Фрэн сумна ўзгадала, што яе Кэці, якой яна надае гэтулькі ўвагі, не разумее, што латынь — мова, на якой размаўлялі людзі. Магчыма, гэтая Сыньёра здолела бы дастукацца і да яе. — Чым яна зарабляе, ваша кватарантка? — спытала яна.
— Ат, каб тое высьветліць, спатрэбілася б цэльнае войска дэтэктываў. Трохі шые, трохі працуе ў лякарні, я ўпэўненая. Але яна зьбіраецца весьці італьянскі кляс тут, у школе, у наступным сэмэстры. І як яна з гэтым носіцца. Можна ўявіць, Чэмпіянат Сьвету выйграла, а ўсіх спраў — песенькі італьянскія сьпяваць. Цэльнае лета да гэнтых курсаў рыхтавалася. Наймілая жанчына ў сьвеце, але дурнаватая, кажу вам, дурнаватая.
Фрэн адразу ж прыняла рашэньне. Яна павінна запісацца на тыя курсы. Яны з Кэці будуць хадзіць туды кожны аўторак і чацьвер, яны будуць вывучаць гэты італьянскі, трасца яго бяры, вось што яны будуць рабіць, і будуць атрымліваць асалоду ад гэтага з той звар'яцелай, якая сьпявае песенькі і так дбайна рыхтуецца да заняткаў. Можа, нэрвовая, напружаная небарака Кэці трохі паслабіцца, і, як ведаць, раптам гэта дапаможа Фрэн забыць аб Кене, які безь яе зьехаў у Амэрыку.
— Яны назвалі Кэці выдатнай дзяўчынкай, — з гонарам паведаміла Фрэн у кухні, за сталом.
Яе маці, прыгнечаная пасьля адчувальных страт на аўтаматах, намаглася намаляваць запал. — Чаму ж ім так не сказаць? Яна і ёсьць выдатная дзяўчынка.
— Дрэннага нічога пра мяне не гаварылі? — спытала Кэці.
— Не, нічога. Сказалі, што ў цябе выдатныя хатнія працы, і што вучыць цябе адна любата. Вось як!
— Я бы з задавальненьнем пабыў там, дзетка, я проста не разьлічваў, што вызвалюся своечасова. — Кэці і Фрэн даравалі свайму бацьку. Зараз гэта ня мела значэньня.
— У мяне да цябе выдатная прапанова, Кэці. Мы будзем вывучаць італьянскі. Ты і я.
Нават прапануй яна паляцець на месяц, сям'я Кларкаў ці наўрад зьдзівілася больш.
Кэці счырванела ад задавальненьня. — Мы ўдзьвюх?
— Чаму не? Мне заўсёды карцела паехаць у Італію, а калі я буду ведаць мову, мае шанцы падчапіць італьянскага хлопца будуць куды вышэй!
— А я здолею?
— Вядома. Гэта таўкачке накшталт мяне, якая нічога запомніць ня ў стане, прутка прыйдзецца. А ты будзеш лепш за ўсіх у клясе. Але там павінна быць прышпільна. Гэтая жанчына, настаўніца, зьбіраецца прайграваць нам опэры, паказваць карціны, частаваць італьянскай ежай. Будзе файна.
— А гэта ня вельмі дорага, а, Фрэн?
— Не, ня вельмі. Паглядзі, колькі нам там усяго дадуць, — засьведчыла яе Фрэн, разважаючы, ці не губляе яна сама глузд, кідаючыся такімі заявамі.
За лета Кен абгрунтаваўся ў маленькім гарадку ў штаце Нью-Ёрк. Ён зноўку напісаў Фрэн. — Я кахаю цябе, я заўсёды буду цябе кахаць. Я разумею наконт Кэці, але ці ня можаш ты ўсё ж прыехаць сюды? Мы бы здолелі браць яе на вакацыі, тады ты бы займалася зь ёй. Калі ласка, згаджайся, перш як я атрымаю маленькую службовую кватэрку для сябе аднаго. Пагадзіся, і нам дадуць невялічкую хатку. Ёй шаснаццаць, Фрэн, я не магу чакаць цябе яшчэ чатыры гады.
Яна нагаласілася, чытаючы ліст, але не магла зараз пакінуць Кэці. Фрэн марыла ўбачыць, як аднаго з Кларкаў прымуць ва ўнівэрсытэт. Праўда, Кен прапаноўваў пачакаць, пакуль народзяцца іх дзеці і тады ўжо зьдзяйсьняць гэты плян, даць ім іх шанец у жыцьці, але Кен не разумеў. Яна гэтулькі ўклала ў Кэці. Дзяўчынка зорак зь неба не хапае, але яна не дурная. Раз яна нарадзілася ў здаровых бацькоў, у яе ёсьць усё, што ёй трэба. Яна зойме сваё месца ва ўнівэрсытэце проста таму, што ў яе досыць часу, у хаце ёсьць кнігі, родныя даюць ёй веры. Фрэн прымушала саму Кэці паверыць у сябе. Яна не магла зараз зьехаць і пакінуць яе з маці, якая ня бачыць нічога, акрамя гульнявых аўтаматаў, і бацькам, які ва ўсім нядрэнна кеміць, але ня здольны зазірнуць далей найблізкага заробку гатоўкай і тых малалікіх немудрагелістых задавальненьняў, што патрэбныя яму ад жыцьця.
Кэці безь яе прападзе.
Лета выдалася цёплым і ў Ірляндыю зьехалася значна болей турыстаў, як звычайна. Супэрмаркет прапаноўваў адмысловыя абеды для пікнікоў, якія людзі маглі браць з сабою ў парк. Ідэя прыналежала Фрэн, наборы карысталіся вялікім попытам.
Спадар Бурк з каўбаснага аддзелу хістаўся. — Я, вядома, ня ўпэўнены, спадарыня Кларк, але сумняваюся, што гэта добрая ідэя: пячы скрылікі бэкону і халоднымі класьці іх у канапкі. Чаму бы не рабіць іх з выдатнай нішчымнай ялавічынай, як мы паступалі заўжды?
— Такія густы зараз, спадар Бурк. Людзям падабаецца хрумсткі бэкон. Вось пабачыце, калі мы будзем трымаць гэтыя цудоўныя кавалачкі напагатове цёплымі і запаўняць канапкі па меры неабходнасьці, абяцаю вам, яны будуць прагнуць яшчэ і яшчэ.