Выбрать главу

В. Гапееў

Ведзьміна тоня

…Калі выйсці за вёску і збочыць з пыльнай дарогі ўправа, па сцяжынцы, якую пратапталі рыбакі, прайсці з паўкіламетра полем, між радкамі калгасных буракоў, патрапіш на старую канаву. Вада ў ёй бывае тут толькі вясной і надта дажджлівым летам. Берагі канавы сталі пакатымі, зараслі месцамі густым вербалозам, па які стары, няспешлівы дзед Васіль прыходзіць кожную вясну — нарыхтаваць «матэрыялу» на новыя кошыкі.

Дзед носіць пруткі вербалозу роўнымі снапкамі мо цэлы тыдзень, а потым надвячоркам у сваім двары пляце кошыкі. Кошыкі ў дзеда Васіля атрымліваюцца лёгкія, зручныя. Пляце вялікія, як мужчыне падняць, калі поўныя бульбы, і сярэднія — якраз для жанчын і бабуль. І зусім невялічкія — на розныя там патрэбы. Бяруць кошыкі ў дзеда ахвотна. Плату за іх ён вызначыў даўно: прынясеш восенню столькі бульбы, колькі ў той кошык умесціцца. З гэтым усе згаджаюцца, і як пачынаецца копка бульбы, у двары дзеда Васіля хутка вырастае ладная куча — нясуць бульбу, насыпаную з верхам.

Дык вось, па гэтай самай канаве трэба ісці ўніз, да чарнеючага наперадзе алешніка. Хутка ў канаве з’явіцца вада, спачатку невялікімі праплешынамі, а потым і цячэнне ручая пахіліць траву ў адзін бок.

Пачнецца змрочны алешнік. Тут толькі адной сцяжынкай і прайсці, бо падлесак густы, поўны рознага ламачча. Вольхі растуць па тры-чатыры дрэвы з аднаго кораня, які стаіць бы на злепленым некім спецыяльна стромкім стажку збітай чорнай зямлі. Пад нагамі хутка пачынае чвякаць, а яшчэ далей ногі ўжо грузнуць у чорнай кашы. Цяпер ісці трэба па кладках. Кладкі — гэта ссечаныя вольхі, якія валілі так, каб вяршынямі яны падалі да суседняга чорнага стажка з кучай дрэў. Не дужа зручна, асабліва, калі не захапіў з сабой шасток, але ісці так вось, па ствалах (дзе ўжо і спарахнелых), усяго хвілін пятнаццаць. Выходзіш — і першы востраў. Так завуць гэты велікаваты ўзгорак, парослы вясёлымі бярозкамі. Ёсць у вострава і асабістае імя — Заікін. Чаму Заікін — невядома. І справа, і злева востраў абкружаны тым жа тужлівым сырым алешнікам.

А спераду — Ведзьміна тоня. Чорнае люстэрка свабоднай вады, на выгляд неверагодна халоднай нават у спякотны дзень. Калі залезці на якую алешыну, дык зверху Ведзьміна тоня выглядае раўнюткім кругам, а вада ў ёй — яшчэ чарней. Вядома ж, торф на дне. Хоць што там, на дне — ніхто не ведае, бо купацца тут не будзеш: адсюль, з вострава, бераг злёгку абрывісты, скочыш — вада па калені, але потым пачынае імкліва засмоктваць ногі. Пяць хвілін прастаіш — і ўжо па пояс схаваешся. Не хопішся за што — не вылезеш. Некалі прыезджыя гарадскія спрабавалі з лодкі ставіць на Ведзьмінай тоні сеткі. То раніцай не змаглі ні адну выцягнуць — гэтулькі карчагаў на дне. А яшчэ раней, расказваюць, невядомы рыбак на маленькай гумавай лодцы плаваў па тоні некалькі дзён — ад вострава да вострава. Ні з кім не размаўляў, твар ад людзей хаваў. Адкуль ён і хто — не ведалі. Некалькі дзён бясшумна яго лодка слізгала па чорнай вадзе. А аднойчы ён не паказаўся. Толькі лодку гумавую, пустую, без вёслаў прыбіла бліжэй к зіме да Заікінага вострава. А сам рыбак згінуў. Вось з той пары ён часам паказваецца тым рыбакам, што на лодках спрабуюць па тоні плаваць. Просіцца ў лодку — моўчкі з вады цягне рукі…

Дзед Васіль, які сам любіў некалі прыйсці сюды з вудай, расказвае, што стаяў тут раней лес, а сярод гэтага лесу быў хутар. Жыла ў ім жанчына, вядзьмарка. І гэтак яна многа шкоды нарабіла людзям, што Бог не стрываў, і ў адну ноч праваліўся гэты кавалак лесу пад зямлю. Вось верхавіны дрэў з-пад вады і чапляюцца за сеткі ды за плаўцоў. А сама вядзьмарка і цяпер уладарыць у Ведзьмінай тоні і вакол яе, хаваецца на астравах. Дзеду можна верыць — ён ніколі не схлусіў. Адно зразумела добра: у гэтай тоні толькі ведзьмакам і цягаць нерат.

Астравоў, кшталту Заікінага, вакол Ведзьмінай тоні многа — ажно пяць, але не да кожнага дойдзеш. Кладкі ёсць, ды, ужо даўно пакладзеныя, яны схаваліся ў тарфяной кашы, і трэба дакладна ведаць сцяжынку. Бліжні востраў адсюль — Заечы. Ён невялікі, затое там ёсць будан, і месца зацішнае — малады ельнік калючым шчыльным плотам дзеліць востраў папалам. На Заячым востраве і ловіцца добра. Зрэшты, заўсёды здаецца, што ловіцца добра там, куды дайсці цяжэй. Вось насупраць Заікінага вострава праз Ведзьміну тоню па белі бярозавых ствалоў угадваецца Савіны востраў. Тут назва зразумелая: востраў вялікі, многа там старых дуплаватых дрэў. І соў хапае. Надыдзе ноч — як разляцяцца па ўсіх астравах, як пачнуць гугукаць ды галасіць у цемры, страх валасы дыбам ставіць.

Ноччу на Ведзьмінай тоні і без соў страшна. То так плясне нешта па вадзе — нізашто не падумаеш, што рыбіна. А то ў чароце пачне нешта валтузіцца, шамацець… Расказвалі, што, бывае, ходзіць нехта грузна апоўначы вакол вострава, напрасткі, не па кладках: плясь, плясь. І дыхае, уздыхае так цяжка… Калі і ад гэтага адмахнешся, то роспачны дзіцячы крык, поўны перадсмяротнай жудасці, прымусіць здрыгануцца. Пасля гэтага крыку, калі месячык зыркі, глядзі на тоню: убачыш лес на дне яе, верхавіны сосен, сядзібу і хатку. А сама вядзьмарка знак з Савінага вострава падасць — там пачнуць успыхваць блакітныя агні…