— Яго пакараюць тым, што ніколі больш на гарматны стрэл да працы не падпусьцяць, — Робін са шкадаваньнем пакруціў галавой.
Нарэшце замігцела сьвятло ў канцы тунэлю. Вось што трэба зрабіць, каб атрымаць волю. Дастаткова парушыць абавязацельствы. Ня зладзіцца адзін раз з працай, і да цябе ніколі больш ня зьвернуцца. Элемэнтарна. Калі б раней ведаць. Але гэтую справу заваліў ня ён. Гэтым разам пацярпеў мужык у анараку, а ён здабыў ключ і, верагодна, выратаваў сытуацыю. Прыйдзецца чакаць іншай магчымасьці.
— Робін, гэта твая машына?
— Не, вядома не. Сам ведаеш. Пазычыў у прыяцеля адвезьці вам з малой тэлевізар. А ты тут … — Ён па-дзіцячаму надзьмуўся.
— Паліцыя за табой на гэтай машыне сачыць ня будзе, — услых разважаў Лу. — Ёсьць думка. Можа, яна і не спрацуе, але больш мне нічога ў галаву не трапляе.
— Распавядзі-ка.
І Лу распавёў.
Час набліжаўся да паўночы, калі Лу пад'ехаў да школы. Заднім ходам падагнаў пікап да дзьвярэй прыбудовы, азірнуўся па баках, і, упэўніўшыся, што яго ніхто ня бачыць, увайшоў унутр.
Амаль ня дыхаючы, ён прабраўся ў камору. Чатыры скрыні стаялі на сваім месцы. Такія ж як заўжды, па выглядзе не адрозьніш ад пакаваньня тузіна пляшак віна, толькі апазнавальных знакаў ніякіх і папярэджаньне «Увага, шкло!» адсутнічае. Адну за адной ён з асьцярогай падняў іх і вынес за дзьверы. Пасьля, напнуўшыся, перацягнуў у кляс вялізны тэлевізар пад акампанэмэнт уласнага пыханьня. Занатоўку ён напісаў загадзя адмыслова набытымі ў начной краме каляровымі алоўкамі.
— Buon natale a Lei, Signora, e a tutti, — казалася ў ёй.
Школа атрымала тэлевізар. Скрыні вызваленыя. Ён адвязе іх да месца, дзе іншы чалавек, на іншай машыне сустрэне яго і моўчкі іх забярэ.
Лу задумаўся аб жыцьці людзей, якія раптам маглі камусьці спатрэбіцца ў калядную ноч. Ён спадзяваўся, што ніколі ня будзе адным зь іх.
Цікава, што скажа Сыньёра, калі ўбачыць тэлевізар. Яна яго першая выявіць? Альбо псіх Тоні А’Брайн? Ён там, падаецца, дзень і ноч гойсае. Вось яны зьдзівяцца. Будуць думаць ды варажыць. Перабіраць вэрсіі.
Паходжаньне падарунку застанецца таямніцай. Усё правераць і ўпэўняцца, што нічога ня выкрадзена. Гэтую галаваломку ім ня вырашыць. Таямнічае пранікненьне зь цягам часу забудзецца. Урэшце, нічога ня зьнікла, нічога не разбурана.
Нават раздражняльнаму спадару А’Брайну прыйдзецца з гэтым зьмірыцца.
Затое ў школе змогуць карыстацца выдатным тэлевізарам, ды яшчэ зь відэа. І хутчэй за ўсё ў вечаровым клясе. Бо зьявілася ўсё там.
А наступнае даручэньне Робіна Лу ня здолее выканаць. Пасьля чаго, які жаль, Лу паведамяць, каб надалей ён на працу не разьлічваў. І ён зможа, нарэшце, распараджацца ўласным жыцьцём.
Гэтай каляднай раніцай ён пачуваўся, як выціснутая цытрына. Яны зазірнулі да бацькоў Сьюзі на гарбату з калядным пірагом. Сыньёра, як заўжды ціхмяная, гуляла з Джэры ў шахі.
— Шахі! — са зьдзіўленьнем прашаптала Сьюзі. — Мой братка разабраўся ў шахах. Падаецца, цудам ня будзе спыненьня.
— Сыньёра! — выгукнуў Лу.
— Луіджы. — Яна быццам радая была яго бачыць.
— Ведаеце, мне бірульку для ключоў падаравалі, роўна як ваша, — пахваліўся ён. Сустракаліся такія, шчыра кажучы, на кожным кроку, дык нічога дзіўнага.
— Як мая сава? — Сыньёра заўсёды з задавальненьнем падтрымлівала гутарку на любы тэмат.
— Аге ж! Цікава, яны чымсьці адрозьніваюцца? Дазволіце зірнуць?
Яна выняла саву з торбы. Лу, зрабіўшы выгляд, што параўноўвае кольцы, падмяніў ключы. Зараз ён быў у бясьпецы. І яна таксама. Ніхто ніколі не ўзгадае гэтую бяскрыўдную кароткую гутарку. Трэба начаўпці пабольш аб іншых падарунках і ўсё зьмяшаецца.
— Божухна, я ўжо думала, гэты Лу сёньня не замоўкне, вось слота, — паскардзілася Пэгі Селіван, пакуль яны з Сыньёрай мылі посуд. — Падаецца, раней у такіх выпадках гаварылі «кружэлку заела». Зараз, пэўна, трэба казаць «заела CD».
— Памятаю гэты выраз. Аднойчы я спрабавала растлумачыць яго Марыё, але ў перакладзе шмат губляецца. Ён так і не зразумеў, што я мела на ўвазе.
Пэгі ніколі не адважвалася распытваць гэту дзіўную жанчыну аб яе жыцьці, але ў той момант перашкоды нібы зьніклі. — Сыньёра, а вам не карцела на Каляды з роднымі пабыць? — спытала яна.
Сыньёра ані не выглядала зьбянтэжанай. Яна адказала ўдумліва і павольна, як адказвала на пытаньні Джэры. — Не, разумееце, мне б гэта задавальненьня не прынесла. Ненатуральна ўсё было бы. Ды і потым, я гэтулькі раз бачылася з маці і зь сёстрамі, ніхто зь іх не прапанаваў тага. У іх сваё жыцьцё, у мяне сваё. Ці наўрад мы здолеем калісьці зьблізіцца. Не дасі тое нам шчасьця. А сёньня, тут, з вашай сям'ёй, я была шчасьлівая. — Яна стаяла спакойная і ціхамірная. На шыі ў яе красаваўся новы мэдальён. Яна не распавяла, адкуль ён у яе, а спытаць ніхто ня вырашыўся. Не адчуваў ніхто за сабою такога права.