Выбрать главу

— Але ж яна прыходзіць сюды, на заняткі, разам з табой, так? І яна ходзіць на працу ў супэрмаркет? Спадарыня Селіван, у якой я жыву, казала, яна яе кіраўнік.

— А, гэта Фрэн. Мая сястра, — адказала Кэці. — Нельга, каб яна пачула, што вы сказалі, яна з глузду сыдзе.

Сыньёра выглядала зьбянтэжанай. — Даруй, я ўсё пераблытала.

— Не, тут лёгка памыліцца. — Кэці не жадала, каб пажылая жанчына пачувалася ніякавата. — Фрэн старэйшая ў сям'і, я малодшая. Вядома, вы маглі заблытацца.

Яна нічога не сказала Фрэн аб тым непаразуменьні. Які сэнс прымушаць яе вышукваць перад люстэркам маршчыны. Небарака Сыньёра трохі няўважлівая, часьцяком памыляецца. Але настаўнік яна цудоўны. Усе ў клясе, уключаючы Барталамеа, які надоечы набыў матацыкл, любяць яе.

Кэці падабаўся Барталамеа, ён прыемна ўсьміхаўся і распавядаў ёй аб футболе. Ён запытаў яе, куды ёй падабаецца хадзіць танчыць, і калі яна сказала яму аб дыскатэцы, на якую яны хадзілі ўлетку, паабяцаў, што калі пачнуцца вакацыі ў сярэдзіне сэмэстру і яны зноў здолеюць пайсьці патанчыць, ён параіць ёй добрае месца.

Яна распавяла аб тым Хэррыет. — Я ведала, ты пайшла на гэтыя курсы дзеля сэксу, — заявіла тая. І яны сьмяяліся і сьмяяліся бясконца, хоць любы іншы чалавек ці наўрад палічыў бы гэта хоць трошкі сьмешным.

Неяк у кастрычніку здарылася жудасна залева і ў прыбудове, у якой займаўся вечаровы кляс, пацякла страха. Яны дружна дужаліся з патопам, шмуляючы ваду газэтамі, адсоўваючы сталы, адшукваючы вядро ў адной з прыбіралень, бадзёра пакрыкваючы адно аднаму Che tempaccio і Che brutto tempo. Бары сказаў, што па выпадку дажджу пачакае на прыпынку і пасыгналіць фарамі, калі аўтобус будзе пад'яжджаць, каб усе астатнія ня змоклі ушчэнт.

Коні, жанчына з аздобамі, на якія, як казаў Луіджы, магчыма набыць тузін кватэр, прапанавала захапіць чацьвярых. Яны забраліся ў яе шыкоўны БМВ — Гугліема, прыемны малады чалавек з банка, яго ашаламляльная сяброўка Элізабэт, Франчэска і юная Кацярына. Спачатку яны пад'ехалі да кватэры Элізабэт і там, пакуль маладая пара імчалася пад дажджом па прыступках, усе без упынку крычалі ciao і arrivederci.

Потым рушылі да хаты Кларкаў. Седзячы наперадзе, Фрэн паказвала шлях. Коні не занадта добра ведала гэты раён. Калі яны дабраліся, Фрэн убачыла сваю маці, ідучую выкідаць сьмецьце. У вуснах ў яе, як заўжды, цыгарэта, хоць і мокрая з-за дажджу. Падношаныя шлапакі і завэдзганы шляфрок, у якіх яна ходзіць паштадзень, таксама змоклі. Фарба сораму заліла пашчэнкі Фрэн, калі яна адчула, што саромеецца сваёй маці. Тое, што яна прыехала на элегантным аўто, яшчэ не падстава адмаўляцца ад сваіх каштоўнасьцяў. Яе маці пражыла цяжкае жыцьцё і засталася велікадушным і шчырым чалавекам.

— Маці змокне наскрозь. Няўжо сьмецьце не пачакала б да раніцы? — засмучана вымавіла яна.

— Che tempaccio, che tempaccio, — выгукнула Кэці.

— Сьпяшайся, Кацярына, бабуля трымае для цябе дзьверы адчыненыя, — прыскорыла Коні.

— Гэта мая маці, — адказала ёй Кэці.

Такі моцны быў дождж, і такое моцнае замяшаньне ад ляпаючых дзьвярэй і грукатлівых сьмецьцевых бакаў, што ніхто, падавалася, не зьвярнуў на тое адмысловай увагі.

Ужо ў хаце спадарыня Кларк са зьдзіўленьнем і агідай агледзела сваю мокрую цыгарэту. — Я ледзь не патанула, чакаючы, пакуль вы вылезеце з тага лімузына.

— Божухна, давайце хутчэй вып'ем па філіжанцы гарбаты, — прапанавала Фрэн, напаўняючы імбрык.

Кэці раптам пасела на кухенны стол.

— Due tazze di te, — вымавіла Фрэн на сваім лепшым італьянскім. — Давай, Кэці. Con latte? Con zucchero?

— Ты ж ведаеш, я ня п'ю з малаком ды з цукрам. — Голас Кэці гучаў адхілена. Яна выглядала вельмі зьбялелай.

Спадарыня Кларк абвясьціла, што ня бачыць сэнсу заставацца тут, усё роўна ад іх толку не даможасься, лапочуць на сваёй птушынай мове. Яна ідзе ў ложак і просіць перадаць яе мужу, калі ён зьявіцца з пабу, калі ён, вядома, зьявіцца, каб не пакідаў ёй на раніцу ніякіх падпалёных патэльняў, яна ня маецца іх шураваць. І сышла, бурчачы, кашляючы і рыпаючы прыступкамі.

— У чым справа, Кэці?

Кэці зірнула на яе. — Ты мая маці, Фрэн? — запытала яна.

У кухні запанавала маўчаньне. Было чуваць, як наверсе ў прыбіральні спускаюць ваду і як за акенцам стукае па бэтону дождж.

— Чаму ты спытала аб гэтым зараз?

— Я жадаю ведаць. Так ці не?

— Ты ведаеш, што так, Кэці. — Надышоўшаю працяжную цішыню разьбівалі толькі кроплі дажджу.

— Не, я ня ведала. Да гэтага моманту.

Фрэн падышла да яе і абняла. — Адыдзі ад мяне. Не жадаю, каб ты да мяне дакраналася.