Увечары, а дзесятай, ён прыпаркаваўся ў азначаным Робінам месцы. Варта падаць назад, і выезд з алеі на галоўны шлях апынецца заблякаваным. У пасажыраў вэна ён, відавочная рэч, будзе як на далоні. Машына заглухне. І адмовіцца кратацца нягледзячы на ўсе яго высілкі. Але да тага моманту ў яго яшчэ пяць гадзін.
Ён увайшоў у залю і на працягу пятнаццаці хвілін сустрэў тую самую дзеўчыну, якую, як ён заўжды мроіў, здолее пакахаць і пражыць зь ёй да канца свайго жыцьця. Клікалі гэтую высокую прыгажуню з файнымі рудымі валасамі Сьюзі. Яна сказала, што прыйшла на дыскатэку ўпершыню. Дома ёй стала моташна і яна вырашыла выветрыцца і паглядзець, што падаруе ёй ноч.
Ноч падаравала ёй Лу. Яны танчылі і размаўлялі. Ёй спадабалася, што ён п'е мінэралку. Ад большасьці хлопцаў проста патыхае півам. Ён прызнаўся, што часам п'е піва, але ў слушных колькасьцях.
Яна працавала ў кавярні ў Тэмпл Бары. Ім падабаліся адны і тыя фільмы, адна і тая музыка. Абодва любілі карры і не разумелі, як магчыма ўлетку плаваць у халодным моры. Абодва марылі калісьці наведацца у Амэрыку. Маючы галаву на плячах за чатыры з паловай гадзіны аб чалавеку можна безьліч усяго пазнаць. І усё, што Лу пазнаў аб Сьюзі, яму спадабалася. Пры нармалёвых акалічнасьцях ён мог бы падвезьці яе дахаты.
Але акалічнасьці не былі нармалёвымі. І машыну ён атрымаў толькі дзякуючы гэтым далёкім ад нормы акалічнасьцям.
— Я бы падкінуў цябе дахаты, але ў мяне тут трошкі пазьней сустрэча з адным хлопцам. — Можа, ня варта было так казаць. Раптам потым, калі яго будуць распытваць, гэта выкліча падазроны? Бо распытваць яго будуць. А калі праводзіць яе пешкі, а пасьля вярнуцца назад? Увогуле магчыма, але Робін настойваў, каб ён нікуды не адлучаўся.
— Я сапраўды жадаю сустрэцца з табой зноўку, Сьюзі, — сказаў ён.
— Ну, я б таксама не адмовілася.
— Скажам, заўтра ўвечары? Тут альбо ў цішэйшым мястэчку?
— Так сёньняшні вечар скончаны? — пацікавілася Сьюзі.
— Для мяне так, але слухай, заўтра мы здолеем быць разам гэтулькі, колькі захочам.
— Ты жанаты?
— Не, зусім не. Гэй, мне ўсяго дваццаць. Зь якой нагоды я павінен быць жанаты?
— Некаторыя жэняцца і раней.
— Толькі ня я. Так я цябе заўтра пабачу?
— А куды ты зьбіраесься зараз?
— У прыбіральню.
— Ты займаесься наркотыкамі, Лу?
— Далібог, не, вядома. Гэта што, допыт?
— Гэта толькі тое, што ты зьбіраесься правесьці ноч за картачным сталом. — Менавіта гэтым ён і зьбіраўся заняцца. Самае тое, каб цябе зазначылі, убачылі, запомнілі.
— Ты памыляесься. Слухай, сонейка, мы з табой заўтра файна правядзем час, у сэнсе, пойдзем, куды ты толькі пажадаеш.
— Угу.
— Не, не угу … калі ласка, я вельмі спадзяюся.
— Дабранач, Лу. — У яе голасе прадзімалі крыўда і раздражненьне. Яна апранула жакет і сышла.
Ён прагнуў кінуцца за ёй. Ды што гэта за нешанцаваньне такое. Хоць плач.
Хвіліны цягнуліся невыносна марудна, пакуль не надышоў час дзейнічаць. Ён апошні выйшаў з клюбу і адправіўся да сваёй машыны. Вычакаў, пакуль вэн запоўніцца і запаліць фары. І у той самы момант зачыніў яму шлях. Потым прыняўся заводзіць рухавік зноўку і зноўку, заліваючы сьвечкі і робячы выгляд, што ня можа кратацца.
Апэрацыя спрацавала як гадзіньнік. Лу, не зьвяртаючы ні на каго ўвагі, гуляў ролю чалавека, які ў адчаі спрабуе завесьці машыну. Зазначыўшы, што цёмныя постаці пераскочылі праз плот і схаваліся, ён зьдзіўлена паглядзеў на счырванеўшы твар мэнэджэра, які ўпаў у паніку. Гарапашнік кідаўся, заклікаючы аб дапамозе і патрабуючы паліцыю.
Лу бездапаможна сядзеў у машыне. — Я не магу прыбраць яе адгэтуль. Я імкнуся.
— Гэта адзін зь іх, — закрычаў хтосьці. Моцныя рукі круп'е і бармэнаў схапілі яго.
— Гэй, гэта ж Лу Лінч, — нездарма ён мазоліў ім вочы.
— Ды ў чым справы? Спачатку мая тачка не жадае кратацца, потым вы ўсе накідваецеся на мяне. Што здарылася?
— Выгандляваныя грошы выкрадзеныя, вось што здарылася. — Мэнэджэр ведаў, яго кар'ера скончана. Ён ведаў, наперадзе доўгія гадзіны ў кампаніі з паліцыяй. Так яно і адбылося. Для ўсіх.
Адзін з паліцыянтаў пазнаў адрэсу Лу. — Я ж там быў надоечы. Шпана ўзламала краму і абчысьціла.
— Я ведаю, афіцэр. Мае бацькі вам жудасна ўдзячныя. Вы так хутка ўсё знайшлі.
Паліцыянту прыемна было пачуць словы падзякі пры такой навале народу, ды да таго ж за тое, што само зь неба звалілася. Лу панаракаў на нешчасьлівы зьбег акалічнасьцяў. Супрацоўнікі запэўнілі дэтэктываў, што выдатна ведаюць яго. Такі цудоўны хлопец ня можа быць зьвязаны з рабаўнікамі. У буйнай краме электратавараў яму далі добрую характарыстыку. Грошы за яго машыну ўносіліся своечасова. У крыві ў яго не выявілі аніводнай унцыі алкаголю. Лу Лінч быў чысты як шкельца.