Выбрать главу
* * *
Я пачынаю ўсё спачатку, Свой першы крок, свой першы бой. Я сонца круглую пячатку Пастаўлю ў небе над зямлёй.
Я пасаджу лясы. Я воды Напоўню чыстым серабром. Я ні рабом i ні царом Быць не жадаю у прыроды.
Я не хачу яе калечыць Ні ў адзін мах, ні пакрысе. Хачу прыродзе быць калегам, Раднёй па сонцу, па расе!
* * *
Як выказаць цябе? Дзе пэндзаль той узяць, Каб твой партрэт, прырода, Нашчадкам перадаць? Я помню хмараў pyx Над весняю зямлёй, Я помню, як ля скал Кіпеў марскі прыбой, Як падаў першы снег, Як віўся жоўты ліст, Як плакаў салавей, Начных садоў саліст. Я помню шум дажджу, Завеі лёгкі крок, Я помню метэор, Што рэзаў неба змрок, Вясёлы свіст шпакоў І роспач жураўля. Усё лягло ў душу, Усё запомніў я. Ты — вечнасць і свабода, Ты — бура і спакой. Калі памрэш, прырода, Памру і я з табой.
* * *
Частуе лес маркотным гулам. Будуе луг з дажджу сцяну. Зноў восень у душы кранула Песімістычную струну. Стаіць з усмешкай сумна-шчырай, Глядзіць на неба дзед Ягор...
Зноў адлятае сэрца ў вырай, Але ці вернецца з яго?
* * *
Бялеюць травы ад расы. У небе хмарам цесна. Шукае восень адрасы Лясоў майго маленства.
Яна — дракон. I праглыне На цёмным небе зоркі. Яна засыпле вочы мне Дажджом сляпым i горкім.
Ды тых лясоў ёй не сагнуць I з памяці не сцерці. Яны растудь, яны гудуць, Яны цвітуць у сэрцы!
* * *
У снег па голле дуб залез. Маўчаць лясныя далягляды. Хай будзе сёння зімні лес Маёй вярхоўнаю уладай.
Ні траў, ні красак тут няма. Пад шклом ільду знямелі воды. Наўкол зіма, адна зіма, Як летаргічны сон прыроды.
Тут кожны дзень птушыны хор Грымеў яшчэ зусім нядаўна. Цяпер жа лес, як той баксёр, Баксёр, што трапіў у накдаўн.
Хістаецца ва ўсе бакі, Ды верыць ён у перамогу — Ізноў сціскае кулакі, Ізноў становіцца на ногі.
* * *
А бог вясны прыходзіць босы, З жалейкай звонкай у руках. Лугі сінеюць, як нябёсы. Сузор'і кветак на лугах.
Ручай, нібы дзіця, лапоча. Бягуць на поўнач халады. Па чорным полі гулка крочаць Мільённаногія дажджы.
Звяры і птушкі ў першым класе. Штурмуюць сонца мурашы. Спявае вецер. Пачалася Веснафікацыя душы.
Як добра жыць у дзень вясенні, Душой адтайваць пакрысе І адчуваць сябе насеннем, Што неўзабаве прарасце,
І, скінуўшы з душы трывогу, Паверыць сонцу i вадзе, Знайсці адзіную дарогу, Што ў край бацькоўскі прывядзе.
На небасхіле ўжо маячыць Зеленакрылы ветразь дрэў. О дрэвы родныя, я плачу Ад радасці, што вас сустрэў.
Шумі, звіні, жывое вецце! Паклон табе, турботны лёс, За гэты міг, за гром, за вецер, За вочы мокрыя ад слёз.
* * *
Зноў рухнула сцяна Глухая, ледзяная. Усіх людзей вясна Пад свой шацёр склікае.
Ад шуму дзень аглух. Б'е вецер капытамі. Змагання вольны дух Лунае над палямі.
Зіма (які ўжо раз!) У цёмны лес збягае. Там залаты запас Ільдоў яна хавае.
Не любіць сонца скнар. Яго пагляд вясёлы. Кусаюць промні твар, Як вогненныя пчолы.
І промень, i ручэй Вясёлыя, як чэрці. Здаецца, што яшчэ Мільён гадоў да смерці.
ПАЛЯВАЯ ДАРОГА