— Я пакуль ня ўпэўненая, што ведаю, чаго жадаю. Неяк усё занадта нечакана.
— Разумею. У цябе пакуль не было часу разабрацца ў сваіх пачуцьцях. — Яна не пачула палягчэньня ў яго голасе, толькі сымпатыю.
— Ці бачыце, мне ўсё яшчэ зацяжка з гэтым асвоіцца.
— Ды і мне таксама зацяжка асвоіцца з гэтым. Сустрэча з табой засьпела мяне зьнянацку, — ён імкнуўся паказаць, што яны ў адной лодцы.
— Хіба вас не раздражняе маё зьяўленьне?
— Не, ты цалкам памыляесься. Я страшна рады, што ты прыйшла ўбачыцца са мной. Мне толькі шкада, што ў цябе нялёгкае жыцьцё, а гэты шок зрабіў яго нават цяжэй. Вось якія пачуцьці я выпрабоўваю.
Яна адчула камяк у горле. Ён ня меў нічога агульнага з тым, якім яна яго сабе ўяўляла. Няўжо магчыма, каб гэты чалавек быў яе бацькам? Што калі бы акалічнасьці склаліся інакш, ён і Фрэн маглі бы ажаніцца і яна была бы іх старэйшай дачкой?
Ён выняў візытоўку і напісаў на ёй тэлефон. — Гэта мая прамая лінія. Тэлефануй па гэтым нумары і табе ня прыйдзецца прабірацца праз цэльную сыстэму. — Неяк гэта выглядала крыўдна, нібы ён імкнуўся пазьбегнуць дадатковага тлумачэньню. Зрабіць так, каб людзі на працы ня ведалі аб яго прыкрай маленькай таямніцы.
— Вы не баіцеся, што я магу патэлефанаваць вам дахаты? — запытала яна, шкадуючы руйнаваць яго мілату, але цьвёрда вырашыўшы не дазваляць сабе ісьці ў яго на повадзе.
Ён усё яшчэ трымаў асадку ў руцэ. — Я як раз зьбіраўся запісаць яшчэ і мой хатні нумар. Ты можаш тэлефанаваць мне ў любы час.
— А як жа ваша жонка?
— Мар'яна, вядома, таксама будзе шчасьлівая паразмаўляць з табой. Я ёй сёньня ж увечары распавяду, што ты прыходзіла са мной пабачыцца.
— Вы вельмі стрыманы, так? — выпаліла Кэці з сумесьсю захапленьня і абурэньня.
— Мяркую, зьнешне я нязмушаны, хоць насамрэч жудасна хвалююся. Ды і хто бы не хваляваўся? Упершыню сустрэцца са сталай прыгажуняй дачкой і ўсьвядоміць, што дзякуючы табе яна прыйшла ў гэты сьвет.
— А вы калісьці думаеце аб маёй маці?
— Я думаў аб ёй пэўны час, як усе мы думаем аб нашым першым каханьні, і нават больш, з-за таго што здарылася, і з-за таго, што ты нарадзілася. Але потым, раз ужо так усё склалася, я стаў думаць аб іншых рэчах і аб іншых людзях.
Шчыры адказ, Кэці не магла тага адмаўляць.
— Як я буду вас зваць? — нечакана спытала яна.
— Ты ж завеш Фрэнсіс Фрэн, не магла бы ты клікаць мяне Паўлам?
— Я нейкім часам зноў зайду ўбачыцца з вамі, Паўль, — яна паднялася, каб сысьці.
— У любы момант, калі я табе спатрэблюся, Кэці, я буду тут, — сказаў яе бацька.
Яны працягнулі адно аднаму рукі, але калі іх пальцы даткнуліся, ён прыцягнуў яе да сабе і абняў. — З гэтага часу ўсё будзе інакш, Кэці, — прашаптаў ён. — Інакш і лепш.
На зваротным шляху да школы, у аўтобусе, Кэці сьцерла цень і шмінку. Яна скруціла пільчак маці Хэррыет, саўганула яго ў спартовую кайстру і выправілася ў кляс.
— Ну? — не цярпелася Хэррыет.
— Нічога.
— Што значыць нічога?
— Нічога не адбылося.
— Маўляў, ты ўсё гэта закруціла, прыйшла да яго ў офіс, а ён да цябе не дакрануўся?
— Ён накшталт як абняў мяне.
— Бадай, ён імпатэнт, — зь веданьнем справы заявіла Хэррыет. — У часопісах запар і побач можна прачытаць, што жанчыны пішуць аб такіх выпадках.
— Не выключана, — пагадзілася Кэці, дастаючы падручнік геаграфіі.
Спадар А’Брайн, які па-ранейшаму, нават стаўшы Дырэктарам, выкладаў свой прадмет, зірнуў на яе па-над акулярамі. — Твая прастуда раптам прайшла, Кэці? — падазрона пацікавіўся ён.
— Так, дзякаваць Богу, спадар А’Брайн, — у адказе Кэці не было няветлівасьці альбо дзёрзкасьці, але гаварыла яна зь ім як роўная, не як вучаніца. Гэтае дзіця зрабіла нечаканыя посьпехі з пачатку сэмэстра, адзначыў ён сам сабе. Яго цікавіла, ці зьвязана гэта нейкім чынам з курсамі італьянскага, што, насуперак усім яго прагнозам, замест поўнага правалу карысталіся аглушальным посьпехам.
Маці сышла змагацца за прызавую гульню, тата выправіўся ў паб. Фрэн важдалася на кухні.
— Ты трохі затрымалася, Кэці. Усё нармалёва?
— Вядома. Я трохі прайшлася. Вучыла ўсе гэтыя часткі цела для сёньняшняга занятку. Яна ж зьбіраецца разьбіць нас на пары і пытаць Dov’e il gomito, а табе трэба будзе дакрануцца да локця суседа.
Фрэн прыемна было бачыць яе шчасьлівай. — Можа, я зраблю лусьцікі, каб нам падсілкавацца перад усім гэтым?
— Файна. Ведаеш, як сказаць ногі?
— I piedi. Я вучыла сёньня ў перапынак, — усьміхнулася Фрэн. — Гэтак мы з табой хутка станем любімчыкамі настаўніцы.
— Я бачыла яго сёньня.