Выбрать главу

— Узгадай мае словы, і зразумееш, што я ня раіла нічога, чаго ня выпрабавала сама.

— Так ты кахала яго, гэтага Паўля Мэлана? — у голасе Кэці гучалі кпіны.

— Так, вельмі моцна. Сапраўды вельмі моцна. Я была маладая, але думала, што ведаю, што такое каханьне, і ён таксама, таму ня варта адхрышчвацца ад усяго і казаць, што зрабіла дурасьць. Не было тое дурасьцю.

— І дзе ты яго сустрэла?

— На канцэрце. Мы спадабаліся адно аднаму, і я пачала час ад часу прагульваць урокі, каб сустрэць яго з школы. Мы хадзілі ў кіно. Ён рабіў выгляд, быццам нешта кепска разумее, каб яму прызначалі дадатковыя заняткі, і зьлётваў зь іх. І гэта быў цудоўны шчасьлівы час.

— А потым?

— А потым я зразумела, што цяжарная, і Паўль сказаў сваім маці з бацькам, а я сказала матулі і таце, і ўсё пакацілася ў пекла.

— Хтосьці вёў прамову аб жаніцьбе?

— Не, ніхто. Шмат часу я правяла ў пакоі, што зараз твой, разважаючы аб тым. Я марыла, што ў адзіны файны дзень Паўль зьявіцца ў дзьвярах з пукам кветак і скажа, што калі мне споўніцца шаснаццаць, мы пажэнімся.

— Але тага, мусібыць, не адбылося?

— Не.

— А чаму ён не захацеў застацца побач і падтрымаць цябе, нават калі вы не ажаніліся?

— Гэта было часткай умовы.

— Умовы?

— Так. Яго бацькі сказалі, што, паколькі я яму ня пара і ў нашых адносін няма будучыні, для ўсіх будзе лепей зараз расьсячы ўсе вузлы. Так яны сказалі. Расьсячы ўсе вузлы альбо, можа, разрэзаць усе вузлы.

— Яны былі жудасныя?

— Ня ведаю, я зь імі ніколі да таго не сустракалася, як, зрэшты, і Паўль з маці і татам.

— Карацей кажучы, ён, бацька дзіцяці, вылез сухім з вады, і ніколі больш цябе ня бачыў.

— Яны далі чатыры тысячы фунтаў, Кэці, тады гэта былі немалыя грошы.

— Яны адкупіліся ад цябе!

— Не, мы так на гэтае не глядзелі. Дзьве тысячы я ўклала для цябе ў будаўнічую кампанію. З тымі грашыма, што потым я дадала сама, гэтая сума няблага пабольшала. А іншыя дзьве тысячы аддала маці з татам, бо ім мелася паднімаць цябе.

— І Паўль Мэлан лічыў гэта нармалёвым? Даць чатыры тысячы фунтаў, каб адкараскацца ад мяне?

— Ён цябе ня ведаў. Ён паслухаўся бацькоў, якія сказалі, што ў шаснаццаць зарана станавіцца бацькам, што перад ім кар'ера, што гэта было памылкай і што ён павінен неяк пакрыць яе. Так ім тое бачылася.

— І ён зрабіў кар'еру?

— Так, ён бухгальтар.

— Трэба жа, мой бацька бухгальтар, — хмыкнула Кэці.

— Зараз ён жанаты і ў яго ёсьць дзеці, яго ўласная сям'я.

— Ты маеш на ўвазе, у яго ёсьць іншыя дзеці? — у Кэці задрыжэла падбародзьдзе.

— Так, менавіта так. Двое.

— Адкуль ты ведаеш?

— Бачыла надоечы аб ім артыкул у часопісе, ці ведаеш, так званае жыцьцё заможных і знакамітых.

— Але ж ён не знакамітасьць.

— Яго жонка знакамітасьць, ён жанаты на Мар'яне Хайес. — Фрэн прыпынілася, каб паглядзець на выраблены эфэкт.

— Мой бацька жанаты на адной з найбагацейшых жанчын Ірляндыі?

— Так.

— І ён даў вашывых чатыры тысячы фунтаў, каб ад мяне адчапіцца.

— Ты ня маеш рацыі. Тады ён ня быў жанаты на ёй.

— Я маю рацыю. Зараз ён багаты, і мог бы штосьці даць.

— У цябе ўсё ёсьць, Кэці. У нас ёсьць усё, што нам патрэбна.

— Не, вядома, няма ў мяне ўсяго, што мне патрэбна, а тым больш у цябе, — чмыхнула Кэці, і раптам зь яе вачэй лінулі доўгачаканыя сьлёзы, і яна плакала і плакала, а Фрэн, якую яна шаснаццаць гадоў лічыла сваёй сястрой, гладзіла яе галаву і яе мокрыя пашчэнкі, і яе плечы з ўсей любоўю, на якую толькі здольная маці.

Наступнай раніцай, за сьняданкам, Джо Кларк пакутаваў ад пахмельля. — Выцягні мне пляшку зімняй Колы зь лядоўні, Кэці, будзь добрай дзяўчынкай. У мяне сёньня ў Кілінэі працы да чорта, перавозка падыдзе з хвілі на хвілю.

— Ты да лядоўні бліжэй за мяне, — заявіла Кэці.

— Ты што гэта, хаміш? — спытаў ён.

— Не, канстатую факт.

— Што ж, дазволь табе зазначыць, я не патрываю, каб маё дзіця канстатавала факты ў такім тоне, — адказаў ён, счырванеўшы ад гневу.

— Я не тваё дзіця, — холадна зазначыла Кэці.

Яны ніколькі не выглядалі спалоханымі, яе бабуля зь дзядулям. Гэтыя пажылыя людзі, якіх яна лічыла сваімі бацькамі. Жанчына па-ранейшаму гартала часопіс і паліла, мужчына працягваў абурацца. — Я ня горш за любога іншага чортава бацьку, які ў цябе калісьці быў ці будзе. Ну, дзетка, будзь разумніцай, дай мне хуценька Колу, каб мне не падымацца іншы раз.

І Кэці зразумела, у іх і ў думках не было хаваць ад яе нешта альбо прыкідвацца. Як і Фрэн, яны былі ўпэўненыя, ёй вядома сапраўднае становішча. Яна зірнула на напружаную сьпіну Фрэн якая глядзела ў вакно.