Выбрать главу

З быстрынёй маланкі Лу зьвярнуўся да большага з мужчын, — У заднія дзьверы, праз плот.

— Што жадаеш за гэта? — шапнуў хлопец.

— Бярыце цыгарэты, пакіньце грошы. Валіце.

Менавіта так яны і зрабілі.

Патрульныя лютавалі. — Як яны пазналі, што тут ёсьць заднія дзьверы?

— Мабыць, вывучылі раён, — сьцепануў плячыма Лу.

Бацька не на жарт злаваў. — Ты дазволіў ім сысьці са ўсім гэтым, ты, вісус, дазволіў ім сысьці, патрульныя маглі схаваць іх у астрог, калі б ты не перашкодзіў.

— Прыкінь, тат. — Лу падабалася тлумачыцца на гангстэрскі манер. — Тутака што сьцяміць трэба. Вязьніцы перапоўненыя, патрапяць яны пад амністыю, вернуцца, і цю-цю, каменя на камяні тут не пакінуць. Яны так заўжды робяць. Лічы, ты за дах забашляў.

— Жывеш, як у крывавых джунглях, — прагугняў бацька. Але Лу быў перакананы, што ўсё зрабіў слушна, і яго маці таямніцай зь ім згаджалася.

— Не чапай ліха, пакуль сьпіць ціха, — была яе прыказка. Выдай яны патрульным тых агрэсіўных злодзеяў з завострываньнямі, адзіны Бог ведае, чым бы ўсё скончылася.

Праз шэсьць тыдняў да іх завітаў набыць цыгарэты мужчына. Гадоў трыццаці, буйны, лысагаловы. Лу, вярнуўшыся са школы, якраз абслугоўваў пакупнікоў.

— Цябе як клічуць? — пацікавіўся лысы.

— Лу, — хлапчук адразу пазнаў голас рабаўніка, які запытваўся, «што ён за гэта жадае».

— Прызнаў мяне, Лу?

Лу зірнуў яму проста ў вочы — Упершыню бачу.

— Добры ты хлопец, Лу. Яшчэ пачуеш аб нас. — І чалавек, які шэсьць тыдняў таму умыкнуў у іх, размахваючы завострываньнем, пяцьдзесят блёкаў цыгарэт, любасна і ветліва адплаціўся за ўзяты зараз пачак. Прайшло ня так ужо шмат часу, і буйны чалавек увайшоў, трымаючы ў руцэ плястыкавы пакунак. — Сьцягна ягня для тваёй маці, — шапнуў ён і зьнік.

— Лепей бацьку аб тым не казаць, — вырашыла маці. Яна прыгатавала ягняціну да нядзельнага абеду.

Бацька Лу далдоніў, што яны не павінны дазваляць усялякаму няўлюдзьдзю паганаму развалакаць па навакольлях зьмесьціва іх крамы. Тое самае, верагодна, адчуваў і ўладальнік абрабаванай яткі.

Лу з маці меркавалі, што ня варта так гарачыцца. Буйны чалавек падаваўся Лу сучасным Робін Гудам, і, убачыўшы яго нездалёк ад хаты, ён папросту хітнуў яму. — Вітаньне.

Вялікі чалавек разрагатаўся: — Як маесься, Лу?

У глыбіні душы Лу спадзяваўся, што Робін зноў зьвяжацца зь ім. Ён разумеў, падараваўшы ягняціну, зь ім разьлічыліся. Але яго прыемна бударажыла думка аб блізкасьці да таемнага сьвету. Яму карцела атрымаць ад Робіна нейкае даручэньне. Не, удзельнічаць у нападзе і рабаваньні ён не жадаў. І машыну, ў якой пакідаюць месца злачынства, весьці б ня здолеў. Але вельмі вабіла магчымасьць патрапіць у штосьці захапляльнае.

Падчас вучобы ў школе ніхто да яго так і не зьвярнуўся. Лу ня быў старанным вучнем. У шаснаццаць ён ужо выправіўся замест клясу ў Цэнтар Занятасьці, без адмысловай, зрэшты, надзеі штосьці знайсьці. Адным зь першых, каго ён там пабачыў, апынуўся Робін, які вывучаў дошку аб'яў.

— Дабрыдзень, Робін, — у Лу вылецела з галавы, што імя гэта прыдуманае.

— Робін? Рабаўнік? Ты што гэта маеш на ўвазе? — перапытаў мужчына.

— Трэба ж было мне вас неяк зваць. Імя вашага я ня ведаю, вось і назваў так.

— Гэта што ў цябе, жарты такія бязглуздыя? — мужчына, падаецца, сур'ёзна раззлаваўся.

— Не, гэта як Робін Гуд, ведаеце, той хлопец … — голас яго абарваўся. Сказаць пра Вясёлых Малайцоў Лу пабаяўся. Раптам Робін вырашыць, што ён узгадвае блакітных. Бандыт альбо гангстэр гаварыць таксама язык не варушыўся. І хто яго, дурня, наогул прымушаў нейкае імя ўжываць?

— Калі ты ня вёў размову аб тых, хто рабуе людзей …

— Божухна, не, НЕ, — выгукнуў Лу, быццам сама думка аб тым была яму агідная.

— Тады добра, — Робін, падаецца, зьмякчэў.

— А як вас насамрэч клічуць?

— Робін цалкам падыдзе, бо мы зараз ведаем, што тут няма ніякага непаразуменьня.

— Ні ў якім выпадку.

— Цудоўненька. Ну, як маесься, Лу?

— Ня надта. Уладкаваўся на гандлёвы склад, ды ў іх там парадкі даўбеныя наконт паленьня.

— Ведаю, у іх скрозь тое самае. — Робін быў поўны спагады. Ён мог бы цэльную лекцыю прачытаць аб першай працы хлопчыка, што завяршылася роўна праз тыдзень. Можа і ў яго так было.

— Я табе вось што скажу. Уладкоўвайся сюды. — Ён ткнуў у аб'яву, запрашаўшую на працу прыбіральніка ў кінатэатар.

— Гэта ж для дзяўчынак. Хіба не?

— Тут ня вызначана. У нашы дні ніколі ня ведаеш.

— Ну і ваніты. — Лу ахапіла расчараваньне. Няўжо Робіну настолькі напляваць на яго? Мог бы штосьці лепей параіць.