Выбрать главу

Але ж аб яго прыхільнасьці да рызыкоўных гульняў ніхто не падазраваў. Да апошняга моманту ня ведаў ніхто, безумоўна, і аб яго пазыках. Таму хату прыйдзецца прадаць. Таму грошай на ўнівэрсытэт ня будзе ні ў Коні, ні ў яе братоў.

Маці Коні сустрэла гэтую навіну зь ледзяным спакоем. Яна цудоўна трымалася на пахаваньнях. Запрашаючы ўсіх у хату на салаты і віно, паўтарала: — Рычарду было б прыемна.

Чуткі ўжо пачалі распаўзацца, але яна трымала галаву высока ўзнятай. І толькі калі яны з Коні засталіся адны, толькі тады дазволіла яна сваім пачуцьцям вырвацца вонкі. — Калі б ён не памёр, я б забіла яго, — паўтарала яна ізноў і ізноў. — За тое, што ён з намі зрабіў, я бы вытрасла зь яго жыцьцё ўласнымі рукамі.

— Бедны татачка. — У Коні было мяккае сэрцайка. — Ён, пэўна, пачуваўся вельмі няшчасным з-за таго, што спусьціў грошы на сабак і канёў. Думаю, ён на нешта спадзяваўся.

— Апыніся ён тут, твар да твару са мной, ён бы хутка сьцяміў, на што ён павінен быў спадзявацца.

— Але калі бы ён быў жывы, ён мог бы растлумачыць, паспрабаваць адыграцца, распавесьці нам. — Коні жадала захаваць добрую памяць аб сваім бацьку, такім добрым, рахманым. Ён, у адрозьненьне ад маці, не мітусіўся і не тыраніў хатніх бясконцымі законамі і пастановамі.

— Годзе чаўпці, Коні. Зараз ня час. Наша адзіная надзея на тваё ўдалае замужжа.

— Маці! Спыні вярзьці лухту, маці. У найблізкія гады замуж я выходзіць ня маю намеру. Я зьбіраюся скончыць ўнівэрсытэт, потым жадаю павандраваць. Ну а гадоў у трыццаць можна будзе і сям'ёй абзавесьціся.

Твар у маці стаў каменным. — Давай раз і назаўжды ўсё высьветлім. Унівэрсытэту ня будзе. Хто будзе аплачваць рахункі? Хто будзе цябе ўтрымліваць?

— Што ты мне прапаноўваеш замест тага?

— Выбіраць табе асабліва не прыходзіцца. Будзеш жыць з роднымі па мячы. Ягоным дзядзькам і братам за яго вельмі сорамна. Некаторыя зь іх у курсе, некаторыя не. Але яны маюць намер даць табе магчымасьць пражыць у Дубліне год, пакуль ты ня скончыш курсы сакратароў, і адначасна, магчыма, яшчэ штосьці. Пасьля ты як мага хутчэй уладкуесься на працу і выйдзеш замуж за кагосьці прыдатнага.

— Але маці … я зьбіраюся вучыцца, усё ж вырашана, мяне прынялі.

— На тое рашэньне прыйдзецца забыцца.

— Гэта няшчыра. Гэта увогуле немагчыма.

— Скажы аб тым свайму нябожчыку бацьку. Гэта яго рук справы, не маіх.

— Але магу я працаваць і вучыцца адначасова?

— Не атрымаецца. Яго сваякі адмовяцца цярпець цябе ў сваёй хаце, калі ты пачнеш працаваць прыбіральніцай альбо прадаўшчыцай. А іншай працы табе зараз не знайсьці.

Магчыма, яна павінна была дужацца ўпарцей, казала сабе Коні. Але гэта было складана, калі ўлічыць, які быў час. І якімі няшчаснымі і разгубленымі былі ўсе яны.

А як палохала яе пэрспэктыва жыцьця зь незнаёмымі роднымі, тым часам як маці з двайнятамі мелася зьехаць у правінцыю, да крэўных маці. Вярнуцца ў гарадок, пакінуты з такім трыюмфам шмат гадоў таму … маці лічыла гэта найцяжкім выпрабаваньнем.

— Яны ж будуць спачуваць табе, значыць будуць да цябе ўважлівыя, — Коні спрабавала суцешыць маці.

— Мне не патрэбныя ні іх патоля, ні іх увага. Мне патрэбен мой гонар. А гэтага ён мяне пазбавіў. Вось чаго я яму ніколі не дарую, да апошняга ўздыху.

На курсах сакратароў Коні сустрэла Веру, сваю аднаклясьніцу.

— Мне жудасна шкада, што твой бацька згубіў усе свае грошы, — неадкладна выпаліла Вера і вочы Коні напоўніліся сьлязьмі.

— Гэта быў жах, — адказала яна. — Страціць бацьку цяжка ў любым выпадку, але ж выяўляецца, мы яго і ня ведалі ніколі, ён апынуўся зусім іншым чалавекам.

— Вой, ды ведала ты яго, ты толькі ня ведала, як яму на скачках гуляць падабаецца. Але ён бы ніколі тага не рабіў, калі б разумеў, як вам кепска будзе.

У Коні стала лягчэй на душы ад сустрэчы з такім добрым і спагадлівым чалавекам. І хоць у школе яна і Вера ніколі не былі блізкія, у гэты момант дзяўчынкі сталі лепшымі сяброўкамі.

— Думаю, ты не ўяўляеш, да чаго прыемна быць побач з чалавекам, які табе спачувае, — пісала яна маці. — Роўна як цёплая ванна. Ручаюся, людзі навакол цябе ў бабулінай хаце таксама ставіліся бы да цябе, калі бы ты ім дазволіла і распавяла, як жудасна ты хвалюесься.

Маці адказала рэзкім і ляканічным лістом. — Зрабі ласку, не кідайся з рыданьнямі за спагадай да ўсіх і кожнага. Жаль і цёплыя словы не суцешаць цябе. Пачуцьцё ўласнай годнасьці і гонар — вось у чым тваё ратаваньне. Ты зразумееш, калі пасталееш. Малю Бога, каб цябе не пазбавілі іх так, як пазбавілі мяне.