Выбрать главу

Эйдан зірнуў на тонкі, прыгожы твар маладзіцы, якая выяўляла значна большую зацікаўленасьць да сваёй сястры, чым іншыя бацькі. Яму агідна было ставіць на дзіцяці таўро безнадзейнасьці і ён, шчыра кажучы, пачуваўся вінаватым. Будзь школа паменш, альбо ўмовы лепш, бібліятэка паболей, дадатковыя заняткі дасяжны, магчыма, у іх бы было значна менш няцямлівых вучняў. Ён абмяркоўваў гэта з Сыньёрай, калі яны займаліся падрыхтоўкай курсаў італьянскай мовы. На яе меркаваньне, шмат залежыць ад чаканьняў чалавека. Патрэбна больш за адно адукаванае пакаленьне, каб людзі спынілі лічыць, што ў іх на шляху непераадольныя перашкоды і забароны.

У Італіі яна сутыкалася з тым жа. Яна назірала, як выхоўваюць дзяцей гаспадар гасьцініцы і ягоная жонка. У беднай вёсачцы ніхто і ня марыў, каб дзеці з маленечкай мясцовай школы дасягнулі большага, як іх бацькі. Яе прасілі вучыць іх ангельскаму толькі дзеля таго, каб яны здолелі павітаць турыстаў і пачаць працаваць пакаёўкамі або стольнікамі. Яна ж жадала для іх значна большага. Сыньёра разумела, чаго прагне Эйдан для насельнікаў навакольляў школы Выгляд-На-Гару.

Зь ёй так лёгка размаўляць. Яны выпілі безьліч кавы, плянуючы вечаровыя клясы. Яна не надакучвала, не задавала пытаньняў аб яго хаце і сям'і, распавядала сёе-тое аб уласным жыцьці ў хаце Джэры Селівана. Ён нават распавёў ёй аб кабінэце, што ўладкоўваў для сябе.

— Мяне ня вельмі вабіць усякага кшталту ўласнасьць, — сказала Сыньёра, — але прыгожы ціхі пакой у які праз шыбу льецца мяккае сьвятло, са сталом з добрага дрэва, са ўсімі вашымі ўспамінамі, з кнігамі, з малюнкамі на сьценах … гэта сапраўды павінна быць вельмі прыемна. — Яна мовіла так, быццам была цыганкай альбо качэўніцай, якая і ня марыць аб чымсьці гэтулькі файным, але высока шануе такое суцяшэньне для іншых.

Ён распавядзе ёй аб гэтай Кэці Кларк, дзяўчынцы з турботным тварам, якая так імкнецца, бо сястра лічыць яе разумнай і шмат што ад яе чакае. Мабыць, Сыньёра, як ужо колькі разоў адбывалася, знойдзе якое выйсьце.

Але ён прымусіў сябе перапыніць разважаньні аб прыемных гутарках зь ёй і вярнуцца да рэчаіснасьці. Наперадзе ў яго доўгі вечар. — Упэўнены, вы нешта прыдумаеце, пані Кларк. — Спадар Данн паглядзеў на чаргу бацькоў, зь якімі ён яшчэ павінен быў паразмаўляць.

— Я вам вельмі ўдзячная за ўсё, — падавалася, Фрэн кажа шчыра. — Вы гэтулькі часу і сіл аддаяце дзецям. У тыя гады, калі я вучылася ў школе, так не было, а можа, я проста шукаю сабе апраўданьне. — Які сур'ёзны бледны твар. Юнай Кэці Кларк пашанцавала, у яе такая ўважлівая сястра.

Фрэн рушыла да аўтобуснага прыпынку, засунуўшы рукі ў кішэні і ўнурыўшы галаву. Па дарозе да выхаду ёй мусіла абмінуць прыбудову, і яна зазначыла аб'яву аб курсах італьянскага, што пачнуцца ў верасьні. Курсы абяцалі знаёмства з калярытам, жывапісам, музыкай і мовай Італіі. Гучала павабна. Фрэн задумалася, можа, нешта накшталт тага ім і патрэбна. Але занадта дорага. У яе гэтулькі выдаткаў. Вельмі цяжка заплаціць за цэлы сэмэстар наперад. Да таго ж Кэці, хутчэй за ўсё, паставіцца да курсаў залішне сур'ёзна, як яна ставіцца да ўсяго. Тады гэта не дапаможа, толькі пагоршыць праблему. Не, прыйдзецца прыдумаць штосьці яшчэ. Уздыхнуўшы, Фрэн закрочыла да прыпынку.

Там яна напаткала Пэгі Селіван, адну з касірак супэрмаркета. — Гэтыя зборы проста гады жыцьця адымаюць, ну хіба не? — паскардзілася спадарыня Селіван.

— Так, але гэта ўсё ж лепей за тое, што было ў нашай юнацкасьці, калі ніхто паняцьця ня меў, дзе мы бавім палову часу. Як у вашага меншага справы? — Фрэн, як мэнэджэру, належала ведаць аб супрацоўніках як мага больш. Яна памятала, што ў Пэгі двое дзяцей, і з абодвума амбарасу хапае. Сталая дачка, якая ня ладзіць з бацькам, і хлапчук, якога не прымусіш падручнік ў рукі ўзяць.

— Ведаеце, Джэры тага прызнаваць не жадае, але ён відавочна посьпехі робіць. Яны ўсе так кажуць. Ён зноўку на чалавека падобны робіцца, як адзін там сказаў.

— Добрыя навіны.

— Ну, гэта ўсё дзякуючы той звар'яцелай, якая ў нас жыве. Нікому ні словы, спадарыня Кларк, але мы кватарантку ўзялі, напалову італьянка яна, напалову ірляндка. Гаворыць, што была замужам у Італіі, і што ён памёр, але гэта ўсё хлусьня. Падаецца, яна манашка пераапранутая. Ну ды ўсё роўна, галоўнае, яна Джэры зацікавілася і проста іншым чалавекам яго зрабіла, хто бы нават уявіў. — Пэгі Селіван распавяла, што Джэры не разумеў, што паэзія можа мець нейкі сэнс, пакуль Сыньёра ў іх у хаце не зьявілася і не растлумачыла яму гэта. Тут ўсё і зьмянілася. Настаўнік ангельскага зараз ім не нахваліцца. Яшчэ не разумеў ён, што гісторыя — гэта тое, што насамрэч здарылася, а зараз разумее, па-іншаму зусім ставіцца.