Выбрать главу

— Доўга ж ты яго шукала, — прабурчэў Луіджы.

Сыньёра паглядзела на Фрэн. Сёньня гэтая любасная жанчына была сама не свая. Звычайна яна прымала ва ўсім найжывы ўдзел і падбадзёрвала дачку.

Сыньёра ўдакладніла ў Пэгі Селіван. — Вы ж казалі мне, што спадарыня Кларк маці шаснаццацігадовай дзяўчынкі?

— Так, яна яе нарадзіла, калі ёй самой стукнула гэтулькі ж. Яе бацькі ўсынавілі дзяўчынку, але ўсім вядома, гэта дзіця спадарыні Кларк.

Сыньёра зразумела, што Кэці тое вядома не было. Але на гэтым тыдні абедзьве яны не ў сваёй талерцы. Магчыма, таемнае стала відавочным. Адчуваючы віну, яна паспадзявалася, што ня мае да тага дачыненьня.

Кэці вычакала тыдзеньчык, перш як патэлефанаваць Паўлю Мэлану па прамой лініі.

— Зараз прыдатны час для гутаркі? — пацікавілася яна.

— У мяне сёй-той у кабінэце, але я бы жадаў пагаварыць з табой, дык, калі ласка, не магла б ты хвіліначку пачакаць? — Яна пачула, як ён пазбавляецца ад кагосьці. Можа, ад кагосьці важнага. Кагосьці, мусібыць, добра знаёмага.

— Кэці? — Голас яго гучаў мякка і ветліва.

— Вы сапраўды мелі на ўвазе, што мы зможам калісьці сустрэцца ў нейкім месцы, не такім сумятлівым, як офіс?

— Вядома, я меў гэта на ўвазе. Падабедаем разам?

— Дзякуй, калі?

— Заўтра. Ведаеш Квеньцін?

— Я ведаю, дзе гэта.

— Выдатна. Як наконт першай гадзіны? Узгадняецца са школай?

— Зраблю так, каб ўзгаднялася. — Яна ўсьміхнулася і адчула, што ён таксама ўсьміхнуўся.

— Слушна, але ня варта цябе мець непрыемнасьці.

— Усё добра, не хвалюйцеся.

— Я рады, што ты патэлефанавала.

Яна вымыла галаву і дбайна апранулася, вылучыла сваю лепшую школьную кашулю, апрацавала блэйзер плямавыводнікам.

— Ты сёньня зь ім сустракаесься, — сказала Фрэн, гледзячы, як Кэці наваксоўвае туфлі.

— Я заўсёды казала, табе трэба працаваць у Інтэрполе, — адгукнулася Кэці.

— Не, ты мне ніколі такога не гаварыла.

— Мы проста падабедаем.

— Я табе ўжо казала, гэта тваё права, калі ты тага жадаеш. Куды вы зьбіраецеся?

— У Квеньцін. — Яна вырашыла сказаць праўду. Фрэн ўсё роўна рана ці позна пазнае. Лепей бы ён вылучыў штосьці не такое шыкоўнае, не такое далёкае ад іх звычайнага сьвету.

Фрэн прымусіла сябе знайсьці словы ўхвалы. — Што ж, гэта будзе цудоўна. Спадзяюся, ты атрымаеш задавальненьне. Ад усяго гэтага.

Кэці раптам зразумела, як мала ў гэтыя дні прымалі ўдзел ў іх жыцьці маці з татам, яны, падавалася, проста прысутнічалі дзесьці тут, на заднім пляне. Няўжо так было заўжды і яна папросту не прымячала?

Яна распавяла дзяжурнаму настаўніку, што сёньня ёй трэба да зубнога.

— Ты павінна паказаць квіток, — нагадаў настаўнік.

— Ведаю, але я так напалохалася, што зусім забыла яго ўзяць. Можна, я заўтра прынясу?

— Вядома, вядома.

Тое, што ўсе гэтыя гады яна лічылася стараннай, руплівай вучаніцай, прыносіла свой плён. Зараз яна магла лёгка зьліняць, карыстаючыся сваёй выдатнай рэпутацыяй.

Натуральна, яна паведаміла Хэррыет аб намеры прагуляць урокі.

— Што ты плянуеш гэтым разам? Прыбрацца дзеля яго мэдсястрой? — жадала ведаць сяброўка.

— Не, проста падабедаць у Квеньціне, — ганарліва адказала яна.

У Хэррыет сківіца адвісла. — Ты жартуеш.

— Ані. Я табе, калі вярнуся, сьпіс страў прынясу.

— У цябе самае захапляльнае асабістае жыцьцё з усіх, каго я ведаю, — з зайздрасьцю вытхнула Хэррыет.

Там было загадкава, файна і вельмі элегантна.

Прыгожая жанчына ў цёмным гарнітуры выйшла ёй насустрач.

— Дабрыдзень, будзьце ласкавы, я Брэнда Брэнан. Вы з кімсьці сустракаецеся?

У Кэці захапіла дух ад жаданьня стаць падобнай да гэтай жанчыны. Вось бы і Фрэн таксама магла быць такой. Упэўненай і дабразычлівай. Мабыць, жонка яе бацькі такая. Такой трэба нарадзіцца, навучыцца гэтаму немагчыма. Але можна навучыцца рабіць выгляд, што ты гэтулькі ў сабе ўпэўненая.

— У мяне сустрэча са спадаром Паўлам Мэланам. Ён сказаў, што замовіў столік а першай гадзіне. Я трохі раней часу.

— Дазвольце мне паказаць вам столік спадара Мэлана. Штосьці вып'еце пакуль?

Кэці замовіла Дыетычную Коку. Яе прынесьлі ў высокай крыштальнай шклянцы зь лёдам і кавалачкамі цытрыну. Яна павінна запомніць для Хэррыет кожнае імгненьне.

Ён ішоў, ківаючы гэнтаму століку і ўсьміхаючыся таму. Нейкі мужчына ўстаў, каб паціснуць яму руку. Да таго моманту, як ён апынуўся поруч яе, ён павітаўся з добрай паловай залі.

— Ты выглядаеш інакш, мне падабаецца, — сказаў ён.

— Ну, проста я не апранула жакет маці маёй сяброўкі і абышлася бяз тоны касмэтыкі, бо сёньня мне ня трэба было прарывацца праз сакратарыят, — засьмяялася яна.