Яна патэлефанавала Хэррыет.
— Ці не магла б ты прыцягнуць заўтра ў школу нейкую шыкоўную шмотку тваёй маці?
— Толькі калі ты распавядзеш мне, навошта.
— Вызначаецца адна авантура.
— Любоўная авантура?
— Магчыма.
— Тады табе патрэбныя кашулькі-штонікі? — Хэррыет была вельмі практычнай дзяўчынай.
— Не, жакет. І нават пальчаткі.
— Пане ўсемагутны, — ашаламілася Хэррыет. — Гэта павінна быць нешта жудасна экстравагантнае.
На наступны дзень рэчы прыбылі ў спартовай кайстры. Кэці прымерала іх у дзявочай прыбіральні. Жакет сядзеў выдатна, але са спадніцай нешта ня ладзілася.
— Дзе адбудзецца твая авантура? — Хэррыет ад хваляваньня ледзь дыхала.
— У офісе, у паважным офісе.
— Можна падвязаць спадніцу вышэй. Карацей яна будзе нармалёва выглядаць. Ён цябе распране, альбо ты сама?
— Што? Ну, так, сама.
— Тады добра. — Сумеснымі высілкамі яны надалі Кэці выгляд асобы, якую безь перашкод павінны пускаць скрозь. Яна выцягнула шмінку і цень Фрэн.
— Не рабі гэтага зараз, — шыкнула Хэррыет.
— Чаму?
— Я так лічу, табе яшчэ ў кляс ісьці, а яны стоадсодкава засякуць, калі ты ў такім выглядзе зьявісься.
— Я і не зьбіраюся ў кляс. Скажаш, табе перадалі, што я захварэла.
— Не. Не магу даць веры.
— Дый годзе, Хэррыет, я ж рабіла тое самае для цябе, калі табе карцела зьліняць паглядзець на поп-зорак.
— Але куды ты зьбіраесься а дзевятай раніцы?
— У офіс, на авантуру, — адказала Кэці.
— Ну ты даеш, — у Хэррыет рот разявіўся ад захапленьня.
Гэтым разам яна не захісталася.
— Дабранак. Спадара Паўла Мэлана, калі ласка.
— Вашае імя?
— Маё імя яму нічога не скажа, але, калі ласка, перадайце, што гэта Кэтрын Кларк, па справе Фрэнсіс Кларк, яго давішняй кліенткі. — Кэці адчувала, у гэтым офісе людзі карыстаюцца поўнымі імёнамі, ніякіх табе Кэці і Фрэн.
— Я паведамлю яго сакратару. Спадар Мэлан нікога не прымае без папярэдняй дамоўленасьці.
— Я буду чакаць, пакуль ён ня вызваліцца, так і скажыце. — Кэці размаўляла з упэўненай сілай, што дзейнічала куды мацней за ўсе яе спробы апрануцца самавіта.
Адна з шыкоўных сакратарак са зьдзіўленьнем пераглянулася зь іншай і нягучна загаварыла з кімсьці па тэлефоне.
— Спадарычня Кларк, вы будзеце размаўляць з сакратаром спадара Мэлана? — ўрэшце спытала яна.
— Безумоўна.
Кэці рушыла уперад, спадзеючыся, што яе школьная спадніца ня выпадзе нечакана з-пад жакета маці Хэррыет.
— Пеньні ля тэлефону. Чым магу вам дапамагчы?
— Вам перадалі адпаведныя імёны? — вымавіла Кэці. Як выдатна, што яна прыгадала гэтае слова — адпаведныя. Выдатнае слова, такое ёмістае.
— Ну, так … але гэта ня мае значэньня.
— На маё меркаваньне, мае. Калі ласка, паведаміце гэтыя імёны спадару Мэлану і, будзьце ласкавыя, скажыце яму, што справа ня зойме ў яго шмат часу. Ня больш як дзесяць хвілін. Але я буду чакаць датуль, пакуль ён ня зможа са мной пабачыцца.
— Мы не прызначаем сустрэч падобнай выявай.
— Калі ласка, перадайце яму імёны, — Кэці адчувала, як ад хваляваньня ёй млосьнее.
Пасьля трох хвіль чаканьня бразнуў званок.
— Сакратар спадара Мэлана сустрэне вас на шостым паверсе, — абвясьціла адна з багінь за сталом.
— Шчыры дзякуй за дапамогу, — хітнула Кэці Кларк, падцягнула школьную спадніцу і накіравалася да ліфту, што павінен быў адвезьці яе на спатканьне з бацькам.
— Спадарычня Кларк? — паведамілася Пеньні, якая усім сваім выглядам нагадвала ўдзельніцу конкурсу прыгажосьці. Крэмавы гарнітур і чорныя лакіркі на высачэзных абцасах дапаўнялі масіўныя чорныя каралі.
— Усё дакладна. — Кэці жудасна карцела выглядаць больш зграбнай, сталай і лепш апранутай.
— Сюды, калі ласка. Спадар Мэлан сустрэнецца з вамі ў канфэрэнц-зале. Кавы?
— Было бы цудоўна, дзякую.
Яе правялі ў пакой са сьветлым драўляным сталом, вакол якога стаяла восем крэслаў. На сьценах віселі карціны, не рэпрадукцыі пад шклом, як у іх у школе, сапраўдныя карціны. На падвоканьні стаялі кветкі, сьвежыя кветкі, пастаўленыя гэтай раніцай. Кэці у чаканьні села.
Ён увайшоў, малады, гожы, быццам маладзейшы за Фрэн, хоць і на год старэй.
— Мае вітаньні, — ён шырока ўсьміхнуўся.
— Мае вітаньні, — адказала яна. Пасьля абодва замоўклі
У гэты момант зьявілася Пеньні з кавай. — Паднос пакінуць? — пацікавілася яна, нясьцерпна жадаючы затрымацца.