— А мы, Сыньёра, вельмі, вельмі радыя, што вы з намі, — упэўніла яе Пэгі Селіван, якая нават уявіць сабе не магла, як яны жылі раней, бяз гэтай дзіўнай жанчыны.
Заняткі аднавіліся ў першы чацьвер студзеня. Вечар выдаўся студзёны, але ўсе прышлі. Ні адзін чалавек з трыццаці, якія запісаліся ў верасьні, не прапусьціў урок. Для вечаровага кляса сапраўдны рэкорд.
І кіраўніцтва школы было тут. Дырэктар Тоні А’Брайн і спадар Данн. Іх твары сьвяціліся. Здарылася цалкам неверагодная рэч. Кляс атрымаў падарунак. Сыньёра, як дзіця, ледзь не пляскала ў ладкі ад задавальненьня.
Хто мог тое зрабіць? Хтосьці тутэйшы? З кляса? Ня мог бы ён паведаміць? Файна было б падзякаваць яго альбо яе. Усе былі зьбянтэжаныя, але падумалі, вядома, на Коні.
— Не, мне бы хацелася, сапраўды хацелася, каб да гэтага дадумалася я. Але на жаль... — Коні мусібыць пачувалася не ў сваёй талерцы. Яна ня спраўдзіла іх надзей.
Дырэктар выказаў сваё захапленьне, але разам з тым і непакой. Калі ніхто не датычны да тага выдатнага падарунку, прыйдзецца зь меркаваньняў бясьпекі зьмяніць замок. Бо ў кагосьці, выходзіць, ёсьць ключ. Сьляды ўзлому адсутнічаюць.
— У банку на гэта паглядзелі бы інакш, — не ўтрымаўся ад камэнтару Гугліема. — Яны бы прапанавалі пакінуць усё як ёсьць. Раптам гэты невядомы на будучым тыдні падаруе нам стэрэасыстэму?
Лярэнца, а ў рэчаіснасьці гасьцінічны парцье Лапік, дадаў, што ўсе бы зьдзівіліся, пазнаўшы, колькі ў Дубліне ключоў, якімі можна адчыніць адзін і той замок.
Нечакана Сыньёра падняла галаву і пільна паглядзела на Луіджы. Луіджы адвёў погляд.
— Калі ласка, няхай яна прамаўчыць, — паўтараў ён. — Калі ласка, яна павінна зразумець, ад тага нікому лепш ня будзе, толькі горш. — Ён ня ведаў, ці маліўся ён Богу, альбо проста мармытаў тыя словы самому сабе, але ён тага прагнуў. Ён прагнуў тага больш за ўсё ў сьвеце.
І гэта, падаецца, спрацавала. Яна таксама адвяла погляд.
Пачаўся ўрок. Пасьля караценькага апытаньня высьветлілася, што яны ўсё пазабывалі. — Наперадзе вялізная праца, калі яны сапраўды зьбіраюцца ў падарожжа, — паведаміла Сыньёра. Прысаромленыя, кінуліся яны на змаганьне са сказамі, што так лёгка даваліся ім да двухтыднёвага перапынку.
Пасьля ўроку Лу памкнуўся высьлізнуць неўпрыцям.
— Не дапаможаце мне сёньня са скрынкамі, Луіджы?
— Scuzi, Signora, дзе яны? Зусім з галавы вылецела.
Яны аднесьлі скрынкі ў каморку, што адгэтуль ніколі ўжо ня будзе прыстанкам ні для чаго небясьпечнага.
— Мм … спадар Данн прыйдзе праводзіць вас дахаты, Сыньёра?
— Не, Луіджы. А вось вы часьцяком праводзіце Сьюзі, дачку маіх гаспадароў.
— Але ж вы ведаеце, Сыньёра. Мы заручаныя.
— Так, менавіта гэта мне і хочацца з вамі абмеркаваць. Змовіны і кольца. Un anello di fidanzamento, як мы гэта завем у Італіі.
— Так, так, кольца для нявесты, — Лу не хапала цярплівасьці.
— Звычайна гэта не смарагды, Луіджы. Не сапраўдныя смарагды. Вось што дзіўна.
— Опсь! Годзе, Сыньёра, якія сапраўдныя смарагды? Вы жартуеце. Звычайныя шкельцы.
— Гэта смарагды, uno smeraldo. Я у тым разьбіраюся. Падабаецца мне да іх дакранацца.
— Яны, Сыньёра, робяць іх усё лепей і лепей. Нават немагчыма адрозьніць сапраўдны камень ад падробкі.
— Луіджы, гэты кляйнодзік каштуе тысячы.
— Сыньёра, паслухайце …
— Ды і кошт тэлевізару складае сотні і сотні, магчыма, больш за тысячу фунтаў.
— Аб чым размова?
— Ня ведаю. Мабыць вы мне скажаце?
Ні адзін настаўнік у школьныя гады не прымушаў Лу пачувацца такім прысаромленым і зьбянтэжаным. Бацьку з маці ніколі не атрымоўвалася прымусіць яго падпарадкавацца, ўжо ня кажучы аб сьвятару. І раптам ён прыйшоў у жах ад пэрспэктываў страціць павагу гэтай незвычайнай жанчыны.
— Я скажу … — пачаў ён. Яна чакала, захоўваючы дзіўную нерухомасьць. — Скажу, што ўсё скончана. Тое не паўторыцца.
— Гэтыя рэчы, дзівосны смарагд і выдатны тэлевізар, яны крадзеныя?
— Не, на самай справе не. За іх заплацілі. Не я, той чалавек, на якога я працаваў.