— Можаш не распавядаць, — пазяхнула Хэррыет. — Ты ела вустрыцы і ікру.
— Не. Я замовіла carciofi і ягня. Жонка спадара Данна сядзела за касай. Яна пазнала блэйзер.
— Зараз табе канцы, — ухмыльнулася Хэррыет.
— Увогуле не, я ёй не сказала, хто я.
— Яна пазнае. Ты патрапіла.
— Годзе, ты ж не жадаеш, каб я патрапіла, ты прагнеш працягу маіх прыгод.
— Кэці Кларк, ведаеш, калі б нават мяне падскварвалі на вогнішчы, я бы сьцьвярджала, што лічыла цябе апошнім чалавекам на зямлі, у якога могуць быць прыгоды.
— Так ужо атрымалася, — радасна адказала Кэці.
— Асабісты выклік для спадарыні Кларк па трэцяй лініі, — пачула Фрэн паведамленьне і зьдзіўлена азірнулася. Яна выправілася ў пакой назіраньняў, месца, дзе яны маглі бачыць пакупнікоў, самі застаючыся незаўважанымі.
— Спадарыня Кларк, старэйшы мэнэджэр, — вымавіла яна, націснуўшы кнопку ўключэньня трэцяй лініі.
— Паўль Мэлан.
— Так?
— Я бы вельмі жадаў пагаварыць. Ня ўпэўнены, што ты захочаш сустрэцца.
— Ты маеш рацыю, Паўль. Я не крыўдую, але ня бачу сэнсу.
— Фрэн, магу я з табой трохі пагутарыць па тэлефоне?
— Зараз шмат спраў.
— У дзелавых людзей спраў заўжды шмат.
— Сам разумееш.
— Але што можа быць важней за Кэці?
— Для мяне нічога.
— І для мяне яна таксама вельмі важная, але …
— Але ты не жадаеш залішне абцяжарваць сябе.
— Зусім не. Я быў бы шчасьлівы зрабіць для яе ўсё, што ў маіх сілах, але ты выгадавала яе, ты зрабіла зь яе тое, што яна ёсьць, ты чалавек, які любіць яе больш за ўсё ў сьвеце. Я не жадаю раптам, сілай уварвацца ў ваша жыцьцё. Я жадаю, каб ты сказала мне, як будзе для яе лепш.
— Ты думаеш, я ведаю? Адкуль мне ведаць? Я жадаю для яе ўсяго ў сьвеце, але я не магу ёй тага даць. Калі ты можаш даць больш, зрабі гэта, дай гэта, дай гэта ёй.
— Яна вельмі шануе цябе, Фрэн.
— З табой яна таксама выдатна зладзіла.
— Яна ведае мяне ўсяго тыдзень ці два, цябе яна ведае ўсё сваё жыцьцё.
— Не катуй ёй сэрца, Паўль. Яна цудоўная дзяўчынка, для яе гэта было такім ударам. Я думала, яна ведае, здагадваецца, прызвычаілася з тым. У нашым асяродзьдзі гэта не такая ўжо рэдкасьць. Але пэўна я памылялася.
— Так. Але яна зладзіцца з гэтым. Яна пераняла твае гены. Ёй па сілах зладзіцца з акалічнасьцямі, добрымі альбо дрэннымі.
— І твае таксама, мужнасьць, напрыклад.
— Дык што мы будзем рабіць, Фрэн?
— Падамо гэта ёй.
— Яна можа мець ад мяне, што ёй заўгодна, але абяцаю, я ня буду імкнуцца забраць яе ў цябе.
— Я ведаю.
— І усё … добра, усё нармалёва?
— Так, усё добра.
— Яна сказала мне, вы абедзьве вывучаеце італьянскі. Сёньня ў рэстарацыі яна размаўляла па-італьянскі.
— Гэта ёй на карысьць, — падавалася, Фрэн задаволеная.
— Мы нядрэнна спрацавалі, Фрэн, хіба не?
— Так, вядома, — і яна павесіла трубку перш, як расплакалася.
— Што адзначае carciofi, Сыньёра? — спытала Кэці на занятках.
— Артышокі, Кацярына. Чаму ты пытаеш?
— Я хадзіла ў рэстарацыю і ў іх гэта было ў сьпісе страў.
— Я складала гэты сьпіс страў для маёй сяброўкі, Брэнды Брэнан, — ганарліва адзначыла Сыньёра. — Гэта было ў Квеньціне?
— Так, толькі не кажыце спадару Данну. Яго жонка працуе там, трохі манерная, мне здалося.
— Цалкам магчыма.
— Ой, паміж іншым, Сыньёра, памятаеце, вы неяк зазначылі, што думалі — Фрэн мая маці, а я сказала не, яна мая сястра?
— Так, так … — Сыньёра рыхтавалася даравацца.
— Вы былі цалкам правы, я не разумела тады, — мовіла Кэці, быццам найбольш натуральнай памылкай у сьвеце, якую хтосьці мог зьдзейсьніць, было прыняць маці за сястру.
— Ну, добра, што ўсё высьветлілася.
— Думаю, гэта сапраўды добра.
— Усё будзе выдатна, — Сыньёра глядзела на дзяўчынку сур'ёзна і ласкава. — Яна такая маладая, і такая цудоўная, і яна будзе побач з табой доўгія, доўгія гады, шмат даўжэй, як калі бы была старэй.
— Так, але я жадала бы, каб яна выйшла замуж, тады я бы не пачувалася такой вінаватай перад ёй.
— Яна яшчэ выйдзе.
— Баюся, яна выпусьціла свой шанец. Ён зьехаў у Амэрыку. Мне падаецца, Фрэн засталася з-за мяне.
— Ты можаш яму напісаць, — параіла Сыньёра.
Сяброўка Сыньёры, Брэнда Брэнан, была шчасьлівая пачуць, як добра ідуць справы з клясам. — На днях у мяне, падаецца, абедала адна з тваіх маленькіх вучаніц, на ёй быў блэйзер Выгляд-На-Гару і яна згадала, што вывучае італьянскі.