Затое сам ён цягам двух тыдняў мучыўся гэтым пытаньнем, пакуль, нарэшце, Робін ня даў аб сабе ведаць. Некалькі пакаваньняў прывязуць у аўторак, рыхтык каля сямі трыццаці, калі кляс пачне запаўняцца. Яму трэба прасачыць, каб пакаваньні без праблем трапілі ў каморку пры вэстыбюлі.
З гэтым мужыком у анараку Лу ня быў знаёмы. Ён проста выглядзеў вэн. Такая безьліч народу прыехала. Хто на роварах, хто на матацыклах. Тая самая кабета на БМВ. Дзьве жанчыны на Таёце… На вэн ніхто і ўвагі не зьвярнуў.
Пакаваньняў апынулася чатыры штукі. Іх хуценька занесьлі. Вэн і мужык у анараку выправіліся сваім шляхам.
У чацьвер ён загадзя падрыхтаваў гэтыя чатыры пакаваньня, каб аддаць хутчэй. Усё зрабілі за пару сэкунд. Ён патрапіў у любімчыкі, стала дапамагаючы настаўніцы са скрынкамі. Час ад часу яны накрывалі іх чырвонай гафрыраванай паперай і штосьці на іх клалі.
— Quanto costa il piatto del giorno? — пытала Сыньёра і ўсе яны паўтаралі гэтае пытаньне зноў і зноў, пакуль не маглі самі спытаць аб любой рэчы і падняўшы, напрыклад, нож, сказаць: — Ecco il coltello!
Магчыма, трохі па-дзіцячаму, але Лу падабалася. Ён ужо нават уяўляў, як аднойчы яны са Сьюзі паедуць у Італію і ён, не міргнуўшы вокам, замовіць ёй bicchiere di vino rosso.
Неяк Сыньёра падняла цяжкую скрынку. Пакунак з таварам.
У Лу сэрца сышло ў пяткі. Ён хутка загаварыў: — Паслухайце, Сыньёра, давайце я вазьму вось гэтыя, яны пустыя.
— Але што ў гэтай скрынцы? Чаму яна такая цяжкая?
— Хто ж іх, школьных, разьбярэ? Нешта паклалі. Нам скрынкі навошта сёньня патрэбныя?
— Яны будуць паказваць гатэлі, alberghi. Albergo di prima categoria, di seconda categoria.
Лу ўсё зразумеў і яму гэта было прыемна. — Можа, я і ня быў у школе такім даўбешкай, — сказаў ён Сьюзі. — Мо мяне проста дрэнна вучылі.
— Мабыць, — безуважліва адгукнулася Сьюзі. Яе турбавала іншае. Нейкія нягоды паўсталі з Джэры; маці з татам выклікалі да дырэктара. Па іх словам, там нешта сур'ёзнае. І як раз пасьля таго, як у яго ўсё так добра наладзілася і ён стаў займацца лепш са зьяўленьнем у хаце Сыньёры. І хатнія заданьні робіць і ўсё такое. Ня можа быць, каб ён выкраў нешта альбо … Нават розуму неспасьціжна.
Цяжка, калі працуеш у кавярні, адмовіць сабе ў задавальненьні паслухаць, што распавядаюць наведвальнікі. Сьюзі ужо магла бы напісаць кнігу аб Дубліне, якая складаецца толькі з падслуханых зрыўкаў гутарак.
Людзі абмяркоўвалі праведзеныя таемна ад усіх выходныя. Плянавалі новыя флірты і махлярствы з падаткамі. Смакавалі няўяўныя скандалы, датычныя палітыкаў, журналістаў, тэлезорак … можа ў гэтым не было ні словы праўды, але ўсё роўна валасы ўздымаліся. Адылі часьцей за ўсё самымі хвалюючымі аказваліся самыя звычайныя гутаркі. Шаснаццацігадовая дзяўчынка выявіла што цяжарная, ёй прыйдзецца сысьці з хаты і шукаць муніцыпальную кватэру. Пара, якая займаецца падробкай пасьведчаньняў асобы, абмяркоўвае рэнтабэльнасьць куплі новага абсталяваньня. Лу вельмі спадзяваўся, што Робін ніколі ня стане абмяркоўваць зь сябрукамі свае пляны ў гэтай кавярні.
Сьюзі магла бясконца шураваць нейкі столік, калі побач вялася цікавая гутарка. У кавярню ўвайшоў сярэдніх гадоў мужчына з дачкой, сымпатычнай бялявай дзяўчынай у гарнітуры банкаўскай служэлай. Бог яго ведае, хто ён па прафэсіі, гэты элегантны доўгавалосы чалавек. Можа, журналіст ці паэт. У іх, падаецца, цяжкасьці. Сьюзі пастаралася трымацца бліжэй.
— Я пагадзілася сустрэцца з табой толькі таму, што ў мяне на працы ўтварылася паўгадзінкі вольных, а мне больш падабаецца выпіць кубак добрай кавы замест тых памыяў, што падаюць у нашым буфэце.
— Калі бы ты ні вырашыла зайсьці, цябе чакае выдатная кававарка і чатыры розных гатунку кавы. — Гэта прагучала ня вельмі па-бацькоўскі. Больш пахадзіла на словы каханка. Але ён такі стары. Сьюзі працягвала церці стол і прыслухвацца да размовы.
— Жадаеш сказаць, што карыстаесься ёй?
— Практыкуюся патрохі ў чаканьні таго дня, калі ты вернесься і я здолею зрабіць табе Коста Рыку альбо Блю Мантан.
— Доўга ж табе прыйдзецца чакаць.
— Але мы ж можам паразмаўляць? Калі ласка, — узмаліўся ён. Сьюзі змушаная была прызнаць, што ён вельмі нават нічога, гэты немалады мужчына.
— Мы і размаўляем, Тоні.
— Думаю, я кахаю цябе.
— Нічога падобнага. Ты кахаеш успаміны аба мне і ня здольны вытрываць, што я ня вешаюся табе на шыю, як усе астатнія.