Коні, жанчына з аўто і аздобамі, прывезла шэсьць пляшак Фраскаці. Яна сказала, што знайшла іх у багажніку машыны свайго мужа. Падаецца, ён падрыхтаваў іх, каб расьпіць з сваёй сакратаркай. Лепш выпіць іх тут. Ніхто так і не зразумеў, ці трэба ўспрымаць яе словы сур'ёзна. Да таго ж у школе трунак забаронены. Але Сыньёра паведаміла, што ўсё ўзгоднена з Дырэктарам, спадарам А’Брайнам, таму турбавацца аб гэтым аспэкты ня варта.
Сыньёра не зьлічыла патрэбным дадаць, што Тоні А’Брайн знаходзіць досыць бяскрыўднымі колькі келіхаў віна, выпітых па выпадку шчадрэца сталымі людзьмі, ў параўнаньні з трапіўшымі ў школу цяжкімі наркотыкамі і лёгкасьцю, зь якой дзеці рушаць на гэты жахлівы шлях.
— Як вы правялі мінулыя Каляды? — спытаў Луіджы ў Сыньёры без усялякага чыньніку, проста таму, што сядзеў побач зь ёй, тым часам як усе salute, molto grazie ды va bene вакол іх ішлі сваёй чаргой.
— На мінулыя Каляды я слухала начную імшу і глядзела на майго мужа Марыё і яго дзяцей у іншым канцы царквы.
— А чаму вы ня селі зь імі?
— Гэта было б няслушна, — усьміхнулася яму Сыньёра.
— А потым ён памёр, — хітнуў Лу. Сьюзі упэўнівала яго, што Сыньёра ўдава, хоць маці Сьюзі і лічыць яе пераапранутай манашкай.
— Усё дакладна, Лу. Потым ён памёр, — мякка пацьвердзіла Сыньёра.
— Mi dispiace. Troppo triste, Сыньёра.
— Так, мой хлопчык, але жыцьцё нікога не шкадуе.
Ён зьбіраўся пагадзіцца зь ёй, але раптам яго быццам нешта штурханула.
Сёньня чацьвер, а мужчына ў анараку не зьявіўся. Вэн не прыехаў на школьны двор. Школу замкнуць на два тыдня з ўсім зьмесьцівам каморкі, чым бы там яно ні было. Што ж, дзеля ўсяго сьвятога, яму зараз рабіць?
Сыньёра пажадала ўсім шчасьлівых Каляд, вечар завяршаўся. Лу разгубіўся. Машыны ў яго пры сабе няма. Нават калі ўзяць таксоўку, як зараз, калі ўсе ўжо расходзяцца, растлумачыць, зь якой нагоды ён вязе з каморкі чатыры цяжкія скрыні. А патрапіць сюды ў наступны раз ён зможа не раней за восьмае студзеня. Робін яго заб'е.
Робін сам вінаваты. Ні кантактнага тэлефону не пакінуў, ні інструкцый на выпадак нестасоўкі. Мусібыць, нешта здарылася з тым, хто павінен быў забраць груз. Вось дзе апынулася слабае зьвяно. Але хіба ж тое загана Лу? Яго ганіць ніхто ня здолее. Зь іншага боку, ён павінен хутка цяміць і не губляць кантролю над сытуацыяй. За гэта яму плацяць, і плацяць няблага. Што ж рабіць?
Народ пачаў расхадзіцца. З ўсіх бакоў чуліся разьвітальныя воклічы.
Лу прапанаваў вынесьці сьмецьце. — Я не магу вам дазволіць важдацца са ўсім гэтым, вы і так занадта добры да мяне, — запярэчыла Сыньёра.
Гугліема і Барталамеа падахвоціліся дапамагчы яму. Ні ў якім іншым месцы ня мог бы ён па-сяброўскі вадзіцца з гэтымі хлопцамі, сур'ёзным банкаўскім клеркам і кіроўцам грузавіка. Разам яны выцягнулі мехі са сьмецьцем на школьны двор і ў апраметнай цемры адшукалі сьмецьцевыя бакі.
— Сыньёра надзвычай файная, хіба ж не? — зазначыў Барталамеа.
— Лізі лічыць, у яе раман са спадарам Даннам, ну ведаеце, які курыруе наш кляс, — адгукнуўся Гугліема.
— Годзе, — натапырыўся Лу. І прагне ім пляткарыць.
— Калі гэта так — гэта ж выдатна, — выказаў сваё меркаваньне Барталамеа.
— Але ў іх узросьце … — пакруціў галавой Гугліема.
— Можа, калі нам будзе гэтулькі, мы будзем лічыць гэта самай звычайнай рэччу ў сьвеце, — уступіўся за Сыньёру Лу. Незразумела, што лепш: адпрэчыць гэтую недарэчную здагадку ці настойваць, што нічога натуральней ня мае быць.
Скрынкі па-ранейшаму не давалі яму супакою. Сэрца латашылася, нібы шалёнае. Ён разумеў, што змушаны зрабіць штосьці жудаснае; яму прыйдзецца падмануць гэтую цудоўную добрую жанчыну зь дзіўнымі валасамі. — Як вы даберацеся дахаты? Вас спадар Данн праводзіць? — нядбайна паведаміўся ён.
— Так, ён абяцаў зайсьці за мной. — Яна выглядала трохі паружавелай і ўсхваляванай. Ад віна, посьпеху вечарыны і прамалінейнасьці зададзенага Лу пытаньня.
Сыньёра разумела, калі Луіджы, ня самы цямлівы зь яе вучняў, зазначыў нешта, дык ў клясе гэта даўно не сакрэт. Яе гадзіла думка, што іх зносіны з Эйданам Даннам могуць быць вытлумачаныя скажона. Урэшце, паміж імі няма нічога акрамя чыстага сяброўства. Але калі тыя чуткі дойдуць да яго жонкі, яго дачок … ці аб іх пазнае спадарыня Селіван. Гэта цалкам магчыма, яе дачка заручаная з Луіджы.