Выбрать главу
Не закаваная ў бетон Паміж травы жыве дарога. На ёй слядоў птушыных многа. Над ёй калоссяў перазвон.
Тут вецер ходзіць. Ручаёк Пасля дажджу шуміць нястрога. І як сярэбраны плужок, Бяжыць, узорвае дарогу.
Тут кружаць пчолы i чмялі. Тут нівы дожджык палівае. Жыве дарога палявая, Як прадзеды мае жылі.
Пад сонцам дня, пад бляскам зор Жыве з адкрытаю душою. Сама, не змогшы стаць шашою, Выводзіць іншых на прастор.
* * *
Толькі прыпыні на міг дыханне, Мурашоў пачуеш галасы. Я люблю грыбное паляванне, Бор, сталіцу птушак i расы.
Па імхах ступаю асцярожна, Цішыні не абрываю ніць. І рука сціскае востры ножык. І душа іскрыцца i звініць,
Што мне трэба? Шум лясны. I неба. І святая радасць адкрыцця. Зерне я. Мяне чакае глеба, Дзе павінен уваскрэснуць я.
Кожную травінку прыкмячаю, Страказы зіхоткае крыло... Не грыбы я сёння і тут шукаю, А маленства, што ў лясы пайшло.
Размаўляючы з баравікамі, З дрэвамі, я ў гэты светлы час Радасць п'ю маленькімі глыткамі, Каб пакінуць, людзі, i для вас.
* * *
Таемнае жыццё раслін. Свет незабруджаны, зялёны. У ім жывуць свае законы,
Свой лік стагоддзяў і хвілін.
Магчыма, дрэвы і кусты Пяюць, смяюцца і сумуюць, Спрадвечны свой хаўрус шануюць І ў лесе між сабой браты.
А мо ім згоды не стае, Мо напаткаў ix лёс няўдалы, І ў ix свае ёсць феадалы І цемрашалы ёсць свае.
* * *
Куст лазы, як зялёны спрут, Нетаропка на сцежку выходзіць... Мне здаецца — я жыў ужо тут У якімсьці далёкім стагоддзі.
Мне здаецца — я бачыў ужо Пад злінялага неба блакітам І вось гэты зацішны лужок, І вось гэтых чмялёў басавітых.
Быў галодны i стомлены свет. Мы схаваліся ля вадапою. І глядзеў я, як мамантаў след Заліваецца рыжай вадою.
* * *
Ізноў усхліпвае асіна. Стань ля яе, душой замры — Чырванакосая дзяўчына Аб нечым плача ў гушчары.
Ці мо яе пакрыўдзіў вецер? Ці чалавек яе пракляў? Ці восеньскі туманны вечар На плечы рукі ёй паклаў?
Яна заходзіцца ад плачу, Рыдае. А ў лясным жыцці І радасць светлую, i ўдачу І ёй хацелася знайсці.
Пяюць бярозкі-каралеўны. Балююць сосны. А яна Вось так i будзе тут, напэўна, Заўжды адна, заўжды адна.
Хто ёй падорыць суцяшэнне? Навучыць хто, як трэба жыць? Ад макаўкі i да карэння Залаталістая дрыжыць.
Ідзіце, едзьце за край свету. Я ж ля асіны настаю. Я, як завешчана паэту, Таго, хто плача, больш люблю.
* * *
Як абрыдлі вы ўсе, міноры! Плач цішэй, журботная медзь. Кроў міногі, халоднай міногі Я не меў i не буду мець.
Той, хто енчыць ад страху штодзённа Хто баіцца ікаравых крыл, Мне не сябра — ён кроў чырвоную На зялёны змяніў хларафіл.
ШКАДАВАННЕ
Не варты чалавека звання Той, хто не зведаў шкадавання Да птушкі, што з вышынь блакіту Была раптоўным стрэлам збіта,
Да зайца ў клетцы, да мядзведзя, Што ў цырку на вярблюдзе едзе. Не забывай пра шкадаванне, Ты, што ідзеш на паляванне
І проста так, не дзеля ежы, Жывое б'еш, жывое рэжаш. Адчуй, што бег жыцця кароткі, Што дрэвы ў лесе — твае продкі,
Убач сястрою роднай рэчку, І твая стрэльба дасць асечку. Павер чужой слязе і ране. Людзьмі нас робіць шкадаванне.
* * *
Няма марсіянскіх каналаў, Нідзе ix след не відзён. Сумна i крыўдна сканала Мара юначых дзён.
Навука сваё даказала, Убачыла праз туман: Няма марсіянскіх каналаў, А значыць, няма марсіян.