэшце здарылася і ён сустрэў сваю адзіную, усё па-чартоўскі заблыталася. Яна апынулася дачкой бедачыны Эйдана Данна, які разьлічваў стаць Дырэктарам. Поўнай адсутнасьцю паразуменьня і заблытанасьцю сытуацыя нагадвала Віктарыянскую мэлядраму.
Зараз юная Гранія Данн не жадае бачыць яго, лічыць, што ён зьняважыў яе бацьку. Нічога такога і блізка не было, але дзяўчынка ў тым ўпэўненая. Ён падаў вырашаць ёй, сказаўшы, што ўпершыню ў жыцьці ня будзе ні з кім сустракацца, пакуль яна ня вернецца да яго. Ён дасылаў ёй жартаўлівыя паштоўкі, імкнучыся паведаміць, што па-ранейшаму чакае яе, але яны заставаліся без адказу. Магчыма, дагэтуль спадзявацца — поўнае глупства. Ён ведаў, як шмат у моры іншай рыбы, і ніколі ў жыцьці недахопу ў тых рыбках не выпрабоўваў.
Але чамусьці ніхто ня мог зацямніць гэтую яскраваю нецярплівую дзяўчынку з жвавымі вачыма і хуткімі, энэргічнымі рухамі, побач зь якой ён зноў пачуваўся маладым. Ён не лічыў, што занадта стары для яе, ва ўсялякім разе, уначы, калі яна засталася. Той ноччу, пасьля якой ён даведаўся, хто яна, даведаўся, што яе бацька разьлічвае на працу, шанец атрымаць якую быў ў яго нулявы.
Тоні А’Брайн і ў галаве ня меў, што, стаўшы Дырэктарам Выгляд-На-Гару, будзе весьці пустэльніцкую, амаль манаскую выяву жыцьця. Ён рана клаўся, менш хадзіў па клюбах, менш піў. Ён нават імкнуўся кінуць паліць на выпадак яе вяртаньня. Прынамсі, па раніцах ён зараз не паліў. Тоні больш ня мацаў пачак яшчэ лежачы ў ложку, не расплюшчыўшы вочы. Першую зацяжку зараз атрымлівалася адкласьці да перапынку і зрабіць у сябе ў кабінэце, за кубачкам кавы. Немалое дасягненьне. Добра было б паслаць ёй паштоўку з малюнкам цыгарэты і надпісам «Ужо не палю», але яна можа падумаць, што ён наогул кінуў паліць, а да тага пакуль далёка. Якая бздура, да чаго моцна пануе яна ў яго думках.