Дзе драму вось такую
Убачыць вы б змаглі?
Тут пешкі трыумфуюць
І плачуць каралі.
Хаджу. Дрыжу. Нямею.
Дам царства за каня.
І раптам разумею,
Што гэта ўсё — гульня.
Так-так! Гульня! Забава.
Касцёр, дзе паляць час.
Якая пешкам справа
Да ўсіх жывых, да нас?
Ды зноў гарцуюць коні.
Грыміць атакі медзь.
Ах шахматы — пагоня
За тым, чаго не мець.
Усё цяжэй удары
I дзён зямных i спраў.
Юнацтва... Сталасць... Старасць...
Няўжо i я прайграў?
* * *
Я паказваю сыну зоркі.
Мы стаім удваіх на балконе.
І над намі шуміць і гамоніць
Вецер неба, бяссонны і золкі.
У маўчанні, у полымі сінім
Праплываюць Сірыус, Вега.
Пра Каперніка, пра Улугбека
Я свайму расказваю сыну.
Цяжка верыць, ды зорны промень,
Што зямлю асвятліў наўкола,
Бачыў гунаў, бачыў манголаў,
Бачыў бітвы ў дыме і громе.
Ён ішоў да Зямлі стагоддзі
Праз касмічнай прасторы пасткі,
Каб да нас на балкон упасці,
Нібы ліст кляновы лагодны.
Пілігрым вышынь неабдымных,
Ён да нас прыляцеў, каб памерці.
Каб пакінуць у нашых сэрцах
Смутак свой па зорнай радзіме.
* * *
Зрадніўшыся навек з палямі жытнімі,
Напіўшыся вады з азёр і рэкаў,
І мы калісьці станем старажытнымі,
Падобнымі на рымлян і на грэкаў.
Імклівымі жылі ці нетаропкімі —
Усе адыдзем.
Трэба так прыродзе!
І скажа археолаг над раскопкамі:
«Вось камень...
Ён з дваццатага стагоддзя».
БУЛЬБА
Як помню я — яна расце
Які ўжо год за нашым хлевам.
Як помню я — яе нідзе
Не называлі каралевай.
Лёс бульбы просты. Накарміць
Сяло і горад бульбе звычна.
У бок яе і не глядзіць
Аматар рэчаў экзатычных.
Хто бачыў, як яна цвіла,
Як ззяла ў росах раніцою?
Яна, як нашая зямля,
Не лезе ў вочы з пахвальбою.
Ды з ёй цяплела сцюжа зім,
Была яна — і ў хаце шчасце.
Я гімн шчэ хлапчуком малым
У гонар бульбы марыў скласці.
Я гэты б гімн вось так пачаў:
Даўным-даўно, ў вяках туманных,
Народ магутны жыў, спяваў
За сінім морам-акіянам.
Насмешнік, вочы працяры.
Глытай, аматар цудаў, слінкі.
Шлях бульбы, як зямля, стары —
З ёй мелі справу самі інкі.
З крутых палёў сплывала ноч,
Успыхваў золак над зямлёю,
І жрэц галоўны
бульбы корч
Кранаў матыкай залатою.
Дарослыя і хлапчукі
Адразу працу пачыналі,
Спляталі з дзікіх траў вянкі
І бульбу ў песнях праслаўлялі.
...Рыпіць мароз на ўсіх шляхах.
Снягамі беляць поле зімы.
А бульбе сніцца у капцах
Яе далёкая радзіма.
І быццам зноў прыходзіць май.
І з кошыка ў сялянскай хаце
Пра невядомы дзіўны край
Яна маёй шаптала маці.
* * *
Атрымалі кватэру?
Віншую.
Свята поўніць вам чаркі віном.
Шмат гасцей.
Толькі госцю адну я
Не сустрэў за святочным сталом.
З ёй мы зведалі смагу і голад,
Дык чаму ж, калі шчасця стае,
Назаўжды ад'язджаючы ў горад,
Пакідаем у вёсцы яе?
Пакідаем і ўсе забываем
Шум лясоў, бляск расы на траве,
Светлы край, дзе за полем, за гаем
Наша родная мова жыве.
* * *
Захлынулася сэрца ад смутку i болю,
Сон прысніўся мне ў ціхай,
утульнай кватэры,
Я пярэдняе дрэва адвечнага бору,
Да якога з пілой падступілі, з сякерай.
Ужо крайнія дрэвы са стогнам упалі.
Тыя дрэвы дзядамі былі мне, бацькамі.
І святлела наўкола ад страшных прагалін.
І віхурыла замець над свежымі пнямі.
О як цяжка быць дрэвам,
разгубленым,
крайнім!
Шчэраць зубы сталёвыя гнеўныя пілы.
І суседзяў няма, каб маглі што параіць.
І няма больш сяброў, каб сабою прыкрылі.
Я стаяў адзінокі i плакаў смалою,
Падаў я, па зямлі сваё голле распростваў.
З крыкам птушкі ляцелі ад мяне,
нада мною,
Каб у іншых лясах будаваць свае гнёзды.