Выбрать главу

Таму вось жадаючых заначаваць на якім востраве ды закінуць вуду на самым золку нешта зусім не багата. Лепш крыху пазней прыйсці, чым сядзець на тым востраве ноччу і ўгаворваць сябе, што то ўсё ж карась па вадзе пляснуў, а ў чароце качка ладкуецца, што міма вострава прайшоў лось, а роспачна крычаў малады заяц, якога схапіла сава. Агні… Вось з агнямі складаней. Як дойдзеш да іх, казалі, знікаюць яны. Спачатку нібыта ўцякаюць ад цябе, бягуць, бягуць да вады і быццам скачуць у Ведзьміну тоню. Што за агні — ніхто не тлумачыць. Таму ўсё адно на любым з астравоў вакол Ведзьмінай тоні ноччу вусцішна.

Частка 1

Вёска сустрэла Сяргея хуткім «прыехаў» і ўзрушаным шэптам бабулек каля прыпынку аўтобуса:

— Дзівісь, дзівісь, то ж Зойчын прыехаў! А яна на полі сёння…

— Гэта калі шчэ не напілася. Бачыла я…

— А бо!.. Выцягнуўся як. Гэ, вочы зіркаюць зладзеяватыя.

— От, мала ліха ў вёсцы.

— Гэта на ўсё лета! А хада, дзівіся, якая! Ну, бандыт бандытам.

— Дзетдом добраму не навучыць. Тама ўсе такія. Во мая Галя расказвала…

Сяргей не чуў ужо, што там расказвала нейкая Галя гэтай старой. Ён толькі ў думках плюнуў, закінуў свой невялікі рукзак за адно плячо, пайшоў.

Калі табе чатырнаццаць і калі з гэтых чатырнаццаці палову — сем год — праводзіш у школе-інтэрнаце 10 месяцаў у годзе, ты навучышся не зважаць на едкія слоўцы. Ты, увогуле, многаму навучышся.

Навучышся хаваць крыўду і слёзы. Навучышся цярпець боль, пераносіць голад, не баяцца холаду.

Навучышся біцца — так, каб не абавязкова перамагчы, а толькі ўратаваць сябе ці сябра.

Навучышся ўцякаць, хавацца, маўчаць.

Многаму навучышся. Толькі шчыра смяяцца, смяяцца не з некага, смяяцца не злосна, а проста таму, што смешна, школа-інтэрнат не вучыць.

Сяргей добра засвойваў усе навукі, якія даваў яму гэты адасоблены свет няшчасных аднолькава, ды злых па-рознаму дзяцей-сіротаў.

Ён сам і яшчэ колькі яго аднагодкаў стаялі вышэй над іншымі — у іх было куды ехаць на лета. Сяргей не круглы сірата, у яго ёсць маці. Няхай і п’яніца. Але ёсць. Ёсць яшчэ дом. Хай і не прыбраны, хай няўтульны, затое — свой. Ёсць вялікі двор, ёсць агарод і садок з трыма старымі яблынямі і вішнямі.

А на бабулек ён не крыўдуе. Яно і праўда — у мінулыя гады Сяргей лазіў па чужых агародах, бы па сваім. А што? Гэтыя вясковыя ўсё маюць круглы год, чаму ён, Сяргей, павінен глытаць сліну, гледзячы на нічыю градку з клубніцамі? Хіба ён у чым вінаваты, што так і не ўбачыў свайго бацьку, што з першым яго крыкам на гэтым свеце пранёсся над вёскай і апошні крык бацькі, пад якім абламалася металічная прыступка воданапорнай вежы? Бацька застаўся б жывы, не надта высокая тая вежа, ды ляжалі ўнізе металічныя трубы, на якія і збіраліся мяняць старыя ў вежы… І хіба Сяргей вінаваты, што маці яго стала піць, як толькі ён пачаў хадзіць? Што вымушана была аддаць яго ў інтэрнат, бо за першы год у школе Сяргей так і не змог запомніць ні адной літары? Ён і размаўляў яшчэ слаба. Ды і навошта яму былі тыя літары, калі ўвесь час, пакуль ён не спаў, яго мучыла адно пачуццё — голад. Яно было заўсёды, мо з самага першага дня яго жыцця, яно не знікала ніколі, яно толькі спала разам з Сяргеем і прачыналася разам з ім. Паступова Сяргей стаў абманваць свой голад — ён засынаў. З цягам часу сон стаў рэфлекторным.

І на ўроках Сяргей іншы раз засынаў — ад голаду.

Голад не знікаў ніколі. Яго не магла прагнаць звараная і патоўчаная свіная бульба, якую ён у малалецтве краў у суседкі, бабулі Адар’і, голад толькі прыціхаў ледзь-ледзь, калі маці прыносіла (але як рэдка прыносіла!) дадому свежы хлеб, і Сяргей прыпадаў ваўкавата да адламанага кавалка, пах якога разрываў ноздры.

Сяргей прыехаў у інтэрнат з гэтым пачуццём, худы, невысокі для свайго ўзросту і з пукатым выродлівым жыватом.

За першы год у інтэрнаце ён з’еў столькі, колькі, можа, не з’еў за свае першыя сем год жыцця. І ўрэшце добрая цётка Соня, паварыха, адгаварыла яго есці столькі, колькі ён хоча.

— Не трэба, дзетачкі, на карысць тое не пойдзе. Ты, як згаладаешся, прыбяжы да мяне, я табе дам чаго крышачку. Табе патрошку есці трэба, патрошку…