Яму стала млосна, калі ён убачыў, як Робін спахмурнеў. — Калі ўжо ты аднойчы зьвязаўся, дык зьвязаны назаўжды. — Лу маўчаў. — Па-іншаму ніяк, — дадаў Робін.
— Зразумела, — адказаў Лу, і таксама нахмурыўся, каб давесьці, наколькі добра ён усё зразумеў.
Сьюзі сказала, што сёньня ўвечар будзе занятая. Яна паабяцала даць помач звар'яцелай пажылой італьянцы, якая здымае ў бацькоў пакой, прыбраць прыбудову ў школе Выгляд-На-Гару для нейкіх вечаровых клясаў.
— Чаму ты павінна тое рабіць? — бурчэў Лу. Ён разьлічваў схадзіць у кіно, дзесьці пасьнедаць, а потым адправіцца зь Сьюзі у ложак ў яе маленькай кватэрцы. Яму зусім не ўсьміхалася ў адзіноце абмяркоўваць той факт, што раз ужо ты аднойчы зьвязаўся з тым чалавекам, шляху зварот няма.
— Пайшлі разам, — прапанавала Сьюзі, — хутчэй зробім.
Лу пагадзіўся, і яны выправіліся ўдзьвюх. У школьную прыбудову вёў асобны ўваход. Там меўся вэстыбюль, вялікі кляс, дзьве прыбіральні і кухенька. Пры вэстыбюлі каморка, заваленая скрынкамі. Пустымі скрынкамі.
— І што тут трэба рабіць? — пацікавіўся ён.
— Пастараемся давесьці гэтае месца да парадку, каб калі пачнуцца заняткі, яно выглядала трошкі лепей, ня так падобна да сьметніка, — растлумачыла дзівосная жанчына, якую яны звалі Сыньёрай. Бяскрыўдная, але вельмі дзіўная, і валасы выфарбаваныя ў нейкі няўяўны колер, што нагадвае стракатую кабылу.
— Скрынкі выкідаем? — спытала Сьюзі.
Памарудзіўшы, Лу прапанаваў: — Я бы здолеў пачысьціць іх і скласьці тутака ладненька. Ніколі ня ведаеш, навошта можа спатрэбіцца колькі скрынак.
— Для італьянскіх клясаў? — зь недаверам перапытала Сьюзі.
Але тут яе перапыніла Сыньёра. — Не, ён мае рацыю. Мы іх здолеем выкарыстаць у якасьці сталоў, калі будзем вучыцца рабіць замовы ў італьянскай рэстарацыі. Яны могуць паслужыць крамнымі прылаўкамі альбо машынамі ў гаражы. — Яе твар проста зьзяў.
Лу паглядзеў на яе са зьдзіўленьнем. Яна сапраўды не ў сваім розуме, але ў гэтую хвілю ён яе амаль што любіў. — Выдатная жанчына Сыньёра, — сказаў ён, і прыняўся старанна складаць скрынкі роўнымі шэрагамі.
Ён ня мог патэлефанаваць Робіну, але ўвогуле не зьдзівіўся, калі на працы яго паклікалі да тэлефона.
— Ня варта сёньня з табой сустракацца. Цацачныя салдацікі зусім з глузду зрушылі. Апошнія дні кроку не магу зрабіць, каб за мной штук пяць не ўвязалася.
— Я сёе-тое адшукаў.
— Ня меў сумневу ў тваіх здольнасьцях.
Лу распавёў яму, дзе гэта разьмешчанае і аб тым, што па аўторкам і чацьвяргам там будзе зьбірацца чалавек па трыццаці.
— Фантастыка, — захапіўся Робін. — Ты запісаўся?
— Куды?
— У гэты кляс, зразумела.
— Ісусе, Робін, я па-ангельскі ледзь размаўляю, куды мне італьянскі вучыць?
— Я на цябе разьлічваю, — адрэзаў Робін і кінуў слухаўку.
Увечары дома яго чакаў канвэрт зь пяцьцю сотнямі і цыдулкай. — На непрадбачаныя выдаткі ў сувязі з вывучэньнем італьянскага. — Так, патрапіў ён у вокладку.
— Што ты зьбіраесься рабіць?
— Але ты ж сама казала, мне трэба зьмяняць сваё жыцьцё. Хіба ж не?
— Я мела на ўвазе, табе трэба падумаць аб кар'еры, аб больш аплачваемай працы. Я ня думала, што ты звар'яцееш і пачнеш вывучаць замежную мову. Лу, у цябе дах паехаў. Гэта каштуе цэльны скарб. Бедная Сыньёра няўпынна хвалюецца, што людзі ня змогуць гэтулькі плаціць. І раптам ты, невядома дзеля чаго, вырашаў запісацца. Не разумею.
Лу нахмурыўся больш звычайнага. — Калі бы ўсе ўсё заўжды разумелі, жыцьцё было б занадта сумнае.
Ён ішоў на першы ўрок італьянскага, нібы прысуджаны да шыбеніцы. Гады за школьнай партай пакінулі яму ня лепшыя ўспаміны. Зараз яго чакалі новыя зьневажаньні. Але першыя ўражаньні апынуліся на зьдзіўленьне прыемнымі. Спачатку гэтая звар'яцелая Сыньёра запытала як іх клічуць і раздала фацэтныя каляровыя кавалкі кардона, каб яны запісалі свае імёны, але пісаць трэ было італьянскі варыянт імя.
Лу ператварыўся ў Луіджы. Яму гэта нават спадабалася. Дадавала значнасьці.
— Mi chiamo Luigi, — сказаў ён, і, нахмурыўшыся, паглядзеў на астатніх. Падаецца, гэта іх уразіла.
А наогул дзіўная падабралася кампанія. Напрыклад, жанчына, абчэпленая такімі каштоўнасьцямі, якія ніводны чалавек у цьвярозым розуме не начапляў бы, выпраўляючыся ў Выгляд-На-Гару. Ды яшчэ прыехала на БМВ. Лу спадзяваўся, што прыяцелі Робіна ня выкрадуць гэтае БМВ. Жанчына сымпатычная, і вочы ў яе сумныя.
Яшчэ тут быў вельмі рахманы пажылы парцье па імі Лапік, хоць на значку ў яго значылася Луіджы. Былі маці з дачкой, ашаламляльная бляндынка Элізабэт з сур'ёзным прыяцелем пры гальштуку і яшчэ тузін асоб, якія незразумела як тут апынуліся. Самі яны, цалкам магчыма, сваю прысутнасьць у гэтым клясе дзіўнай не знаходзілі. У іх, мабыць, не ўзьнікала пытаньняў нават аб тым, што ён тут робіць.