— Гэй, Фрэн, ты бачыла хлопца, які сказаў Mi chiamo Bartolomeo? Гэнта ня Бары з твайго супэрмаркета? — Гэта і на самай справе апынуўся ён. — Фрэн была задаволеная, відаць, звышвызначаныя ўжо далі яму магчымасьць ушчыльную наблізіцца да выбару матацыкла. Яны памахалі адно аднаму праз пакой.
Што за незвычайны народ падабраўся. Тут і элегантная кабета, мусібыць з тых, хто ўладкоўвае ў сваёй хаце вялізныя прыёмы. Што магло прывесьці яе ў падобнае месца? І прыгажуня з залатымі кудзеркамі Mi chiamo Elizabetta з сваім сымпатычным прыемным прыяцелем у добрым гарнітуры. І цёмны, падобны да цыгана Luigi, і пажылы чалавек па імі Lorenzo. Ну і пярэстая жа кампанія.
Сыньёра ёй вельмі спадабалася. — Я ведаю вашу гаспадыню, — зьвярнулася да яе Фрэн, калі яны прыняліся за скрылікі салямі і сыра.
— Так, увогуле, спадарыня Селіван сваячка … я сваячка, — знэрвавалася Сыньёра.
— Вядома. Як ніякавата, так, я ў курсе, яна сваячка, — засьведчыла яе Фрэн. Гэтак жа заўсёды рабіў яе бацька, яна выдатна тое ведала. — Яна сказала, вы вельмі дапамаглі яе сыну.
Твар Сыньёры асьвятліла шырокая ўсьмешка. Дзіўна прыгожая жанчына, калі ўсьміхаецца. І зусім не падобная да манашкі. Пэгі Селіван мусібыць памылілася.
Ім палюбіліся тыя ўрокі, і Фрэн і Кэці. Па дарозе да аўтобуса яны рагаталі як дзеці над сваім кепскім вымаўленьнем і над гісторыямі, што распавядала ім Сыньёра. Кэці казала аб курсах дзяўчынкам у школе, і тыя нават паверыць не маглі.
Паміж людзьмі ў клясе ўсталявалася нейкая незвычайная еднасьць. Быццам яны апынуліся на незаселенай высьпе і іх адзіным шанцам на ратаваньне было вывучыць мову і добра памятаць усё, што яны вучылі. Магчыма, таму, што Сыньёра верыла ў іх здольнасьць да грандыёзных зьдзяйсьненьняў, яны і самі пачыналі у гэтае верыць. Яна прасіла іх стала выкарыстоўваць італьянскія словы, нават калі не атрымоўваецца пабудаваць на італьянскім увесь сказ цалкам. Нечакана для саміх сябе яны выяўлялі, што кажуць я вяртаюся да casa альбо camera вельмі цёплая, ці што яны stanca замест стаміліся.
І ўвесь час Сыньёра слухала і назірала, радуючыся, але не зьдзіўляючыся. Яна ніколі і не думала, што, пазнаёміўшыся зь італьянскай мовай, хтосьці зможа выпрабоўваць нейкія пачуцьці акрамя захапленьня і запалу. Ёй дапамагаў спадар Данн, які і стварыў увесь гэты праект. Яны, падавалася, выдатна ладзілі паміж сабою.
— Можа, яны даўнія сябры, — выказала здагадку Фрэн.
— Не, у яго жонка і сталыя дзеці, — растлумачыла Кэці.
— Ён можа мець жонку і быць яе сябрам, — запярэчыла Фрэн.
— Так, але думаю, паміж імі нешта ёсьць. Яны заўжды абменьваюцца такімі ўсьмешачкамі. Хэррыет кажа, гэта жалезная прыкмета. — Хэррыет, школьная сяброўка Кэці, вельмі цікавілася сэксам.
Эйдан Данн назіраў за росквітам італьянскага кляса з задавальненьнем, якога і ўявіць сабе ня мог. Тыдзень за тыднем прыяжджалі яны ў школу на роварах, матацыклах, грузавіках, на аўтобусе, сярод іх была нават дзіўная жанчына на БМВ. Яму падабалася рыхтаваць для іх разнастайныя неспадзеўкі. Яны рабілі папяровыя сьцяжкі, Сыньёра раздавала ўсім чыстыя нарыхтоўкі і казала, ў якія колеры іх расфарбаваць. Потым кожны ўзьнімаў свой сьцяжок а ўсе астатнія называлі колеры. Сваім нецярплівым запалам яны нагадвалі дзяцей. А напрыканцы кожнага ўроку нават гэты хуліганскага выгляду хлопец па імі Лу ці Луіджы, альбо нешта ў тым родзе, дапамагаў наводзіць парадак; нікому бы і ў галаву ня ўскочыла, што такі тып будзе важдацца з прыборкамі, класьці на месца скрынкі і складаць крэслы.
Але так ужо дзейнічала на людзей Сыньёра. Яна проста чакала ад іх самага лепшага і атрымоўвала тое. Яна спытала ў Эйдана, ці можна ёй зрабіць навалачку на канапавую падушку для яго пакоя.
— А вы прыйдзіце і паглядзіце пакой, — нечакана прапанаваў ён.
— Цудоўная думка. Калі мне зайсьці?
— У суботу раніцай мне ня трэба ў школу. Вы будзеце вольная?
— Я магу быць вольная ў любы час.
Увесь вечар у пятніцу Эйдан шараваў і чысьціў свой пакой. Ён выцягнуў на сьвет божы паднос з двума чырвонымі келіхамі, прывезенымі ім з Марана, што пад Вэнэцыяй, набыў пляшэчку Маршалы. Яны падымуць тост за посьпех пакоя і курсаў.
Яна прыйшла апоўдні і прынесла колькі кавалачкаў тканіны. — Думаю, гэты жоўты найлепей падыдзе да таго, аб чым вы мне распавядалі, — сказала яна, паказваючы тканіну яркага, насычанага колеру. — Яна трохі даражэй за астатнія, але ж гэта пакой для жыцьця, ці ня так?
— Пакой для жыцьця, — паўтарыў Эйдан.