— Каго?
— Паўла Мэлана.
Фрэн апусьцілася на крэсла. — Ты жартуеш.
— Ён быў вельмі любасны, сапраўды вельмі любасны. Даў мне сваю візытоўку. Глядзі, напісаў мне сваю прамую лінію і хатні нумар.
— Не магу назваць твой учынак разумным, — урэшце выдушыла зь сябе Фрэн.
— Ну, ён выглядаў вельмі задаволеным. Па сутнасьці, ён нават сказаў, што рады, што я гэта зрабіла.
— Рады?
— Так. І ён сказаў, што я магу прыходзіць у любы час, і калі жадаю, прыйсьці да яго дахаты і сустрэцца зь яго жонкай. — Твар Фрэн нечакана здаўся спустошаным. Як калі б жыцьцё суздром пакінула яго. Быццам хтосьці засунуў ёй у галаву руку і нешта выключыў там. Кэці ўразілася. — Ну хіба ты ня радая? Не было ні ляманту, ні сцэны, проста, нармалёва і натуральна, як ты распавядала гэта было. Ён зразумеў, што для мяне ўсё апынулася шокам, і ён сказаў, з гэтага часу ўсё будзе інакш. Інакш і лепш, гэта яго словы.
Фрэн кіўнула, нібы мова не падпарадкоўвалася ёй. Кіўнула зноўку, і толькі потым здолела вымавіць: — Так, гэта добра. Добра.
— Чаму ты ня радая? Я думала, ты будзеш задаволеная.
— Ты маеш поўнае права мець зносіны зь ім і прэтэндаваць на тое, што ён мае. Я ніколі не зьбіралася забараняць табе гэта.
— Пытаньне наогул так не стаіць.
— Пытаньне стаіць менавіта так. Ты маеш права пачувацца абдзеленай, убачыўшы тага чалавека, у якога ёсьць усё, тэнісныя корты, басэйны, шафёры.
— Гэта зусім ня то, чаго я шукала, — пачала Кэці.
— А потым ты вяртаесься ў хату накшталт гэтай, ідзеш у школу накшталт Выгляд-На-Гару, а цябе ж раней нават вабіла магчымасьць пайсьці на нейкія нягеглыя курсы, дзеля якіх я круцілася і эканоміла. Ня дзіўна, што ты спадзяесься, што ўсё будзе … як ты сказала, інакш і лепш?
Кэці з жахам глядзела на яе. Фрэн падумала, што яна жадае Паўла Мэлана замест яе. Што яе асьляпіла мімалётнае спатканьне з чалавекам, аб якім колькі дзён таму яна ўвогуле паняцьця ня мела.
— Лепш толькі таму, што зараз я ўсё ведаю. Больш нічога ня зьменіцца, — паспрабавала яна растлумачыць.
— Вядома. — Зараз Фрэн была заціснутай і непранікальнай. Яна мэханічна, нібы робат, паклала на хлеб сыр, два скрыліка памідора і запхнула ў грыль.
— Фрэн, пачакай. Я нічога тага не жадаю. Паслухай, няўжо ты не разумееш? Я паглядзела на яго. Ты мела рацыю, ён ня монстар, ён любасны.
— Вельмі радая, я табе казала.
— Ты ўсё хібна разумееш. Паслухай, патэлефануй яму сама, спытай яго. Гэта зусім ня значыць, што я жадаю быць зь ім, а не з табой. Проста ўбачыцца зь ім пару раз. Вось і ўсё. Пагавары зь ім па тэлефоне і ты ўсё зразумееш.
— Не.
— Чаму? Чаму не? Зараз я накшталт як праклала дарогу.
— Шаснаццаць гадоў таму я склала дамову. Яна датычыла таго, што я больш ня буду мець зь ім зносіны, і я ніколі ня мела зносін.
— Але я не давала тага абяцаньня.
— Хіба я цябе асуджаю? Я сказала, што ты мела поўнае права. Хіба я ня гэта сказала? — Фрэн паклала на талерку тосты з сырам і наліла па шклянцы малака.
Кэці адчула невымоўны смутак. Гэтая добрая жанчына заляцалася за ёй, заўсёды сачыла, каб у яе было ўсё, у чым яна патрабавалася. Ня будзь Фрэн, не было бы ні цудоўнага зімняга малака напагатове, ні прыгатаванай гарачай вячэры. І зараз яна толькі мімаходзь згадала, што дзеля курсаў італьянскага ёй прыйшлося выкручвацца і эканоміць. Нічога дзіўнага, што яе крыўдзіць і робіць няшчаснай думка, што Кэці, пасьля ўсіх тых ахвяр, здольная забыць аб гадах любові і блізкасьці. Што яе можа асьляпіць зьнянацку атрыманая пэрспэктыва багацьця і камфорту.
— Ужо час пасьпяшацца на аўтобус, — нагадала Кэці.
— Вядома, калі ты тага жадаеш.
— Натуральна, жадаю.
— Тады добра. — Фрэн апранула палітон, бачыўшы лепшыя дні. Яна пераабулася ў свае добрыя туфлі, што зусім не былі такімі ўжо добрымі. Кэці ўзгадала мяккія італьянскія скураныя туфлі яе бацькі. Яна ведала, што яны вельмі, вельмі дарагія.
— Avanti, — сказала яна. І яны пабеглі да аўтобуса.
На ўроку Фрэн апынулася ў пары з Луіджы. Сёньня ўвечары яго чорныя, сурова зьведзеныя бровы падаваліся яшчэ больш грознымі, як звычайна.
— Dov’e il cuore? — спытаў Луіджы. З-за яго дублінскай вымовы зразумець, аб якой частцы цела ён кажа, было вельмі складана. — Il cuore, — паўтарыў Луіджы, раздражняючыся. — Il cuore, дзеля Бога, найважнейшая частка цела.
Фрэн глядзела на яго адсутным поглядам. — Non so, — вымавіла яна.
— Вядома, ты ведаеш, дзе тваё чортава cuore, — у гэты момант Луіджы выглядаў значна больш непрыемным супраць звычайнага.
Ёй на дапамогу прыйшла Сыньёра. — Con calma per favore, — умяшалася яна, жадаючы ўсталяваць згоду. Яна падняла руку Фрэн і паклала на яе сэрца. — Ecco il cuore.