Выбрать главу
* * *
Калі скуе мароз крыніцу I з ног збівае снегавей, Умей над пропасцю спыніцца, Сваю бяду сустрэць умей. Яна наваліцца знянацку, Пасее ў сэрцы чорны страх. Ты станеш папяровай цацкай У вогненных яе руках. Ды сонца ўбач праз аблачыны, Ды помні ў лютай барацьбе, Што ёсць твой дом, твая жанчына, Якая верыць у цябе.
* * *
Жаночы позірк, як ручай вясновы. Яшчэ злуе, упарціцца зіма, Але змятае ён запоры-сховы I паратунку ад яго няма.
Я зімнім быў, ды ўжо душа смяецца. Спяваю я i вершы я пішу, Як быццам у грудзях заместа сэрца Падвоблачнага жаўранка нашу.
Быў ледзяным я, снежным быў, а сёння Сатканы я з гарачых прамянёў. Каханая, жаданая, мадонна, Вясновая, мне не хапае слоў.
Не трэба слоў. У травах згубім словы. Шчаку рамонак знобка апячэ. Жаночы позірк, як ручай вясновы. Няхай ён вечна у душу цячэ.
* * *
Толькі вясна іскрыста Зорак запаліць кастры, Хлопчыкі-гітарысты Зноў запяюць на двары.
Сто пражыві ці трыста Доўгіх, як памяць, гадоў, Хлопчыкі-гітарысты Пець будуць зноў i зноў.
Недзе, як дзікі голуб, Месяц спіць у траве. Ломкі ўзвіваецца голас. Сэрца каханнем жыве.
Слаўлю чыстых i юных, Слаўлю вячэрні двор, Слаўлю вечныя струны, Вечны сардэчны хор.
КРЫМ
Сонца жоўтая гарошына Коціцца за Карадаг, Той, што з профілем Валошына Падпірае неба дах.
Крым, не першы я адважыўся Тут спыніцца на начлег. На тваёй патэльні смажыўся Генуэзец, скіф і грэк.
Чайка голас выпрабоўвае. Цэлы век ёй галасіць. Хваляю белагаловаю Мора Чорнае шуміць.
Тут, дзе ў шчодрым жніўні месяцы П'ю віно i ем я сыр, Ятаганам спіны мецячы, Гналі ў Турцыю ясыр*.
У кастрах жалеза ўспыхвала. Апякала твар таўро. I хлапец, зямляк з-пад Быхава, Тут шаптаў: «Бывай, Дняпро...»
Сонца свойскае i дзікае... Горы... Стэпы... Вінаград... Шчасце на зямлі адзінае, A няшчасцяў дужа шмат.
Тут жывуць, турботы гонячы. Тут сплывае сум, як дым. Ды напомніў мне аб горычы Нават Крым, салодкі Крым.
* Людзі, якіх узялі ў палон, у рабства.
* * *
Гарыш, нервуешся, працуеш, Габлюеш найсучасны верш, Да славы велічна прастуеш. Калі ж — прызнайся — ты жывеш?
Душа пакрыта гладкім лакам, Ды стукне вечнасць у акно, I ўздрыгнеш, бо даўно не плакаў I не смяяўся ты даўно.
* * *
Мой век — мая трывога, Маёй сяўбы палі. Як мала i як многа Жыву я на зямлі.