— Добра, тат, — яна падала яму пляшку і чыстую шклянку.
— Вось малайчынка, — ён усьміхнуўся ёй, як звычайна. Для яго нічога не зьмянілася.
— Што б ты зрабіла, калі бы выявіла, што твае бацькі табе ня родныя?
— Я бы была ў захапленьні, шчыра табе кажу.
— Чаму?
— Таму што тады, калі я вырасту, у мяне ня будзе жудаснага падбародзьдзя як у маёй маці і ў бабулі. І мне бы не прыйшлося безупынна выслухваць, як тата правіць малебны аб тым, што я павінна атрымаць прыстойныя адзнакі ў атэстаце. — Бацька Хэррыет, настаўнік, ускладаў вялізныя надзеі на тое, што яна будзе доктарам. Хэррыет марыла стаць уладальніцай начнога клюба.
Яны палічылі тэму вычарпанай.
— Што ты ведаеш аб Мар'яне Хайес? — неўзабаве спытала Кэці.
— Яна, накшталт, найбагацейшая жанчына ў Эўропе, ці толькі ў Дубліне? Да таго ж сымпатычная. Упэўненая, яна купіла ўсе гэтыя штукі, накшталт добрых зубоў, загару і ўсіх гэных файных валасоў.
— Ды ўжо, не сумняваюся.
— Чаго гэта ты ёй цікавісься?
— Яна мне ўначы прысьнілася, — шчыра адказала Кэці.
— А мне сьнілася, што я займаюся каханьнем з ачмурэнным хлопцам. Бадай, час паспрабаваць. Памятаеш, нам ўжо шаснаццаць.
— Ты ж сама дзяўбла, што трэба засяродзіцца на вучобе, — адгыркнулася Кэці.
— Так тое да гэтага сну было. Ты выглядаеш жудасна бледнай і стомленай, нават старой. Не глядзі больш сны пра Мар'яну Хайес, яны табе не на карысьць.
— Што так, то так, — пагадзілася Кэці, нечакана задумаўшыся аб белым твары Фрэн, аб маршчынках у яе пад вачыма. Аб тым, што Фрэн ніколі не загарае і ня бавіць выходныя на замежных курортах. Яна думала аб тым, як Фрэн кожны тыдзень адкладала грошы да яе шаснаццаці гадоў. Узгадала сябра Фрэн, Кена, які зьехаў у Амэрыку. Ён таксама знайшоў сабе нейкую заможную жанчыну? Не дачку вадаправодніка, якая самастойна выбілася ў кіраўніцтва, у мэнэджэры супэрмаркета, якой не прыходзілася са скуркі прэч лезьці, каб паставіць на ногі пазашлюбнае дзіця. Кен напэўна ведаў аб ёй. Малаверагодна, каб Фрэн пастаралася захаваць гэта ў таямніцы.
Як яна ўчора казала, у Дубліне хапае сем'яў, дзе малодшае дзіця насамрэч унук. Фрэн сказала, часьцей за ўсё маці не застаецца дома. Старэйшая сястра зьяжджае, каб пачаць новае жыцьцё. Несумленна.
І несумленна, што Паўль Мэлан упадабаў жыць у сваё задавальненьне, без усялякіх абавязкаў. Тройчы за гэты дзень яна атрымала на ўроках заўвагі за тое, што лунае ў хмарах. Але сёньня вучоба не цікавіла Кэці Кларк. Яна будавала пляны наконт спатканьня з Паўлам Мэланам.
— Выкажы мне, — прапанавала Фрэн увечары.
— Навошта? Ты сама казала, тут не было аб чым гаварыць.
— Так нічога не зьмянілася? — спытала Фрэн з турботай у вачах. У яе не было дарагіх крэмаў, каб прыбіраць з твару маршчынкі. Ёй ніхто не дапамагаў гадаваць дзіця. У Мар'яны Хайес, зараз Мар'яны Мэлан, напэўна памагатых безьліч. Мэдсёстры, нянькі, абслуга, шафёры, трэнэры па тэнісе і фітнэсу. Кэці паглядзела на маці спакойным поглядам. Хоць яе сьвет і паляцеў потарч, яна ня стане дадаваць Фрэн складанасьцяў.
— Не, Фрэн, — схлусіла яна. — Нічога не зьмянілася.
Высьветліць, дзе жывуць Паўль і Мар'яна, апынулася зусім няцяжка.
Амаль кожны тыдзень штосьці аб іх зьяўлялася у газэтах. Усе ведалі іх хату. Але ісьці дахаты яна не жадала. Трэба пайсьці ў офіс. Паразмаўляць зь ім па-дзелавому. Няма ніякай неабходнасьці ўблытваць ягоную жонку ў тое, што яна павінна яму сказаць.
Узброіўшыся тэлефоннай карткай, Кэці пачала тэлефанаваць у буйныя аўдытарскія кампаніі. На другім званку атрымалася выявіць назву фірмы, у якой ён працуе. Яна чула аб гэтай кампаніі, што клапацілася аб бухгалтэрскіх справах ўсіх кіназорак і тэатральных знакамітасьцяў. Ўстанова шчыльна зьвязана з шоў-бізнэсам. У яго ня толькі безьліч грошай, ён яшчэ і няблага бавіць час.
Двойчы яна падыходзіла да тага гмаху, і двойчы ёй адмаўляла мужнасьць. Будынак быў такі велічэзны. Яна ведала, яны займаюць толькі пяты і шосты паверхі, але не адчувала ў сабе дастатковай упэўненасьці. Апынуўшыся ўсярэдзіне, яна зможа паразмаўляць зь ім, распавесьці яму, хто яна ёсьць, як усе гэтыя гады яе маці працавала і эканоміла. Яна нічога не зьбіраецца прасіць. Яна растлумачыць, што гэта няшчыра, вось і ўсё. Але само месца рабіла на яе занадта моцнае ўражаньне. Выклікала поўны глыбокай пашаны жах. Швэйцар у фае, маладзіцы за інфармацыйным сталом на першым паверсе, якія тэлефануюць, каб высьветліць, ці можаш ты прайсьці ў прэстыжныя офісы наверсе.
Ёй трэба выглядаць інакш, калі яна жадае прабрацца праз гэнтых адмыслова навучаных драконаў, сказаўшы, што жадае сустрэцца з Паўлам Мэланам. Яны не дазволяць школьніцы ў форменнай спадніцы падняцца, каб убачыцца са спадаром бухгальтарам; ці ледзь ні адзіным, жанатым зь мільянэркаю.