— Кэці ператварылася ў сапраўдную маленькую красуню, скажы?
— Пэўна. Разумееш, калі чалавека кожны дзень бачыш, цяжка зазначыць, — са зьдзіўленьнем сьцепануў плячыма бацька.
Кэці і на самой справе стала куды прыгажэй. У школе Хэррыет пракамэнтавала тое на свой капыл. — У цябе што, хлопец завёўся на курсах італьянскага? Ты нейкая зусім іншая зрабілася.
— Не, хоць там досыць сталых мужчын, нічога такіх, — разрагаталася Кэці. — Але некаторыя вельмі старыя. Мы разьбіваемся на пары, каб накшталт як адно аднаго на спатканьне запрашаць, так гэта проста пацеха. Там ёсьць адзін, яму, пэўна, гадоў сто, клічуць Лярэнца. Ну, бадай, насамрэч Лапік. Дык вось, гэты Лярэнца мне кажа “E libera questa sera?”, а сам робіць круглыя вочы і падкручвае ўяўныя вусы, дык ўсе проста са сьмеху паміраюць.
— Ну-ну. А яна вас вучыць чамусьці сапраўды карыснаму, накшталт Як наконт гэтага? і Што вы сказалі?.
— Увогуле так. — Кэці намаглася ўзгадаць нейкую фразу. — Напрыклад Vive solo ці sola, гэта што ты жывеш адзін. А яшчэ адну я ня вельмі памятаю … Deve rincasare questa notte? Ты сёньня ўвечар дахаты пойдзеш?
— Гэта тая бабулька, якую мы неяк бачылі ў бібліятэцы, з фацэтна пафарбаванымі валасамі?
— Так, Сыньёра.
— Толькі ўявіць сабе, — закаціла вочы Хэррыет. — Дзіўныя справы дзеяцца.
— Вы ўсё яшчэ ходзіце на курсы ў Выгляд-На-Гару, спадарыня Кларк? — Пэгі Селіван сядзела за сваёй касай.
— Яны сапраўды файныя, спадарыня Селіван. Ці ня здолелі б вы перадаць гэта Сыньёры? Усе ад яе бяз одуму. Ведаеце, ніхто ня кінуў заняткі. Гэта, напэўна, нечувана.
— Ну, павінна сказаць, яна з задавальненьнем аб іх распавядае. Адылі ўжо занадта ўтойлівы яна чалавек, спадарыня Кларк. Сьцьвярджае, што была замужам за нейкім італьянцам дваццаць шэсьць гадоў у вёсачцы дзесьці там … але ніколі ніводнага ліста з Італіі … нават фатаздымкаў яго ў яе няма. А тут яшчэ высьветлілася, што ў яе ў Дубліне ўся сям'я жыве, маці ў тых дарагіх кватэрах поруч мора, бацька ў хаце састарэлых, і браты, і сёстры. Усе ў неблагіх раёнах.
— Так, добра … — Фрэн не жадала чуць нічога крытычнага альбо сумнеўнага аб Сыньёры.
— Але гэта дзіўна, хіба ж не? Дзеля чаго ёй жыць у адным пакойчыку ў нашым раёне, калі ўся яе сям'я ўладкавалася ў прыстойным месцы?
— Можа, яна проста зь імі ня ладзіць?
— Яна ходзіць наведваць сваю маці кожны панядзелак і да бацькі ў хату састарэлых два разы на тыдзень. Яна вывозіць яго на калысцы, адна зь сядзелак казала Сьюзі. Чытае яму пад дрэвам, а ён узорыцца перад сабою і сядзіць моўчкі, хоць зь іншымі, якія раз на сто гадоў да яго прыходзяць, імкнецца размаўляць.
— Бедная Сыньёра, — нечакана вырвалася ў Фрэн. — Яна заслугоўвае лепшага.
— Тут вы ў кропку патрапілі, спадарыня Кларк, — падтрымала яе Пэгі Селіван.
У яе меўся важкі чыньнік выпрабоўваць падзяку да гэтай дзіўнай госьці, ці то была яна манашкай, ці не. Яна ашаламляльна ўплывае на іх жыцьцё. Сьюзі зь ёй выдатна ладзіць і стала значна часьцей прыходзіць, Джэры да яе ставіцца як да свайго асабістага рэпэтытару. Яна ім зрабіла фіранкі і такія ж покрыўкі для канапавых падушак. А ў кухні пафарбавала шафку і на падваконцы кветкі пасадзіла. Яе пакой зіхаціць, як новенечка запінка. Пэгі Селіван часам заходзіць праверыць. Любы бы на яе месцы так рабіў. Але ў Сыньёры пажыткаў ад прыезду амаль не пабольшала. Незвычайны яна чалавек. Добра, што ўсе ў клясе яе любяць.
Кэці Кларк была значна маладзей за астатніх вучняў вечаровага кляса. Ёй карцела пазнаць паболей і яна пытала аб граматыцы, аб якой іншыя ня ведалі ды і ведаць не жадалі. Прывабная дзяўчынка, блакітныя вочы і цёмныя валасы, такога ў Італіі не сустрэнеш. Там ва ўсіх цямнюсенькіх прыгажунь вялізныя карыя вочы.
Сыньёру цікавіла, што Кэці будзе рабіць, калі скончыць школу. Часам яна бачыла, як дзяўчынка займаецца ў бібліятэцы. У яе, мабыць, неблагі шанец атрымаць вышэйшую адукацыю.
— Што думае твая маці, чым табе лепш заняцца пасьля сканчэньня школы? — спытала яна ў Кэці неяк увечары, калі яны разам прыбіралі пасьля ўроку крэслы. Ніхто не сьпяшаўся сыходзіць, людзі стаялі і размаўлялі, і гэта было прыемна. Яна дакладна ведала, што некаторыя зь іх зараз выправяцца прапусьціць глыток-іншы ў карчму на ўзгорку, іншыя возьмуць па кубачку кавы.
— Мая маці? — Кэці выглядала зьдзіўленай.
— Так, падаецца, яна так зацікаўлена, з такім запалам да ўсяго ставіцца.
— Не, насамрэч яна ня шмат ведае аб школе альбо аб тым, чым я займаюся. Маці замала дзе бывае і паняцьця ня мае, дзе лепш працаваць альбо вучыцца.