Выбрать главу

— Яна ела артышокі?

— Адкуль ты ведаеш? Ты мабыць экстрасэнс!

— Гэта Кэці Кларк … Адзінае дзіця, усе астатнія сталыя. Яна сказала, у вас працуе жонка Эйдана Данна. Сапраўды?

— А, той самы Эйдан, аб якім ты гэтулькі распавядаеш. Так, Нэл касір. Дзіўная жанчына. Шчыра кажучы, ня вельмі разумею, што яна зь сябе ўяўляе.

— Што ты маеш на ўвазе?

— Ну, вельмі кваліфікаваная, сумленная, хуткая. Любасная, аўтаматычна ўсьміхаецца наведвальнікам, памятае іх імёны. Але яна ў мілях адгэтуль.

— У мілях адгэтуль дзе?

— Падаецца, у яе раман, — урэшце вырашылася Брэнда.

— Немагчыма. З кім?

— Без паняцьця, яна такая ўтойлівая. Але яна часта пасьля працы з кімсьці сустракаецца.

— Годзе.

Брэнда не зьвярнула на тое ўвагі. — Такім чынам, калі ў цябе ёсьць на яго пляны, наперад, жонка ня здолее закідаць цябе камянямі.

— Ісусе, Брэнда, што за трызьненьне. У маім веку? Лепш скажы мне, з кім гэта Кэці Кларк сьнедала ў тваёй элегантнай рэстарацыі?

— Гэта дзіўна … яна была з Паўлам Мэланам, ведаеш, але ты, можа, і ня ведаеш ... бухгальтар, мае вялізны посьпех, ажаніўся на грашах Хайесаў. Плойма чароўнасьці.

— І Кэці была зь ім?

— Ведаю. Яна яму ў дачцы падыходзіць. Але калі шчыра, як даўжэй я тут працую, дык менш чамусьці зьдзіўляюся.

— Паўль?

— Кэці! Зусім зьнікла.

— Паабедаеце са мной, як дамаўляліся? Ня ў Квеньціне.

— Вядома, дзе ты прапаноўваеш?

— Я тут выйграла ў італьянскім клясе ваўчар у адно мястэчка, абед на дваіх, уключаючы віно.

— Толькі ня варта, каб ты зноў прагульвала.

— Я як раз зьбіралася прапанаваць суботу, калі гэта, вядома, не складана для вас.

— Ніякіх складанасьцяў, я ж табе казаў.

Яна паказала яму прыз, выйграны на курсах італьянскага.

— Мне вельмі прыемна, што ты вылучыла сваім госьцем мяне, — усьміхнуўся Паўль Мэлан.

— Жадаю з вамі параіцца. Мая справа трохі мае дачыненьне да грошаў, але гэта не жабраваньне.

— Уважліва цябе слухаю.

Яна загаварыла аб палёце ў Нью-Ёрк на Каляды. Вялікую частку аплаціць Кен, але на ўсё ў яго проста няма грошай, і ён ня можа там пазычыць; гэта ня тое што тут, дзе людзі, можна сказаць, жывуць у крэдыт.

— Распавядзі-ка мне падрабязьней, — прапанаваў Паўль Мэлан, бухгальтар.

— Ён быў такі рады, калі я напісала яму, што зараз ведаю аб усім, і што мне жудасна шкада, калі я ўстала ў іх на шляху. Ён напісаў мне ў адказ, што бязьмежна кахае Фрэн, і думаў аб тым, каб вярнуцца дзеля яе, але адчуваў, што можа тым толькі ўсё сапсаваць. Слова гонару, Паўль, я не магу даць вам пачытаць ліст, ён вельмі асабісты, але вам бы спадабалася, сапраўды спадабалася, вы былі бы за яе радыя.

— Упэўнены ў гэтым.

— Карацей, я назаву вам суму, што мне патрэбна. Каля трох сотняў фунтаў. Разумею, жахліва. Шмат грошаў. Але я ведаю аб рахунку, на які Фрэн уносіла для мяне грошы ў будаўнічую кампанію, дык гэта толькі ў пазыку. Калі мы іх злучым, я здолею адразу вярнуць вам доўг.

— Як жа нам даць грошы, каб гэта не выглядала так, як яно ёсьць насамрэч?

— Вы іх дасьце.

— Я гатовы даць табе ўсё што заўгодна, Кэці, і тваёй маці таксама. Але мы ня можам адкінуць чалавечы гонар.

— А Кену мы можам іх даслаць?

— Гэта можа закрануць яго гонар.

Яны замоўклі. Стольнік падышоў пацікавіцца, ці падабаецца ім ежа.

— Benissimo, — адказала Кэці.

— Мая … мая юная сяброўка запрасіла мяне сюды па ваўчары, што яна выйграла ў італьянскім клясе, — растлумачыў Паўль Мэлан.

— Вы, мусіць, вельмі разумная. — Стольнік паглядзеў на яе з павагай.

— Не, мне проста шанцуе ў лятарэях, — засьмяялася Кэці.

Паўль ледзь не прыскокнуў. — Вось яно, ты можаш выйграць парачку квіткоў на самалёт.

— Як я гэта зраблю?

— Ну, ты ж выйграла для нас два сьняданка ў гэтай установе.

— Таму што Сыньёра арганізавала, каб хтосьці у клясе атрымаў прыз.

— А хто замінае мне арганізаваць, каб хтосьці выйграў два квітка на самалёт?

— Гэта ж будзе падман.

— Лепш так, як выступаць у ролі апекуна.

— Магу я гэта абмеркаваць?

— Не мяркуй задоўга. Мы здолеем зладзіць гэтую ўяўную лятарэю.

— А Кену паведамім?

— На маю думку ня варта, — адказаў Паўль. — А ты як лічыш?

— Яму неабавязкова ведаць увесь сцэнар, — прыжмурылася Кэці. Гэта была фраза, якой часьцяком карысталася Хэррыет.

ЛУ

Калі Лу было пятнаццаць, трое мужчын з завострываньнямі ўварваліся ў крамачку яго бацькоў, забралі ўсе цыгарэты, падчысьцілі касу. Пакуль уся сям'я дрыжала за прылаўкам, прычуўся шум патрульнай машыны.