Прыкра сапсаваць рэпутацыю пасьля гэтулькіх гадоў разважлівага і абачлівага жыцьця. І потым, гэта так няшчыра. Эйдан Данн ставіцца да яе выключна як да добрага сябра. Больш нічога. Але для іншых людзей, людзей накшталт Луіджы, больш практычных, усё можа малявацца зусім у іншых фарбах.
Ён жартаўліва ўсьміхнуўся ёй. — Выдатна. Хаціце, я замкну? Ідзіце наперад, я вас даганю. Мы сёньня трохі спазьніліся.
— Grazie, Luigi. Troppo gentile. Толькі ўпэўніцеся, што добра замкнулі дзьверы. Ці бачыце, праз гадзіну пасьля нашага адыходу замкі правярае вартаўнік. Спадар А’Брайн на гэты конт вельмі строгі. Мы яшчэ ні разу не пакідалі дзьверы адчыненыя. Было б вельмі непрыемна пад канец праштрафіцца.
Вох, пакінуць дзьверы адчыненыя, як ён плянаваў, не атрымаецца. Прыйдзецца тыя дзьверы, ліхаманка іх бяры, замкнуць. Лу ўзяў ключ. Ён вісеў на вялікім цяжкім кольцы ў абліччы савы. Недарэчная дзіцячая прымочка, затое вялікая. Ніхто такую ня зблытае, і не падумае, што яна ў торбе, калі яе там няма.
З быстрынёй маланкі ён апрануў на блазенскую саву свой ключ, а ключ Сыньёры зьняў. Потым замкнуў дзьверы, хуткім крокам дагнаў Сыньёру і кінуў ключ ёй у торбу. Да наступнага сэмэстру ён ёй не спатрэбіцца. А нават калі спатрэбіцца раней. Ён усё ўладкуе, неяк верне ў яе торбу сапраўдны ключ. Зараз галоўнае, каб яна сышла дахаты, упэўненая, што ключ у яе.
Ён ня бачыў, каб спадар Данн выйшаў зь ценю і ўзяў яе за руку, але не зьдзівіўся бы, апыніся гэта праўдай. Трэба распавесьці Сьюзі. Сёньня, дарэчы, лепш застацца ў Сьюзі на ноч. Бацькоўскі ключ ён толькі што аддаў.
— Сёньня я начую ў Фіёны, — паведаміла Гранія.
— Брыджэт падняла на яе вочы ад сваёй талерцы з памідорамі.
Нэл Данн працягвала чытаць. — Цудоўна, — кінула яна, не адрываючыся ад кнігі.
— Дык убачымся заўтра ўвечары, — працягвала Гранія.
— Выдатна, — яе маці па-ранейшаму захаплялася кнігай.
— Сапраўды выдатна, — чмыхнула Брыджэт.
— І ты бы цалкам магла кудысьці схадзіць, Брыджэт, калі б жадала. Зусім не абавязкова сядзець тут, уздыхаючы над памідорамі. Магла бы таксама ў Фіёны застацца.
— Так, бо у яе цэлы палац, мы там усе зьмесьцімся.
— Годзе, Брыджэт. Заўтра пярэдадне Каляд. Разьвесяліся.
— Мне, каб весяліцца, не абавязкова маніць.
Гранія спалохана азірнулася, але маці нічога не зазначыла. — Так, на тое мы ўсе здольныя, — панізіла яна голас. — Але ж мы не катуем усіх вакол сваімі празьмернымі сьцёгнамі. Якія, дарэчы, гэта табе хто заўгодна пацьвердзіць, цалкам нармалёвыя.
— Хто табе казаў аб маіх сьцёгнах? — насьцярожылася Брыджэт.
— Цэльны натоўп людзей прыходзіў сёньня ў банк з дэманстрацыяй пратэсту. Вой, Брыджэт, годзе, у цябе файная постаць. Кінь усе тыя дыеты.
— Дыеты? — Брыджэт выдала штосьці накшталт сьмяшку. — Ты раптам стала чароўнай і тактоўнай. Няйначай, твой каханы ізноў матэрыялізаваўся.
— Які каханы? Ну, які? Ты нічога ня ведаеш! — малодшая сястра нарэшце здолела давесьці Гранію да шаленства.
— Лічыш, я не прымячаю, як ты няўпынна стогнеш і абціраеш сьлёзкі? І табе хапае нахабства казаць аб маім ўздыханьні над памідорамі? Ад тваіх уздыхаў ужо вецер па пакоі шпацыруе. Не я падскокваю на тры мэтра ад кожнага тэлефоннага бразгату. Хто бы ён ні быў, ён жанаты. І ты пачуваесься да чорту вінаватай.
— Ты заўжды і ва ўсім памылялася. З самога твайго нараджэньня. Але тут ты перасягнула саму сябе. Ён не жанаты. І не ажэніцца, засячы сабе на носу, калі я яму адмоўлю.
— А-я-ё, так усе кажуць, каму да сьмерці заручальны пярсьцёнак надзець карціць, — прашыпела Брыджэт, без найменшага запалу тыкаючы відэльцам у памідоры.
— Я сышла, — Гранія вырашыла спыніць бойку. — Скажы таце, што начаваць ня буду. Хай замыкае дзьверы.
Іх бацька зараз рэдка зьяўляўся на кухні падчас вячэры. Ён ці плянаваў у сваім пакоі колер сьценаў і падбіраў малюнкі, ці вёў ў школе бясконцыя гутаркі аб вечаровым клясе.
Эйдан Данн зазірнуў у школу на выпадак, калі Сыньёра яшчэ апынецца на месцы, але ўсё было зачынена. У паб яна ніколі адна ня ходзіць. У кавярні перад закрыцьцём занадта людна. У хату Селіванаў ён ёй ніколі не тэлефанаваў і ня можа зараз пачаць.
Але ён сапраўды прагнуў убачыцца зь ёй да Каляд, уручыць невялікі падаруначак. Яму патрапіў мэдальён зь невялікай галоўкай Леанарда ды Вінчы ўсярэдзіне. Танны, але, падаецца, вельмі прыдатны. Эйдан спадзяваўся, яна апране яго на Каляды. Загорнуты ў залатую паперу з надпісам Buon Natale. Потым гэта будзе ўжо ня тое.
Зрэшты, магчыма і тое, але яму так карцела трошкі паразмаўляць зь ёй. Аднойчы яна сказала, што ў канцы вуліцы, на якой стаіць хата Селіванаў, ёсьць мур. Там яна часам сядзіць, глядзіць на горы і разважае аб тым, як зьмянілася яе жыцьцё. Аб тым, што Vista del Monte зараз азначае для яе школу. Магчыма, яна і зараз там.