Выбрать главу

— Дзякуй, Пен, — кіўнуў ён.

— Вы ведаеце, хто я? — спытала Кэці, калі Пеньні выдалілася.

— Так, — адказаў ён.

— Вы чакалі мяне?

— Калі шчыра, не раней, як праз пару гадоў. — У яго апынулася прыемная ўсьмешка.

— І што вы зьбіраліся рабіць тады?

— Тое, што раблю зараз — слухаць.

Трапны крок. Ён усё падаваў ёй.

— Ну, я проста жадала прыйсьці паглядзець на вас, — сказала яна неяк нявызначана.

— І вось ты прыйшла, — гэта прагучала вельмі ветліва, ветліва і прыязна. — І што ты думаеш?

— Вы выглядаеце файна, — паняволі прызнала яна.

— І ты таксама, вельмі файна.

— Я толькі зараз пазнала аб усім, разумееце.

— Разумею.

— Вось чаму я вырашыла прыйсьці і паразмаўляць з вамі.

— Вядома, вядома. — Ён наліў ім кавы і падаў ёй самой дадаваць цукар і малако, калі яна пажадае.

— Разумееце, да гэтага тыдня я сапраўды думала, што я мамчына і татава дачка. Для мяне гэта апынулася шокам.

— Фрэн не казала табе, што яна твая маці?

— Не.

— Ну, я разумею, пакуль ты была маленькая, але калі ты падрасла … ?

— Не. Ёй падавалася, я здагадваюся, ну а я паняцьця ня мела. Я думала, яна проста цудоўная старэйшая сястра. Разумееце, я не занадта кемлівая.

— Мне ты падаесься файнай і кемлівай. — Ён нібы шчыра ёю захапляўся.

— Не, я не такая, так ужо здарылася. Я шмат займаюся, і ўрэшце ўсё разумею, але ня здольваю схопліваць зь лёту, як мая сяброўка Хэррыет. Я трошкі гальмар.

— У дакладнасьці, як я, так ужо здарылася. Атрымліваецца, ты ў свайго бацьку.

У яе галава пайшла колам. Тут, у гэтым офісе, ён прызнаў, што ён яе бацька. З глузду можна рушыць. Але яна паняцьця ня мае, што ж ёй зараз рабіць. Ён зьнішчыў усе яе аргумэнты. Яна чакала, ён будзе лямантаваць, ад усяго адмыкацца, апраўдвацца. Нічога падобнага.

— Вы бы не атрымалі працу накшталт гэтай, будзь вы сапраўдны гальмар.

— Мая жонка вельмі багатая, да таго ж я абаяльны гальмар, някепска ладжу зь людзьмі. Вось чаму я тут.

— Але вы сталі бухгальтарам самі, да таго як сустрэлі яе, хіба ж не?

— Так, я стаў бухгальтарам, але ня тут. Спадзяюся, калісьці ты сустрэнесься з маёй жонкай, Кэтрын. Ты яе палюбіш, яна цудоўная жанчына.

— Проста Кэці. Я ня здолею яе палюбіць. Упэўненая, яна цудоўная, але яна не захоча сустрэцца са мной.

— Захоча, калі я скажу ёй, што мне тое будзе прыемна. Мы шмат робім, каб даставіць задавальненьне адно аднаму, я таксама сустрэнуся з кімсьці, калі яна папросіць.

— Але яна не падазрае аб маім існаваньні.

— Яна ведае. Я казаў ёй, даўным-даўно. Я ня ведаў твайго імя, але я сказаў ёй, што ў мяне ёсьць дачка, дачка, якую я ніколі ня бачыў, але зь якой, магчыма, сустрэнуся, калі яна вырасьце.

— Вы ня ведалі майго імя?

— Не. Калі ўсё гэта здарылася, Фрэн толькі паабяцала паведаміць мне, будзе гэта хлопчык альбо дзяўчынка, вось і ўсё.

— Такая была дамова?

— Ты гэта вельмі добра сфармулявала. Такая была дамова.

— Яна вельмі добра да вас ставіцца. Яна лічыць, вы ва ўсім гэтым паводзілі сябе проста выдатна.

— І што яна перадае мне? — Ён быў цалкам спакойны, мяккі, ніякай насьцярожанасьці альбо чагосьці такога.

— Яна паняцьця ня мае, што я тут.

— А дзе яна думае ты зараз?

— У школе, у Выгляд-На-Гару.

— Выгляд-На-Гару? Вось куды ты ходзіш?

— Чатыры тысячы фунтаў шаснаццаць гадоў таму нядосыць, каб паслаць мяне ў нейкае шыкоўнае мястэчка, — у сэрцах выказалася Кэці.

— Так ты ведаеш аб дамове?

— Я пазнала аб усім адначасова, у адну ноч. Высьветліла, што яна не мая сястра і што вы прадалі мяне.

— Вось як яна падала гэта?

— Не. Так яно ёсьць насамрэч, яна гэта падала зусім інакш.

— Мне вельмі шкада. Думаю, тужліва пачуць такое.

Кэці зірнула на яго. Менавіта так гэта было. Тужліва. Яе маці была бедная, ёй прыйшлося адплачвацца спаўна. Яе бацька быў сынам прывілеяваных людзей, ён не плаціў за свае забавы. Гэта прымушала яе думаць, што сыстэма накіраваная супраць людзей накшталт яе, і так будзе заўсёды. Дзіўна, што ён так дакладна пазначыў яе пачуцьцё.

— Так, так і было. Так і ёсьць.

— Добра, скажы мне, чаго ты чакаеш ад мяне. Сажы мне і мы зможам гэта абмеркаваць.

Яна зьбіралася запатрабаваць усё мажлівае і немажлівае для Фрэн і для сябе самой. Яна зьбіралася прымусіць яго ўсьвядоміць, што ў дваццатым стагодзьдзі багацьце ўжо не дае чалавеку права выйсьці сухім з вады. Але ня вельмі лёгка апынулася сказаць гэта ўсё чалавеку, які ўсім сваім выглядам даводзіў, што рады бачыць яе, а зусім ня ў жаху ад яе зьяўленьня.