Выбрать главу

— Гэта не таму, што ён дрэнны. Ня вельмі весела жыць, штодзённа соўгаючы, скрукаваўшыся, галаву пад трубы.

— Ты выйдзеш замуж, як ты думаеш? — аднойчы з трывогай запытала Кэці.

— Пачакаю, пакуль ты вырасьцеш, пасьля аб тым падумаю, — разрагаталася Фрэн.

— А ты ня будзеш тады занадта старой?

— Ані. Калі табе споўніцца дваццаць, мне будзе толькі трыццаць шэсьць, самы росквіт, — упэўніла яе сястра.

— Мне падавалася, ты выйдзеш за Кена.

— Ну а я ня выйшла. А ён зьехаў у Амэрыку, дык зараз ён па-за гульнёй.

Кен, вельмі энэргічны малады чалавек, таксама працаваў у супэрмаркеце. На меркаваньне маці і таты яны з Фрэн ідэальна падыходзілі адно аднаму. Кэці ж адчула відавочнае палягчэньне, калі Кен выйшаў з гульні.

Бацька Кэці ня мог пайсьці на летнюю настаўніцка-бацькоўскую сустрэчу. Ён сказаў, што павінен у гэты вечар працаваць да ночы.

— Калі ласка, тат. Ну калі ласка! Настаўнікі чакаюць, што прыйдзе хтосьці з бацькоў. Маці ня пойдзе, яна ніколі ня ходзіць, а табе ня прыйдзецца там нічога рабіць, толькі слухай і гавары ім, што ўсё выдатна.

— Божачка, Кэці, ненавіджу я хадзіць у школу, мяне гэтае месца выводзіць зь сябе.

— Але тат, я ж нічога благога не рабіла, ніхто ня будзе на мяне лаяцца, я проста жадаю, каб яны думалі, што вы мной цікавіцеся.

— Мы цікавімся, цікавімся, дзетка … але твая маці гэтыя дні не ў сваёй талерцы, ад яе там ніякай карысьці ня будзе, і ты ж ведаеш, як яны ставяцца да таго, каб там палілі, яе яшчэ і гэта спыняе … можа, Фрэн зноўку сходзіць. Усё роўна яна лепш ва ўсім разьбярэцца.

Такім чынам, менавіта Фрэн пайшла і паразмаўляла аб сваёй малодшай сястрычцы са стомленымі настаўнікамі, якія праводзілі даверныя сустрэчы з суцэльным легіёнам бацькоў, даючы ім рашучыя рады і перасьцерагаючы.

— Яна занадта сур'ёзная, — казалі яны Фрэн. — Занадта імкнецца. Мабыць, будзь яна менш напружаная, ёй бы лягчэй давалася вучоба.

— Яна вельмі зацікаўлена ставіцца да вучобы, сапраўды зацікаўлена, — пярэчыла Фрэн. — Я сяджу зь ёй, калі яна робіць урокі, яна ніколі ня б'е лынды.

— Яна, мабыць, ніколі не гуляе ні ў якія гульні? — новы Дырэктар трымаўся вельмі ласкава. Падавалася, ён мае аб дзецях смутнае паданьне і гаворыць аб іх вельмі нявызначана. Фрэн так і не зразумела, памятае ён іх, ці робіць меркаваньні наўгад.

— Не, разумееце, яна не жадае адцягваць час ад вучобы.

— А магчыма, варта было б. — Ён вымавіў гэта рэзка, але лагодна.

— Лепей бы ёй кінуць латынь, — выказаў свой погляд прыемны спадар Данн.

У Фрэн звалілася сэрца. — Але, спадар Данн, яна так імкнецца. Я сама ніколі латынь не вывучала, і спрабую разам зь ёй разьбірацца па падручніку. Яна па некалькі гадзін займаецца.

— Але вы ж бачыце, у яе нічога не атрымліваецца. — Бедны спадар Данн штосілы імкнуўся не пакрыўдзіць яе.

— Мабыць, ўзяць для яе пару дадатковых урокаў? Для яе было б файна мець латынь у Атэстаце. Гэты прадмет патрэбен усюды, куды яна магла бы пайсьці.

— У яе няма ніякіх шанцаў на Ўнівэрсытэт, — ён спрабаваў трохі спусьціць яе на зямлю.

— Але яна паступіць. Ніхто з нас нічога не дамогся, яна павінна атрымаць шанец у жыцьці.

— У вас у самой вельмі добрая праца, пані Кларк. Я вас бачу, калі захаджу ў супэрмаркет. Ці не маглі б вы ўладкаваць Кэці туды?

— Кэці ніколі ня будзе працаваць у супэрмаркеце, — вочы Фрэн гнеўна бліснулі.

— Выбачайце, — спакойна хітнуў ён.

— Не, гэта вы мне даруйце, вельмі ласкава з вашага боку так клапаціцца аб ёй. Выбачайце мяне, калі ласка, за мой крык. Але парайце мне, што было бы для яе лепей за ўсё.

— Ёй бы варта заняцца чымсьці, што ёй да спадобы. Чымсьці, што яе не занадта напружвала бы, — адказаў спадар Данн. — Як наконт музычных прылад, яна выяўляе нейкую цікавасьць да іх?

— Не, — пакруціла галавой Фрэн. — Нічога такога. Нам усім мядзьведзь вуха адтаптаў, нават таму брату, які працуе ў попгурце.

— А маляваньне?

— Мне цяжка судзіць, але бадай і гэнта ёй зь вялікай напругай даецца. — З гэтым добрым чалавекам, спадаром Даннам, вельмі лёгка размаўляць. Яму, хутчэй за ўсё, досыць цяжка паведамляць бацькам і сваякам, што ў дзіцяці бракуе здольнасьцяў для трэцяга узроўня навучаньня. Яго ўласныя дзеці напэўна вучыліся ва ўнівэрсытэце, і ён бы жадаў, каб у іншых таксама меўся такі шанец. І як ласкава зь яго боку турбавацца, каб небарака Кэці была шчасьлівай і больш адпачывала. Ёй так ніякавата, што яна прымае ў багнеты ўсе ягоныя прапановы. Ён прагне лепшага. Трэба жалезнага бобу зьесьці, каб працаваць настаўнікам.