— Але няхай я нарэжу бэкон, яго падсмажаць, а лусьцікі ніхто ня купіць, што тады, пані Кларк? — Гэты цудоўны чалавек заўсёды імкнуўся зрабіць усё як мага лепш, але вельмі палохаўся навізны.
— Зладзім трохтыднёвае выпрабаваньне, спадар Бурк, і паглядзім.
Яна мела рацыю. Пакупнікі зьляталіся на незвычайныя канапкі. Яны, вядома, гублялі на іх грошы, але гэта ня мела значэньня; раз ужо людзі прыйшлі ў супэрмаркет, па дарозе да касы яны абавязкова зробяць і іншыя пакупкі.
Яна звадзіла Кэці у Музэй Сучаснага Мастацтва, а ў яе выходны яны зьезьдзілі на трохгадзінную аўтобусную экскурсію па Дубліне. Проста дзеля таго, каб ведаць, дзе мы жывем, сказала Фрэн. Ім спадабаліся два Пратэстанцкіх Кафэдральных Сабора, у якіх яны ніколі не былі. Яны аб'ехалі Парк Фэнікс, з гонарам разглядаючы Грыгарыянскія дзьверы і мазаічныя вокны, што ім паказвалі.
— Уяві толькі, мы адзіныя ірляндцы ў аўтобусе, — шапнула Кэці. — Больш нашых няма, усе астатнія прыежджыя.
Спакваля Фрэн зрабіла так, каб яе шаснаццацігадовая сястрычка атрымала любасную жоўтую сукенку і пастрыглася. К канцу лета яна загарэла і папрыгажэла, у вачах зьнік загнаны выраз.
У Кэці хапала сябровак, але сярод іх не было сябровак блізкіх, адданых, як у самой Фрэн у маладосьці. Цэльную вечнасьць таму. Некаторыя з тых сябровак па суботах хадзілі на тлумную дыскатэку, аб якой часта распавядала моладзь у яе на працы.
Яна ведала досыць, каб разумець: ня ўсё у тым месцы добра, вольна цыркулююць наркотыкі. А першай гадзіне яна заўсёды была там, каб забраць сястру. У некаторыя з гэтых субот яна прасіла Бары, аднаго з маладых супэрмаркетаўскіх кіроўцаў, захапіць яе, а потым адвезьці ад дыскатэкі да хаты. Ён лічыў гэтае месца ня самым прыдатным для маладой дзяўчынкі.
— Што ж мне рабіць, — сьцепала плячыма Фрэн. — Забароніш ёй хадзіць, яна будзе крыўдзіцца. Маё шанцаваньне, што ты адшукваеш магчымасьць падвезьці нас дахаты. — Бары быў выдатным малым, памяшаным на звышвызначаных, бо марыў абзавесьціся матацыклам. Ён паведаміў, што назапасіў ужо траціну кошту. Калі ў яго будзе палова, ён пойдзе яго выбіраць, а калі зьбярэ дзьве траціны, купіць, астатняе выплаціць у растэрміноўку.
— Для чаго ён табе патрэбен, Бары? — спытала Фрэн.
— Пачуцьцё волі, спадарыня Кларк. Разумееце, воля, напор паветра, усё такое.
Фрэн адчула сябе жудасна старой.
— Мы зь сястрой зьбіраемся вывучаць італьянскі, — сказала яна яму неяк уначы, калі яны, чакаючы Кэці ля дыскатэкі, усебакова абмеркавалі набліжэньне яго матацыклетнай будучыні.
— Вох ты, файна, спадарыня Кларк. Я бы таксама жадаў. Я езьдзіў у Рым на Чэмпіянат Сьвету, з такімі хлопцамі там пасябраваў, выдатныя хлопцы. Было б тады нармалёвае надвор'е, спадарыня Кларк, мы бы ўжо пагулялі.
— Тады, магчыма, табе таксама варта вывучаць італьянскі, — безуважліва адзначыла яна. Яе ўвагу прыцягнулі асобы вельмі сумнеўнага выгляду, якія пакідалі дыскатэку. Чаму Кэці і яе сяброўкі сюды ходзяць? Цяжка ўявіць, каб ёй у шаснаццаць гадоў дазволілі пайсьці ў такое месца.
— Не пашкодзіла б. Бо калі я набуду матацыкл, першае месца, куды я зьбіраюся дзерануць, гэта Італія, — сказаў Бары.
— Што ж, курсы ў школе Выгляд-На-Гару, заняткі пачнуцца ў верасьні, — ёй ужо было не да тага, нарэшце вышлі Кэці, Хэррыет і іх сяброўкі. Яна дацягнулася да руля і пасыгналіла. Яны тут жа азірнуліся. Штосуботнія паездкі дахаты ўжо ўвайшлі ў іх у звычку. Што сабе думаюць бацькі ўсіх гэтых дзяўчынак, разважала яна. Іх нічога не турбуе? Можа, яна звычайная панікёрка? Божухна, хутчэй бы ўжо пачаўся навучальны год, тады ўсім гэнтым вылазкам прыйдзе канец і можна будзе ўздыхнуць вальней.
Курсы італьянскай мовы пачаліся ў аўторак, а сёмай гадзіне. Раніцай прыйшоў ліст ад Кена. Ён атабарыўся ў сваім невялічкім жыльлі; кватэрай яго нельга назваць, ужо занадта яно маленькае. Запасы тут папаўняюць зусім інакш. З пастаўшчыкамі гандлявацца не заведзена, плаціш, колькі кажуць. Людзі тут вельмі прыязныя, усе запрашаюць яго да сабе ў госьці. Хутка будзе пікнік па выпадку Дня Працы, якім адзначаюць канчатак лета. Ён безь яе змаркоціўся. Ці нудзіцца яна па ім?
У клясе сабралася трыццаць чалавек. Кожны атрымаў вялізны аркуш кардона, каб запісаць на ім сваё імя, але гэтая дзівосная жанчына сказала, што яны будуць клікаць адно аднаго на італьянскі капыл. Таму Фрэн ператварылася ў Francesca, а Кэці у Caterina. Яны гулялі ў цудоўную гульню, паціскаючы адно аднаму рукі і пытаючы, як каго клічуць. Кэці падавалася цалкам шчасьлівай. Яно таго варта, падумала Фрэн, імкнучыся выкінуць з галавы, што Кен зьбіраецца на пікнік, сьвяткаваць Дзень Працы.