Эйдан Данн ішоў праз ажыўлены раён. Ва ўсіх вокнах зьзялі калядныя агеньчыкі. У хатах спусташаліся пляшкі піва. Нічога падобнага на тое, што бачыла Сыньёра летась. Тады яна сустракала Каляды са ўсімі гэтымі італьянцамі ў сыцылійскай вёсачцы.
Яна сапраўды сядзела там, вельмі ціхая і спакойная. І падаецца, увогуле не зьдзівілася. Ён сеў побач.
— Я прынёс ваш Калядны падарунак.
— А я прынесла ваш, — яна трымала вялікі пакунак.
— Адкрыем зараз? — не цярпелася яму.
— Чаму не?
Яна разгарнула мэдальён, ён — вялікую, яркую, італьянскую, жоўтую з залатым талерку з украпваньнямі пурпуру. Ідэальна для яго пакоя. Словы падзякі і захапленьня былі сказаныя ад шчырага сэрца. Яны сядзелі на старым муру нібы юнакі, якім няма куды падацца.
Стала зусім зімна і абодва ўзьняліся неяк адначасова.
— Buon natale, Сыньёра. — Ён пацалаваў яе ў шчаку.
— Buon natale, Эйдан, caro mio, — сказала яна.
У краме электратавараў у пярэдадне Каляд напружаныя працоўныя гадзіны цягнуліся дапазна. Чаму, цікава, людзі чакаюць да апошняга, каб вырашыцца на куплю электрычнага кансэрвавага нажа, відэамагнітафона, электраімбрыка? Лу адрабіў увесь дзень не разгінаючы сьпіны. Час ішоў да зачыненьня, і тут на склад увайшоў Робін з квітанцыяй аб аплаце. Лу чакаў яго зьяўленьня.
— Шчасьлівых Каляд, Лу.
— Buon natale, Робін.
— Што-што?
— Ты ж сам прымусіў мяне вывучаць італьянскі. Зараз у мяне з ангельскім прутка.
— Ды вось я, уласна, прыйшоў табе сказаць, што курсы можна кінуць, як толькі захочаш.
— Жартуеш?
— Сапраўды. Падгарнулася іншае памяшканьне. Але табе прасілі перадаць удзячнасьць за бездакорнае уладкаваньне справы.
— Як жа апошні груз? — твар Лу стаў бялейшым за мел.
— А што зь ім?
— Ён усё яшчэ там.
— Жартуеш.
— Лічыш, я здольны жартаваць такімі рэчамі? Ніхто не зьявіўся ў чацьвер. Нічога не забралі.
— Варушыся трохі, выдай чалавеку яго купляньне. — Старэйшаму пакавальніку карцела хутчэй замкнуць склад.
— Давай квіток, — шапнуў Лу.
— Гэта тэлевізар для цябе і для Сьюзі.
— Не магу я ўзяць яго. Яна зразумее, што тут справа нячыста.
— Чаму нячыста? Хіба я не заплаціў за яго? — абразіўся Робін.
— Ты выдатна разумееш, аб чым я кажу. Я пастаўлю яго ў тваю машыну.
— Я і зьбіраўся падкінуць цябе да яе кватэры з гэтай каляднай неспадзеўкай.
Гэта апынуўся самы дарагі тэлевізар ва ўсёй краме. Апошняга пакаленьня. Сьюзі Селіван ніколі ня прыме ніякіх тлумачэньняў наконт таго, як падобная рэч апынулася ў яе кватэрцы.
— Паслухай, у нас ёсьць нягоды больш сур’ёзныя, чым гэты тэлік. Пачакай тут. Я атрымаю заробак і мы сьцямім, што можна зрабіць са школай.
— Ты, пэўна, сякія-такія крокі ўжо распачаў.
— Не без таго. Але раптам хібныя.
Лу вярнуўся ў краму і далучыўся да сваіх хлопцаў. Яны атрымалі грошы, выпіўку і прэміяльныя, пасьля чаго ён на вачах ва ўсіх адправіўся да прыпаркаванага на іх стаянцы пікапу, у якім сядзеў буйны мужчына, а за сядзеньнем прытуліўся вялізны тэлевізар.
— У мяне ёсьць ключ ад школы, але аднаму Богу вядома, што за шаленца яны нанялі, каб хадзіць вакол школы і правяраць дзьверы ў самы непрыдатны час. Тамтэйшы Дырэктар нават маньяк нейкі.
Ён выняў ключ, што не пакідаў з тага моманту, як зьняў яго ў Сыньёры з кольца.
— Ты кемлівы хлопчык, Лу.
— Ды ўжо больш кемлівы за тых, хто не сказаў мне, што рабіць, калі гэты доўбень у анараку ня зьявіцца. — Ён быў злы, засмучаны і напалоханы. Сядзець у машыне, прыпаркаванай поруч уласнай працы, са злачынцам і з гіганцкім тэлевізарам, прыняць які ён ня можа. Выкрасьці ключ, пакінуць у школе партыю наркотыкаў. Ён адчуваў, што больш паходзіць не на разумнага чалавека, а на скончанага ёлупня.
— Ну вядома, вечна зь людзьмі складанасьці, — уздыхнуў Робін. — Так і прагнуць цябе падставіць. Хтосьці нас падвёў. Больш ён працаваць ня будзе.
— А што яго чакае? — з жахам спытаў Лу. Уяўленьне малявала яму вінаватага ўладальніка анаракі мёртвым, прыціснутым да дна Ліффі цэмэнтавымі блёкамі.
— Я ж сказаў, яму ўжо ніколі з намі не працаваць.
— Можа, у яго машына зламалася альбо дзіця ў лякарню патрапіла. — Лу і сам ня мог зразумець, чаму яго абараняе. Гэты чалавек усё ім сапсаваў.
Калі бы ня гэты тып, ён бы ўжо пазбавіўся ад той фатыгі. Людзі Робіна знайшлі новае памяшканьне. Дзіўна, але ён прагнуў працягваць заняткі. Ён атрымоўваў ад іх задавальненьне. Ён нават мог бы паехаць у заплянаванае Сыньёрай падарожжа. Улетку, у Італію. Добра, што курсы зараз ня трэба выкарыстоўваць у якасьці затуленьня. Ніхто яго ня ганіў, бо ніхто нічога ня выявіў. Месца апынулася ўдалым і спакойным. Усё бы сышло добра, калі б ня чорт лазаты, які праляскаў апошні чацьвер.