Ніколі ні словы аб тым, як ёй бракуе таты. Якім добрым мужам і добрым бацькам ён быў. Выняла здымкі з рамак, рамкі прадала на аўкцыёне. Коні нават не хапала мужнасьці спытаць, што стала з фатаграфіямі яе дзяцінства.
Коні зь Верай працягвалі займацца на курсах сакратароў. Яны асвойвалі стэнаграфію і машынапіс, бухгалтэрыю і справаводства. Лекцыі чаргаваліся з практычнымі заняткамі.
Сваякам, зь якімі яна жыла, замінала яе прысутнасьць. Яны давалі ёй куды больш волі, як ухваліла бы яе маці. Коні атрымлівала асалоду ад усяго, што Дублін мог прапанаваць маладой дзяўчынцы. На танцах яны зь Верай сустрэлі выдатных хлопцаў. Хлопец па імі Жак захапіўся Коні, яго прыяцель Кевін заляцаўся за Верай, дык яны часьцяком выпраўляліся кудысьці учатырох. Ні яна, ні Вера ня ставіліся да тых адносін сур'ёзна, у адрозьненьне ад хлопчыкаў. Іх абедзьвюх настойліва ўгаворвалі заняцца сэксам. Коні адмовілася, а Вера пагадзілася.
— Навошта ты робіш гэта, калі табе прыкра і ты баісься зацяжарыць? — дзівілася Коні.
— Я не казала, што мне прыкра, — пярэчыла Вера. — Я гаварыла, што людзі так ужо расьпісваюць усё тое і гэтулькі смугі напускаюць. І зацяжарыць я не баюся, буду прымаць супрацьзачаткавыя пігулкі.
Хоць на пачатку сямідзесятых кантроль над нараджальнасьцю ў Ірляндыі афіцыйна быў забаронены, кантрацэпцыйныя прэпараты маглі прызначыць пры парушэньні мэнструальнага цыклу. Нядзіўна, што ў пераважнай большасьці жаночага насельніцтва краіны выявілася тое захворваньне. Коні разважала, ці не пайсьці ёй тым самым шляхам. Ніколі ня ведаеш, у які момант вырашыш з кімсьці пераспаць. Крыўдна, калі прыйдзецца хадзіць вакол ды каля, чакаць, пакуль пігулкі пачнуць дзейнічаць.
Жак і не падазраваў, што Коні прымае супрацьзачаткавыя пігулкі. Яго не пакідала мроя, што ў нейкі выдатны момант яна зразумее: яны створаныя адно для аднаго, гэтак жа як Кевін зь Верай. Ён будаваў усё новыя і новыя пляны ў надзеі задаволіць яе. Яны разам паедуць у Італію. Перш як ехаць, вывучаць італьянскі ў нейкай вечаровай школе альбо па запісах. І там ва ўсялякіх Scusi ды Grazie ім роўных ня будзе. Сымпатычны, гарачы, ён зусім сгубіў галаву… Але Коні была непахісная. Ні аб якім рамане, сапраўдным захапленьні і прамовы ня мае быць. А тое што яна прымае пілюлі наогул нікога не датычыцца.
Веры не пайшлі прызначаныя пігулкі, і пакуль іх зьмянялі на новыя, яна прымудрылася зацяжарыць.
Кевін быў шчасьлівы. — Мы ўсё роўна зьбіраліся ажаніцца, — паўтараў ён.
— Мне карцела спачатку трохі пажыць, — залівалася сьлязьмі Вера.
— Мы і будзем жыць нармалёвым, рэальным жыцьцём, ты, малы і я, — радаваўся Кевін. Ім больш ня трэба жыць з бацькамі. Яны могуць абзавесьціся ўласным жыльлём.
На добрую хату разьлічваць не прыходзілася. Верына сям'я, не занадта заможная, шчыра абуралася. Зь іх пункту гледжаньня, дачка, не прапрацаваўшы ні дня, выкінула на вецер грошы, выдаткаваныя на дарагую школу і камэрцыйныя курсы.
Ды і сям'я, у якую зьбіралася ўвайсьці Вера, не занадта іх задавольвала. Не, бацькі Кевіна, вядома, людзі годныя, але для сваёй дачкі яны, безумоўна, марылі не аб такім шлюбе.
Веры не прыйшлося тлумачыць усё гэта Коні. Яе ўласная маці закаціла бы гістэрыку. Лягчэй лёгкага было ўявіць сабе яе лямант: — Яго бацька тынкоўшчык. І ён зьбіраецца ўвайсьці ў бацькаўскі бізнэс! Гэта яны завуць бізнэсам! — Тое, што ў бацькі Кевіна мелася невялікая фірма, што займалася пастаўкамі будматэрыялаў і рамонтамі, у якой, дарэчы, працаваў архітэктар-дэкаратар, і пэрспэктывы ў гэтай фірмы вымалёўваліся вельмі някепскія, нічога бы для яе ня значыла.
Кевін зарабляў сабе на жыцьцё зь сямнаццаці гадоў. Сёньня яму споўніўся дваццаць адзін і ён з гонарам рыхтаваўся стаць бацькам. Дзяцёўню ў іх маленечкай хацінцы ён пакрыў трыма пластамі фарбы. Ён прагнуў да зьяўленьня немаўляткі давесьці пакойчык да дасканаласьці.
У Веры на вясельлі, дзе Жак быў шафэрам, а Коні — дружкай, Коні прыняла рашэньне. — З гэтага дня мы спынім спатканьні, — сказала яна.
— Ты пажартавала? Што я такога зрабіў?
— Ты нічога не зрабіў, Жак, акрамя таго, што быў цудоўным і файным, але я не хачу замуж, я прагну працаваць, вандраваць.
На яго шчырым, сумленным твары адбілася зьдзіўленьне. — Я дазволю табе працаваць, кожны год у адпачынак буду вазіць цябе ў Італію.
— Не, Жак. Не, дарагі.
— А я спадзяваўся, мы зможам заручыцца сёньня, — зморшчыны расчараваньня ляглі ў яго рота.
— Мы ледзь ведаем адно аднаго, ты і я.
— Мы ведаем адно аднаго ня горш за сёньняшніх маладых, а бачыш, як далёка яны зашлі, — у голасе Жака гучала зайздрасьць.