Коні разрагаталася, але падумала, што магла бы рабіць для бізнэсу сяброў і болей. На наступны дзень яна сказала спадару Хайесу, што ведае адну вельмі добрую маленькую фірму маляроў і дэкаратараў. Можа, яны захочуць уключыць іх у сьпіс сэрвісных службаў? Спадар Хайес адказаў, што гэта прэрагатыва адпаведнага мэнэджэра, але вось асабіста яму патрэбен хтосьці для прац у яго загараднай хаце, у Факсроке.
Кевін зь Верай бясконца распавядалі аб тым, якая вялізная і шыкоўная хата ў Хайеса, якая ў яго любасная сям'я і чароўная маленькая дачушка Мар'яна. Кевін з бацькам рабілі для дзяўчынкі спальню са ўсёй мажлівай раскошай. Уласную маленькую ружовую спальню, толькі ўявіць, для дзіцяці!
Пры тым ні ценю зайздрасьці ў Веры альбо Кевіна, толькі падзяка за дапамогу. Спадара Хайеса якасьць працы задаволіла і ён парэкамэндаваў маленькую фірму знаёмым. Неўзабаве Кевін ужо кіраваў сымпатычным вэнам. Яны сур'ёзна пагаворвалі аб хаце пабольш да зьяўленьня другога дзіцяці.
Жак, які заняўся электрыкай, па-ранейшаму сябраваў зь імі. — Магу я падкінуць яму трошкі працы? — пацікавілася Коні. Вера абяцала празандаваць глебу. Жак ня стаў саромецца ў выразах: — Хай гэтая ганарыстая сьцерва падушыцца сваімі ласкамі.
— Ён, падаецца, не занадта зацікавіўся, — пераклала Вера, як заўжды імкнучыся захаваць лад.
І дакладна калі ў Веры і Кевіна нарадзіўся Чарлі, Коні сустрэла Гары Кейна. Прыгажэй мужчыны яна ў жыцьці ня бачыла. Высокі, з каштанавымі валасамі, густымі кучарамі падаючымі на плечы, цалкам не падобны на маючых дачыненьне да бізнэсу людзей, зь якімі ёй прыходзілася сутыкацца. Лёгкая ўсьмешка для кожнага і манера паводзін, якой уласьціва чаканьне дабразычлівай ўвагі з усіх бакоў. Швэйцары сьпяшаліся расхінуць перад ім дзьверы, дзяўчынка ў крамачцы пакідала астатніх пакупнікоў, каб хутчэй аддаць яму сьвежую газэту, і нават Коні, прызнаная пані недатыка, ветліва ўсьміхалася яму і рабіла вочкі.
Яе радавала, што ён бачыць, як нязмушана яна ўладкоўвае складанасьці, якія часам ўзьнікаюць зь некаторымі лютымі пастаяльцамі. — Вы сапраўдны дыплямат, спадарычня А’Коўнэр, — захапляўся ён.
— Заўсёды радыя бачыць вас, спадар Кейн. У вашым пакоі для перамоў усё падрыхтавана.
Гары Кейн з двума старэйшымі паплечнікамі займаўся новым і вельмі пасьпяховым страхавым бізнэсам. Яны адбіралі кавалак хлеба ў больш вядомых кампаній. Шмат хто падазрона пазіраў у іх бок. Растуць як на дражджах, казалі пра іх, тут і да шкоды недалёка. Але справы ішлі без сучка, без задзірынкі. Кампаньёны працавалі ў Галуэйе і Корке. Сустракаліся яны кожную сераду ў Хайес Гатэлі. Сустрэчы працягваліся зь дзевяці да дванаццаці трыццаці ў прысутнасьці сакратара ў зяле канфэрэнцыяў, пасьля чаго ладзіўся падабед з запрошанымі. Гэта маглі быць чальцы ўраду, кіраўнікі прамысловых карпарацый або буйных прафсаюзаў.
Коні зьдзіўляла, чаму яны ня ладзяць паседжаньні ў сваім Дублінскім офісе. У Гары Кейна вялізны прэстыжны офіс у георгіеўскім квартале з добрым тузінам службоўцаў. Мусібыць, зь меркаваньняў сакрэтнасьці, вырашыла яна. І ў пазьбяганьне перашкод. У гатэлі меліся выразныя інструкцыі датычна тэлефанаваньняў: па серадах залю канфэрэнцыяў ні з кім ні ў якім выпадку не злучаць. Сакратар, безумоўна, уведзена ва ўсе іх таямніцы, ёй, напэўна, вядомыя ўсе шкілеты ў шафе. Коні зь цікавасьцю разглядала яе кожны тыдзень, калі яна ўваходзіла і выходзіла зь імі. Яна нязьменна мела пры сабе партфэль з дакумэнтамі і ніколі не далучалася да паплечнікаў за падабедам. Давераная асоба.
Коні бы таксама карцела выконваць падобную працу для кагосьці. Кагосьці накшталт Гары Кейна. Выкарыстаючы ўсю сваю чароўнасьць, яна спрабавала завязаць гутарку з гэтай жанчынай пры кожным зручным выпадку.
— Усё ў зяле канфэрэнцыяў ўладкоўвае вас, спадарычня Кэсі?
— Зразумела, спадарычня А’Коўнэр, у адваротным выпадку спадар Кейн паведаміў бы вам.
— Мы маглі бы ўсталяваць аўдыё-відэа абсталяваньне апошняга пакаленьня, калі яно можа спатрэбіцца для вашых сустрэч.
— Дзякуй, не.
Спадарычні Кэсі заўжды так карцела сысьці, быццам яе партфэль быў напханы «гарачымі грашыма». Магчыма, так і было. Коні і Вера абмяркоўвалі гэта гадзінамі.
— На мой погляд, яна фэтышыстка, — выказала здагадку Вера, адначасова гукаючы на каленах малога Чарлі і пераконваючы Дэйдру, што любяць яе ўсе значна больш за Чарлі і яна куды прыгажэй, як Чарлі калісьці будзе.
— Што? — Коні не магла ўцяміць, што Вера мела на ўвазе.
— Сада-маза, сячэ іх да страты прытомнасьці кожную сераду. Яны жыць без тага ня здольныя. Вось у чым сабака закапаны. Сячэ дубцом!