Выбрать главу
А значыць, няма Аэліты, Няма расы на траве. Марс, быццам з суму адліты, У мёртвай прасторы плыве.
Усё там глуха i нема, Як у нямым кіно. Падае чорнае неба На змрочных кратэраў дно.
Люты вецер гуляе, Вые, ляціць з небыцця. ...Хачу ўявіць — не ўяўляю, Што можа не быць жыцця.
Напэўна, усё там тараняць Суровыя ледавікі. Напэўна, ад ix марсіяне Схаваліся пад пяскі.
Яны жывуць, не здаюцца, Жывуць стагоддзе i два. Яны з-пад пяскоў прарвуцца, Як ранняй вясной трава.
I сонца ix твары абмые. I смех запоўніць жытло. ...Іду у прасторы начныя Пад месячнае святло.
Гляджу, як дрэвы заззялі, На цені гляджу ад галін, Падобныя на каналы Паміж марсіянскіх раўнін.
РАЗМОВА З СЕКВОЯЙ

Цішыня. Двое.

Чалавек i секвоя.

Ч а л а в е к
Зайздрошчу секвоям, І зайздрасць мая не праходзіць, Трапечуць над іх галавою Аж тысячагоддзі. Зайздрошчу секвоям, Іх доўгім гадам незлічоным, Жывуць яны ўволю Пад небам i сінім i чорным. З гранітам i багнаю Ix ваявалі карэнні. Усё яны бачылі: Бронзавы век i каменны, Гісторыі спазмы, Душылі ix войны i бітвы. Кару ім апальваў
Таемны касцёр першабытны, I ноччу i ўранні — Заўжды яны гутараць з намі. Да сэрцаў людскіх Дакранаюцца каранямі.
С е к в о я
Навошта ты прыйшоў сюды? Скажы хутчэй: з якой нагоды, Усемагутны, смелы, горды, Свае пакінуў гарады? О вечнай вечнасці святло! Ля каранёў маіх панурых Вас, беласкурых, чарнаскурых, Чырванаскурых, шмат прайшло. О вечнасці маўклівы храм! Вы ідзіцё сюды, бы дзеці. Ды аб сакрэтах даўгалецця Секвоі не раскажуць вам. Вам бессмяротнымі не стаць. Прырода вас зляпіла з гліны, Вы — птушкі на маіх галінах, Што пад аблокамі шумяць. Вы — мох ля вечных каранёў. Наступіць ноч i мох астудзіць. Дык не чакай ніякіх цудаў. Спяшайся жыць! Ідзі дамоў.
Ч а л а в е к
Я моўчкі выслухаў цябе. Цяпер i ты мяне паслухай. Я не напоўню сэрца скрухай, Хоць ведаю: мой час праб'е. Ты толькі бачыла вякі, Ты толькі збоку назірала, А ўсю планету сагравала Цяпло вось гэтае рукі. Твой лес халодны i пусты. Не для цябе з бядой змаганне. Інстынктам самазахавання Адвагу называеш ты. Ты лічыш час, як медзякі І днём i ноччу лічыць скнара. I для цябе, я знаю,— кара Твае бязмэтныя вякі. А я — жыву! А я — жыву! I ў сваіх справах буду вечным. Я над табою Шляхам Млечным Імчу ў галактык сіняву.
* * *
Аб чым сумую i ўздыхаю, Аб чым я думаю, калі Халодным снегам замятае Цёмна-зялёныя палі?
Я думаю пад небам белым, Што шлях і лёс мы маем свой, Што стане сейбіт жытам спелым, Лайдак — балотнаю травой.
Што стрэну, сонцам захмялёны, Я прадзеда ў цішы палёў. Знайду яго паміж мільёнаў, Паміж мільярдаў каласоў.
Паклон табе, далёкі прадзед! Хоць ты сканаў, ды нас з табой Заўжды адна яднае радасць, Заўжды адзін яднае боль.
Абодва любім мы Радзіму, Яе палеткі i лугі. На розных мы канцах адзінай Гіганцкай вольтавай дугі.
Ты ёй не здрадзіў. Я не здраджу. Во мы заўжды яе сыны, Ці майскі вецер шчокі гладзіць, Ці б'юць у сэрца перуны.
* * *
Ізноў надыходзіць хвіліна адчаю, Бязлітасна лупіць пад дых. У моры адчаю сяброў прыкмячаю І ворагаў бачу сваіх.
Вось — вораг. Між хваляў раз'ятрана-чорных Ён дасць і вясло і стырно. Руку ён працягне. Пасадзіць у човен. У човен, што пойдзе на дно.
* * *
Чытаючы вершы даўнейшых паэтаў, Душою мацнею, смяюся i плачу, І разам мінулае з будучым бачу, Чытаючы вершы даўнейшых паэтаў.