— Я чуў, у тваіх продкаў з крамай надоечы сякія-такія нягоды здарыліся?
Як Робін аб тым пазнаў? — Была справа, недагрызкі нейкія наведаліся.
— Ну так зь імі трошкі пагутарылі, клёк ўправілі. Больш яны да вас ня сунуцца. Маленькі сыгнал нашым сябрам паліцыянтам і яны даведаюцца, дзе шукаць выкрадзенае. Заўтра ўжо ўсё павінна быць нармалёва.
— Вельмі ласкава, Робін. Шчыры дзякуй.
— Ды няма за што. Мне гэта толькі ў задавальненьне, — засьведчыў той. Лу чакаў. — Працуеш зараз?
— Нічога такога, што нельга было бы зьмяніць, калі трэба.
— Жвавае мястэчка, як лічыш? — Робін хітнуў на бар поруч якога яны стаялі. Паперкі па дзесяць і дваццаць фунтаў так і мільгацелі. — Начная выручка, падаецца, неблагая.
— Так, але ў іх, напэўна, парачка дужых хлопцаў ды аўчарка, каб дастаўляць грошы ўначы ў сэйф.
— Не, як ні дзіўна, — ухмыльнуўся Робін. Лу зноў вычакаў. — У іх ёсьць вэн, што развозіць службоўцаў па хатах гадзіне а трэцяй раніцы. Апошнім выходзіць мэнэджэр. Пры ім спартовая кайстра. Выглядае ўсё так, быццам там яго адзеньне, насамрэч там выручка.
— І ён сам кладзе грошы ў сэйф?
— Не, ён забірае іх дахаты. А ледзь пазьней хтосьці пад'яжджае да яго, бярэ грошы і адвозіць іх у сэйф.
— Нешта залішне мудрагеліста.
— Не без таго, але ж вельмі навакольле тут бандыцкае. — Робін неўхваляльна пакруціў галавой. — Ніхто сюды інкасатараў адпраўляць ня хоча, занадта небясьпечна. — Робін так змрочна нахмурыўся, быццам гэта іх жыцьцю пагражаў нейкі жах.
— І большасьць ведаць ня ведае аб гэтых парадках, аб мэнэджэру зь яго спартовай кайстрай?
— Сумняваюся, каб аб тым наогул хтосьці ведаў.
— Нават вадзіла вэна?
— Нават ён.
— А што, на твой погляд, можа камусьці спатрэбіцца?
— Напрыклад, каб хтосьці выпадкова даў задні ход перад іх вэнам і хвіль на пяць зачыніў бы яму праезд. — Лу хітнуў. — Хтосьці, у каго ёсьць машына, не засьвечаныя правы кіроўцы і звычка рэгулярна сюды наведвацца.
— Файная ідэя.
— У цябе ёсьць машына?
— Не, Робін, на жаль, няма. Правы ёсьць, звычка хадзіць сюды — таксама. А вось тачкі няма.
— Што, ніколі ня марыў набыць?
— Марыць марыў … нават вельмі, ды магчымасьці не ставала.
— Дагэтуль. — Робін падняў шклянку.
— Дагэтуль, — адгукнуўся Лу. Ён ведаў, пакуль Робін не дасьсі яму ведаць, нічога ня трэба прадпрымаць. Пасьля ўхвалы Робіна яго апаноўвала весялосьць. Ён, зьлёгку нахмурыўшыся, зірнуў на дзяўчынку непадалёк і яна адразу запрасіла яго патанчыць. Даўно ён сябе так выдатна не адчуваў.
— Вы не паверыце, але паліцыя знайшла ўсе да адзінай рэчы з узятага гэтымі блазьнюкамі, — паведаміў на іншы дзень бацька. — Цуд, ды і толькі.
Праз тры дні яны атрымалі з аўтасалёна ліст, квіток аб аплаце і па ўсіх правілах запоўненую дамову куплі-продажы. Спадар Лу Лінч аплаціў дэпазыт у памеры двух тысяч фунтаў і абавязаўся выплачваць штомесячныя ўнёскі. Падпісаць дамову і забраць машыну можна на працяг трох дзён.
— Я машыну зьбіраюся ўзяць, — сказаў Лу бацькам.
— Выдатна, — узрадавалася маці.
— Неспасьціжна, што могуць сабе дазволіць людзі на дапаможнік па беспрацоўі, — прагугнявіў бацька.
— Ніякага дапаможніка я не атрымоўваю, — абражана чмыхнуў Лу.
Ён працаваў у вялікай краме электратавараў. Падвозіў лядоўні і мікрахвалёўкі да багажнікаў пакупнікоў. Ён разьлічваў, што ў такое месца калісьці зойдзе Робін і там яго адшукае. Яму і ў галаву не прыходзіла, што гэта здарыцца на дыскатэцы.
Ён з гонарам аб'ехаў навакольлі за рулём уласнай машыны. У нядзелю раніцай яны з маці пракаціліся ў Глендалах.
— У маладосьці я марыла сустрэць хлопца з машынай, але гэтага так і ня здарылася.
— Гэта ж здарылася зараз, маці, — мякка мовіў Лу.
— Твой тата лічыць, ты пайшоў па благой дарожцы. Ён кажа, на твой заробак такую машыну купіць немагчыма.
— А ты як думаеш, ма?
— Я наогул ня думаю, сыначка.
— І я таксама, ма.
Гэта было за шэсьць тыдняў да таго, як Лу зноў сустрэўся з Робінам. Той зазірнуў у вялізную краму і набыў тэлевізар. Лу дапамог яму паставіць скрыню ў машыну.
— Рэгулярна бываеш на дыскатэцы?
— Два-тры разы на тыдзень. Яны мяне ўжо па імі ведаюць.
— Трошкі маркотная мясьціна.
— Што рабіць. Дзесьці ж трэба патанчыць, выпіць.
— Залатыя словы. Мне вось цікава, ты там і сёньня будзеш?
— Зразумела.
— Можа, піць ня варта? Раптам падыхаць у прабірку прыйдзецца.
— Бадай, ноч на мінэралцы час ад часу кожнаму на карысьць.
— Я табе, мабыць, добрае мястэчка для паркоўкі адвячоркам параю.
— Было б файна. — Больш ён ні аб чым не пытаў. Робіна, падаецца, вабіла яго звычка ня соўгаць нос у залішнія рэчы.