Выбрать главу
ДОЙЛІД
Як у сваё прызванне вера, Як чысты голас з нематы, Прысніцца Эйфелева вежа Ці ленінградскія масты. І ты, такі усхваляваны, Пад зорным мроістым дажджом Стаіш, як непабудаваны, I невядомы людзям дом.
За прыгажосцю ў край няблізкі Імчыш. На Марс ляцець гатоў! А пад нагою камень Мінска, Якому тысяча гадоў.
* * *
Мой горад, ты не змружыш воч, Не спіш, маўклівы, чуйны, строгі. Зноў уразаецца у ноч Машына «хуткай дапамогі».
Ляціць святло турботных фар. I ў тым святле — трывога века. Гадай: інсульт або інфаркт Зваліў знячэўку чалавека.
Хто быў ён? Што ён сёння сніў — Сцяжынку ў лесе? Мора кветак? Хоць слоўца цёплае шапні Ты чалавеку напаследак.
* * *
Ідзе павольны снегапад Над белаю зямлёю. Мой снегапад, мой белы брат, Вазьмі мяне з сабою.
Мы паплывем у ціхі край. Мы там свой сум утопім, Дзе адгарэў асенні гай I снег ляжыць, як попел.
Там заяц з цішыні палёў Імчыць, ласун рахманы. Ён ланцужком сваіх слядоў Да страху прыкаваны.
Там лёд блішчыць. Там лес шуміць,
Затоена i глуха. Там праз імглу мы будзем плыць На крыллях завірухі.
Я ўбачу родную зямлю, Зімовую, начную. Чым я жыву, што я люблю, Як запавет, адчую.
Паміж каменных гарадоў, Паміж палёў скалелых Я ўбачу край сваіх дзядоў, Зажураны i белы.
ЗЯМЛЯ КУПАЛЫ
Тут Ён прайшоў. Тут промні скачуць На хвалях рэк. Цвітуць сады. Няма слядоў. Ды сэрца бачыць Паэта вечныя сляды. Пясок жаўтлявы. Пыл дарожны.
Сустрэчны вецер. Дождж і золь. Зямля, прайсціся асцярожна Па гэтых сцежках нам дазволь!
Нашэпча сонечныя словы, Змарнеламу акрыліць дух Дарога ручаёў вясновых, Дарога зімніх завірух.
Маланка ў дуб з нябёсаў цэліць, Рыхтуе свой агністы ўдар. Тут Ён прайшоў. Іван Луцэвіч. Купала. Песні валадар.
І ў лузе плакала жалейка. І на знядоленай зямлі Драўляны век i век жалезны Адною каляёй ішлі.
У сіле гордай і ў бяссіллі, З кіёчкам простым у руках, Па песню людзі тут хадзілі, Ды песні Ён акрэсліў шлях.
Сцяжынкамі і бальшакамі Ён крочыў праз імглу гадоў. Ён песні крылы даў i памяць, Каб помніла сваё гняздо.
Паклон табе, зямля Купалы! Хай паліць сэрца твой агонь: Зялёны ліст і ліст апалы. Ручай. На лузе вольны белы конь.
Пакрыўджаная ветрам ліпа. Туману ціхі табунок. І навальніца, што гняўліва Маланкай жыхкае здалёк.
Паклон табе, зямля Купалы! І радасць ты, і светлы сум. Зямля вячыстая, як мала Мы ведаем тваю красу...
Зямля Купалы... Зоркі ў высях... Хто духам, сэрцам малады, Ідзі па ёй. І апячыся Аб нашых прадзедаў сляды.
І, нібы кропля акіяну, Аддай усю сваю любоў Зямлі адважных партызанаў, Зямлі адважных песняроў.
Будзь сынам ёй, надзейным сынам. Хай боль яе табе баліць. ...А ў лузе млее канюшына. І просіць кнігаўка папіць.
І так прывольна, так прасторна! Лье сонца чырвань на палі. Здаецца, раздзімаюць горны За небасхілам кавалі.
І замірае спелы колас. І хлебароднаю парой Гучыць, ляціць Купалаў голас Над гэтай вечнаю зямлёй.
* * *
Maix дзядоў сялянскія імёны — Язэп, Марцін, Давыд, Кандрат, Якуб — Вы з далечы плывеце заімглёнай, Каб зноў крануцца нечых душ i губ.