— Не, але я ведаю, хто ён. Не чаўпі, дзяўчынка, згаджайся на гэтую працу. Твой бацька жадаў бы, каб аб табе падбалі.
— Ну, калі і жадаў, ён ня шмат для тага зрабіў за сваё жыцьцё.
— Не кажы так, ён вельмі любіў вас.
— Адкуль вы ведаеце?
— Ён заўсёды паказваў нам падчас гольфу фатаграфіі вас траіх. Лепшых дзяцей у сьвеце, па ягоным словам.
Сьлёзы абпалілі ёй вочы. — Я не жадаю працы з жалю, спадар Хайес.
— Спадзяюся, мая дачка адчувала бы тое самае, але таксама спадзяюся, яна ня стала бы надаваць гонару занадта вялікае значэньне. Ці ведаеш, ганарыстасьць — сьмяротны грэх, але больш важна, што горш кампаніі для зімовых вечароў не знайсьці.
Зь ёй дзяліўся сваімі поглядамі адзін з найбагацейшых дублінцаў. — Дзякую, спадар Хайес, шаную вашу дабрыню. Магу я абмеркаваць прапанову?
— Мне бы больш спадабалася неадкладная згода. На гэтае месца прэтэндуе яшчэ тузін маладых жанчын. Прымайся за працу і зрабі яе грандыёзнай.
Увечар Коні патэлефанавала маці.
— Я зьбіраюся працаваць у Хайес Гатэлі. У панядзелак, на адкрыцьці, мяне прадставяць як твар гатэля, першага рэгістратара, вылучанага з сотняў прэтэндэнтак. Так скажуць прадстаўнікі па сувязях з грамадзкасьцю. Уяві, мая фатаграфія будзе ў вячэрніх газэтах. — Коні ад хваляваньня была сама не свая.
Яе маці тое не занадта ўразіла. — Вядома, яны плянуюць выкарыстаць цябе ў якасьці гэтакай маленькай бязмоўнай бляндыначцы, якая бязглузда ўсьміхаецца фатографам.
Коні ахапіла туга. Яна дбайна прытрымлівалася ўказаньняў маці, скончыла курсы сакратароў, жыла ў крэўных, знайшла працу. Але ня мае намеру цярпець абразы і пагарду. — Калі ты, маці, памятаеш, я зьбіралася паступіць ва ўнівэрсытэт і стаць юрыстам. Раз ужо таму не наканавана спраўдзіцца, даводзіцца выбіраць лепшае з пакінутага. Шкада, што табе гэта не падабаецца, я думала, ты будзеш задаволена.
Маці зараз жа раскаялася ў сказаным. — Даруй, я ня маю рацыю. Калі б ты ведала, як тут гавэндаюць аба мне … Яны кажуць, я нагадваю нашу знакамітую цётку Каці, а ты памятаеш, якія легенды хадзілі аб ёй у сям'і.
— Усё нармалёва, маці.
— Не, зусім не, мне сорамна. Я вельмі ганаруся табой. Я сказала гэтыя жудасныя рэчы проста таму, што мне невыносная думка аб падзяцы да людзей накшталт тага Хайеса, зь якім твой бацька гуляў у гольф. Ён, верагодна, ведае, што ты дачка небаракі Рычарда, і даў табе працу з жалю.
— Ці наўрад. Адкуль яму ведаць, маці, — схлусіла Коні ўпэўненым тонам.
— Пэўна, так. Сапраўды, адкуль яму ведаць? Прайшло ўжо амаль два гады. — Голас маці гучаў сумна.
— Я патэлефаную і распавяду табе, як усё прайшло.
— Абавязкова, Коні, дарагая, і не забывай мяне. Бо ты ведаеш, усё што ў мяне засталося — мой гонар. Я ня маю намеру запабягаць ні перад кім тут, мая галава, як заўжды, высока паднятая.
— Мне прыемна, што ты за мяне радая. Мае вітаньні блізьняткам. Я іх люблю. — Коні разумела, яна становіцца чужой двум чатырнаццацігадовым хлапчукам, якім прыйшлося хадзіць у грамадскую школу маленькага мястэчка замест прыватнага езуіцкага каледжа.
Бацька памёр, ад маці дапамогі чакаць не прыходзіцца. Ёй застаецца спадзявацца толькі на сябе. Яна рушыць радзе спадара Хайеса. І зробіць сваю першую сур'ёзную працу грандыёзнай. У Хайес Гатэлі яе запомняць як першага і лепшага рэгістратара.
Гэта быў файны выбар. Спадар Хайес віншаваў сябе зноўку і зноўку. І так падобная да Грэйс Кэлі. Цікава, як хутка сустрэне яна свайго Прынца?
Яна сустрэла яго праз два гады. Вядома, увесь гэты час канца не было рознага кшталту прапановам. Бізнэсмэны, якія рэгулярна спыняліся ў гатэлі, наперабой спрабавалі запрасіць выкшталцоўную спадарычню А’Коўнэр з рэцэпцыі ў нейкую модную рэстарацыю альбо шыкоўны начны клюб, якіх па ўсім горадзе адкрылася шмат. Але яна заставалася непрыступнай. Дабразычліва, з усьмешкай тлумачыла ім, што ня зьмешвае працу і задавальненьне.
— Ня мае гэта ніякага дачыненьня да працы, — у роспачы крычаў Тэдзі А’Хара. — Паслухайце, я спынюся ў нейкім іншым гатэлі, калі вы пагодзіцеся прыняць маё запрашэньне.
— З майго боку гэта было б чорнай няўдзячнасьцю па дачыненьні да Хайес Гатэлю, — усьміхнулася яму Коні. — Справадзіць усіх кліентаў да канкурыруючых устаноў.
Яна распавядала аб іх Веры. Веру, Кевіна і Дэйдру, да якой неўзабаве павінен быў далучыцца яшчэ адзін малы, яна наведвала кожны тыдзень.
— Тэдзі А’Хара запрашаў цябе на спатканьне? — у Веры акругліліся вочы. — Вох, Коні, калі ласка, выходзь за яго, мы тады зможам атрымаць кантракт на аздабленьне ўсіх яго крам. Забясьпечым сябе на ўсё астатняе жыцьцё. Напрамілы бог, выходзь за яго замуж.