Выбрать главу
Вас не шануюць у сталічных загсах, Ды і ў вясковых вышлі вы з цаны. А вас насілі, мушу я прызнацца, Майго народу лепшыя сыны.
Мы ў космасе суровым пабывалі. Мы новых дзён узводзім вечны зруб. Мы сеялі, спявалі, будавалі. Прабачце мне, што вас не ўшанавалі, Язэп, Марцін, Давыд, Кандрат, Якуб.
* * *
Не чуеце роднага грому? Не кліча сцежка дадому У светлыя ветлыя ранкі? Пішыце на эсперанта.
Не помніце бор вячысты? Мілей, чым блакіт наш чысты, Нябёсаў заморскіх транты? Пішыце на эсперанта.
І спадчынаю вам будзе Не дождж, што прыроду будзіць І зерне сее глыбока, А толькі цень ад аблокаў.
ДРЫГАВІЧЫ
Аляксею Пятрухну
Дрыгавічы — лясныя людзі. Сыны вады. Сыны зары. Шляхоў назад мне больш не будзе — Я тут кідаю якары. Бяжыць рака ў трыснёг зялёны. Бліскоча месяц уначы. То позірк ваш, пагляд бяссонны, Дрыгавічы. На сцежках веку навальнічных Я чую ваш зазыўны кліч, Бо я дзіця лясоў, язычнік, Бо я таксама дрыгавіч. Назло захопніку — забойцу Вы ўмелі родны край любіць, І сеяць хлеб, і ладзіць борці, І на дубовым чоўне плыць. Калі ж было чужынцу мала Зямлі, паветра і вады,
Сцяной нязломнай вы ўздымалі Свае чырвоныя шчыты. Дрыгва ваш след не праглынула. Мы чуем вашы галасы, Калі з гарачым свістам, гулам Віхор суровы гне лясы. Калі ж метал зазвоніць строга, Палезе звер у родны кут, Мы вас паклічам на падмогу І вы адкажаце: «Мы тут!» Няхай удалеч дні імчацца — З крыніцы вашай будзем піць. Бярозка, як дрыгавічанка, Над той крыніцаю стаіць.
ПОСТАЦІ ГІСТОРЫІ АЙЧЫННАЙ
Не кліч, не кліч — мне ўдалеч добра крочыцца, Аддамся я шляхам, вытокам, нетрам, Бо мне ў душу стагоддзяў глянуць хочацца, Нібы ў акно, расчыненае ветрам.
Да вас іду, адважныя, палеглыя. І разам з вамі за народ свой б'юся. І праз усе нягоды i адлегласці Нам свецяць вочы роднай Беларусі.
Вячка. 1224 год
Дзядзінец дагарае. Прабіў сцяну таран. Князь Вячка памірае Ад ран.
Смяюцца мечаносцы: — Здыхай, славянскі пёс! Не ўбачыш болей ноч ты І дзень у ззянні рос.
Глядзі: агонь віхурыць... Смыліць, пячэ — няўсцерп!
Мы знішчым горад Юр'еў, Збудуем горад Дэрпт.
Мы пройдзем лесам, полем,
Смерць несучы i боль.
Мы спалім горад Полацк. На попел кінем соль.
Ты бой прайграў. На трупах Сваіх людзей ляжыш. Пад неба сіні купал. Плыве тэўтонскі крыж.
Hi ліваў i ні селаў* He ўбачыш больш сляпы. Ты жыта ў полі сеяў. Мы сеем чарапы.
Дзядзінец дагарае. Скрышыў сцяну таран. Князь Вячка памірае Ад ран.
Пральецца хмара-плачка Слязінкай дажджавой. Але не плача Вячка, Смяецца мужны вой:
«Сын Полацка не стане Аб літасці прасіць. Умеюць палачане Заморскіх птушак біць.
З-за мора, совы-госці, Вы прыляцелі ўсе. І ў мора вашы косці Паводка панясе.
Прыблудам-ліхадзеям Славян не зацугляць. Мы будзем жыта сеяць, Спяваць, жанчын кахаць.
Ваш меч не пацалую. Цалую васілёк...» Пацалаваўшы кветку, На попел Вячка лёг.
Сканаў. I ў тыя ж хвілі, Трывогі вестуны, На Полацкай Сафіі Ускрыкнулі званы.
...За векам век згарае. Зірні ў начны блакіт — Вунь маладзік над гаем, Як князя Вячкі шчыт.
* Лівы, селы — прыбалтыйскія плямёны, якія ў пачатку XIII стагоддзя сумесна з Полацкім княствам змагаліся супроць агрэсіі рыцараў-мечаносцаў.
Лышчынскі. 1689 год