Ён ніколі не ўяўляў сабе, наколькі вымотвае кіраўніцтва школай накшталт Выгляд-На-Гару. Нават такіх двух рэчаў з усяго, скуліўшага на яго плечы, як сустрэчы настаўнікаў з бацькамі і Адчыненыя Вечары было досыць, каб прымусіць яго скубці пер’е.
Некаторы час ён разважаў аб тым, што чакае ў гэтым сьвеце Кэці Кларк. Яна скончыць школу, знойдзе нейкую працу; магчыма, сястра здолее дапамагчы ёй уладкавацца ў супэрмаркет. Ёй ніколі не атрымаць вышэйшай адукацыі. Бракуе падрыхтоўкі, бракуе мазгоў. Але дзяўчынка гэнта вытрывае.
Ніхто зь іх ня ведаў, як жыве сям'я Кэці Кларк. Задумаўшыся над тым, яны бы маглі ўявіць сабе адну з тых хат у вялізным, няўтульным раёне, у якіх зашмат тэлевізара і фастфуду і замала цішыні і супакою, зашмат дзяцей і бракуе грошай. Нягеглая, але звычайная карціна. Адкуль ім было ведаць, што ў пакоі Кэці ёсьць убудаваны сакрэтнік і невялікая бібліятэка. Што яе старэйшая сястра Фрэн сядзіць там кожны вечар, пакуль ня зроблены ўрокі. Што ўзімку ў дзеўчынам пакоі ўключаны газавы абагравальнік са зьменнымі газавымі балёнамі, набыты Фрэн на распродажы ў супэрмаркеце.
Бацькоў Кэці дзівіла такая экстравагантнасьць. Усе астатнія дзеці рабілі свае ўрокі за кухенным сталом. Чым кепска? Але на думку Фрэн гэта было нікуды ня варта. Сама яна пакінула школу ў пятнаццаць гадоў без усялякай спэцыяльнасьці, ёй запатрабаваліся гады, каб дамагчыся свайго цяперашняга становішча. Вялізныя прабелы ў яе адукацыі адбіваліся дагэтуль. Браты ледзь наскрэбвалі сабе на жыцьцё. Двое працавалі ў Англіі, а адзін калясіў з попгуртом. Фрэн, здаецца, лічыла сваім абавязкам дапамагчы Кэці дамагчыся большага, як усе яны.
Часам Кэці адчувала, што расчароўвае сястру. — Ты ж бачыш, Фрэн, я насамрэч ня вельмі здольная. Мне ўсё ня так лёгка даецца, як іншым у нас у клясе. Ты вось не дасі веры, як хутка цяміць Хэррыет.
— Ну, у яе ж бацька настаўнік, што ж ёй ня быць здольнай, — пырхала Фрэн.
— Так, Фрэн, вось я і кажу. Ты такая добрая да мяне. Замест таго каб пайсьці патанчыць, марнуеш час на мае ўрокі. Я так баюся праваліць іспыты, бо табе ж крыўдна будзе пасьля ўсіх тваіх намаганьняў.
— Не жадаю я ісьці на танцы, — звыкла ўздыхала Фрэн.
— Але ты ж яшчэ досыць маладая, каб пайсьці на дыскатэку? — Кэці было шаснаццаць, паскрэбак ў сям'і, Фрэн трыццаць два, найстарэйшая. Ёй бы ўжо належала быць замужам, мець сваю хату, як ва ўсіх яе сяброў, і ўсё ж Кэці ніколі не хацелася, каб Фрэн ад іх зьехала. Безь яе хату немагчыма сабе ўявіць. Іх маці плойму часу бавіць ў горадзе, у яе так званыя справы. Насамрэч тырчыць ля гульнявых аўтаматаў.
Калі б ня Фрэн, у хаце аб камфорту бадай і прамовы бы не ішло. Узяць хоць бы памяранцавы сок на сьняданак, гарачую ежу на вячэру. Менавіта Фрэн купляе Кэці школьную форму, вучыць ваксаваць чаравікі і праць штовечар кашулю і бялізну. У сваёй маці яна бы анічому такому ня здолела навучыцца.
Фрэн заўжды тлумачыла ёй, што да чаму. Фрэн набыла ёй першы пакунак Тампаксу. Фрэн раіла ёй дачакацца, пакуль яна не сустрэне кагосьці, хто ёй сапраўды спадабаецца, каб заняцца зь ім сэксам, а ня класьціся ў ложак з кім патрапіла проста ад нецярпеньня.
— А ты чакала кагосьці, хто табе сапраўды спадабаецца, каб заняцца зь ім гэтым? — зь цікавасьцю спытала чатырнаццацігадовая Кэці.
Але Фрэн мела адказ і на гэтае пытаньне. — Я лічу, аб такіх рэчах лепш не распавядаць. Разумееш, калі пачынаеш аб тым гаварыць, зьнікае ўсё чараўніцтва.
Фрэн хадзіла зь ёй у тэатар, на паказы ў Абацтве, Браме і Праекце. Яна шпацыравала зь ёй уздоўж вуліцы Грэфтан і вадзіла ў фэшэнэбэльныя крамачкі. — Мы павінны навучыцца рабіць усё гэта натуральна, — упэўнівала Фрэн. — Увесь фокус у тым, што мы не павінны выглядаць запалоханымі і прабачлівымі, быццам ня маем правы тут быць.
Ніколі сястра ня чула ад Фрэн ні словы пагарды адносна іх бацькоў. Часам Кэці абуралася: — Маці не шануе твае падарункі, Фрэн. Ты набыла ёй такую цудоўную новенечку печку, а яна ў ёй дагэтуль нічога не прыгатавала.
— Ды што ты, яна шануе, — адказвала Фрэн.
— Тата ніколі не падзякуе цябе, калі ты прыносіш яму з супэрмаркета піва. Сам ён ніколі для цябе нічога не прыносіць.