Выбрать главу

— Але больш вы на яго не працуеце?

— Не, клянуся. — Ён прагнуў, каб яна паверыла яму. Вочы яго былі красамоўней за словы.

— Такім чынам, з парнаграфіяй скончана.

— Скончана з чым, Сыньёра?

— Ну вядома, Луіджы, я адчыняла тыя скрынкі. Мяне так палохала, што ў школе апынуцца наркотыкі, і малы Джэры, брат Сьюзі … я баялася, што менавіта гэта вы захоўваеце ў каморцы.

— Тое былі не яны? — голас адмаўляў яму.

— Вы ж ведаеце, што не. Гэта былі непрыстойныя дурасьці, судзячы па малюнках на вокладках. Верагодна, узьдзеяньне такіх рэчаў вельмі згубна для маладых уразьлівых душ.

— Вы глядзелі іх, Сыньёра?

— Зразумела, не. У мяне няма відэамагнітафона, а нават калі б і быў …

— І вы нічога не сказалі?

— Я доўгія гады пражыла нікому нічога не распавядаючы. Гэта ўвайшло ў звычку.

— І пра ключ вы ведалі?

— Толькі сёньня ўвечары зразумела. І адразу ўзгадала лухту, што вы вярзьлі наконт бірулек. Навошта вам гэта спатрэбілася?

— Колькі скрынак выпадкова засталося тут пасьля Каляд.

— Няўжо вы не маглі пакінуць іх тут, замест таго каб красьці ключы, потым класьці на месца?

— Гэта бы ўсё ўскладніла.

— А тэлевізар?

— Тут доўгая гісторыя.

— З задавальненьнем паслухаю.

— Ну, мне яго падарылі за … э, захоўваньне … э-э, скрынь з касэтамі. А я не жадаў несьці яго да Сьюзі, паколькі … ну, разумееце, я ня мог. Яна бы здагадалася. Пазнала бы аб усім.

— Але зараз ужо няма нічога, аб чым ёй магло бы стаць вядома.

— Так, Сыньёра. — Ён стаяў, павесіўшы галаву, пачуваючыся чатырохгадовым малым.

— In bocca al lupo, Луіджы, — сказала Сыньёра і зачыніла за ім дзьверы на некалькі абарачэньняў. А потым патузала клямку і ўпэўнілася, што зачынена надзейна.

КОНІ

Калі Канстанцыі А’Коўнэр споўнілася пятнаццаць, яе маці забараніла салодкае і тлустае. Зьніклі цестачкі да гарбаты, масла зьмяніў абястлушчаны маргарын, з цукеркамі і шакалядам таксама давялося разьвітацца.

— Ты трохі не ў гуморы, даражэнькая, — адзначыла маці, калі Канстанцыя паспрабавала спрачацца.

— Ніякай карысьці ня будзе ад урокаў тэніса, ад усіх шыкоўных месцаў, куды мы ходзім, калі ў цябе будзе тоўсты азадак.

— І дзеля чаго ўсё гэта?

— Каб прывабіць прыдатнага мужа, — засьмяялася маці. І перш як Коні здолела запярэчыць, працягнула: — Дай веры, я ведаю, што кажу. Я не пераконваю, што гэта справядліва, але такое жыцьцё. Так чаму б не гуляць па правілах, калі яны нам вядомыя?

— Можа, гадах у саракавых, калі ты была маладой, і былі такія правілы, але з тага часу ўсё зьмянілася.

— Дай веры, — зноўку пачала маці. Гэта быў яе каронны выраз, яна штодня заклікала людзей даць ёй веры. — Нічога не зьмянілася. Што саракавыя, што шасьцідзесятыя, ім па-ранейшаму патрэбны зграбныя, вытанчаныя жонкі. Тым мужчынам, якія патрэбныя нам, патрэбныя менавіта такія жанчыны. Радуйся, што табе гэта вядома, а большасьці тваіх аднаклясьніц — не.

Коні вырашыла высьветліць у бацькі. — Ты ажаніўся на маці, таму што яна была зграбнай?

— Не, я ажаніўся на ёй, бо яна была любаснай, цудоўнай і добрай, і даглядала за сабою. Я ведаў, што жанчына, якая даглядае за сабою, будзе рупіцца аба мне, аб табе, калі ты зьявісься, і аб нашай хаце. Такія вось справы.

Коні вучылася ў дарагой школе для дзяўчынак.

Маці заўжды патрабавала, каб яна запрашала да вячэры і на выходныя сябровак. — Тады яны пачнуць запрашаць цябе, ты здолееш пазнаёміцца зь іх братамі, сябрамі.

— Ой, маці, якая лухта. Мне тыя сьвецкія знаёмствы цалкам ні да чаго. Неяк абыдуся.

— Не абыдзесься, — настойвала маці.

І гадоў у сямнаццаць-васямнаццаць Коні выявіла сябе акружанай менавіта тымі людзьмі, якіх вылучыла для яе маці: сыны лекараў, сыны юрыстаў, юнакі, бацькі якіх мелі посьпех у бізнэсе. Некаторыя фацэтныя, іншыя — ёлупы ёлупнямі. Але Коні ведала, калі яна паступіць ва ўнівэрсытэт, усё пойдзе іншым чынам. Яна здолее вырвацца з тага заварожанага кола. Здолее завесьці сваіх уласных сяброў, а не здавольвацца знаёмствамі, прыдатнымі з пункту гледжаньня маці.

Яе залічылі ў Дублінскі Ўнівэрсытэт дакладна напярэдадні дзевятнаццатага дня народзінаў. Яна прайшлася па ўнівэрсытэцкім мястэчку, пакруцілася поруч інтэрнатаў, пасядзела на некалькіх публічных лекцыях, каб менш хвалявацца, калі ў кастрычніку пачнуцца заняткі.

Але ў верасьні здарылася неверагоднае. Пайшоў з жыцьця яе бацька. Дантыст, які ільвіную дзель свайго часу марнаваў на гольф, чыя пасьпяховая практыка квітнела пад крылцам фірмы яго стрыя, павінен быў жыць вечна. Так ўсе казалі. Не паліў, выпіць мог, толькі каб падтрымаць кампанію, ніколі не забываў зрабіць зарадку. Ніякіх стрэсаў у яго жыцьці.