Выбрать главу

Той зімой брыдкія лаянкі і бойкі сталі ў Сяргеевай хаце звычайнай з’явай. Зоя, маці Сяргея, працавала на ферме даглядчыцай, рукі мела дужыя і саступаць прымаку не хацела. Зэк звычайна хапаў тое, што трапляла пад руку, і, зверавата выскаліўшыся, кідаўся на Зою.

Малая Нэла заходзілася ў крыку, але на яе толькі раз звярнулі ўвагу — прымак кінуў у кут, дзе яна сцялася, вялікую падушку ў шэрай, ліпкай ад поту і бруду навалачцы. І гэта падушка закрыла ўсю дзяўчынку, Нэла мала што не задыхнулася. Пасля гэтага выпадку, калі ў хаце ўспыхвала бойка, Нэла толькі ціхенька выла, забіўшыся пад ложак.

Калі прымак быў не надта п’яны, ён пачынаў выхоўваць Нэлу. Яго выхаванне больш нагадвала звычайную дрэсіроўку якога-небудзь звярка — ён біў дзяўчынку, калі тая не слухалася і даваў кавалачкі хлеба, калі яго каманды выконваліся.

Ён-такі ўзяў верх над маці Сяргея, тая скарылася, боек у хаце ўжо не было — было простае збіванне, калі прымаку нечага не хапала. Часцей яму не хапала гарэлкі.

Частка 2

Сяргей ліў на руку цёплую ваду з бутэлькі і мыў тварык Нэлы.

— Эх ты, мурза! Ты ж дзяўчынка, сорамна табе бруднай хадзіць. Так, цяпер я табе на рукі буду ліць, а ты сама іх памыеш. Вышэй, вышэй мый, да локцяў.

Нэла старанна цёрла свае рукі і заглядвала ў вочы хлопца позіркам, у якім адбівалася цэлая гама пачуццяў: і радасць, і вінаватасць ці то за брудныя рукі, ці то за тое, што не можа гаварыць, і яшчэ пытанне: «Ці добра я мыюся?»

А яшчэ Сяргей бачыў у вачанятах Нэлы абажанне. І ў нейкі момант ён зразумеў, з якой тугой чакала яна яго вяртання, у якое шчасце выліўся для дзяўчынкі яго прыезд, як ён патрэбен ёй. Нечакана зашчымелі вочы, а з носа ледзь не закапала. Сяргей не стрымаўся ў наступны момант, зашморгаў носам, калі Нэла асцярожна, баязліва нават, прытуліла тварык да яго грудзей і гэтак жа паціху абняла за шыю. А потым сціснула рукі, прыціснулася сама — моцна-моцна, аж гузік кашулі балюча націснуў на грудзіну. «Нічога, нічога, — Сяргей гладзіў дзяўчынку па цёмных, неакуратна падстрыжаных валасах. — Мы прарвёмся. Усё ў нас будзе добра. Усё наладзіцца…»

Але як наладзіцца — Сяргей не ведаў. Ён насуперак пачутаму на прыпынку ад бабулек адкрываў веснічкі свайго двара з кволай надзеяй, што маці стала другой. Але аднаго яго позірку хапіла, каб зразумець: нічога не змянілася.

Двор быў засмечаны, парослы крапівой і быльнікам уздоўж плоту. Певень і дзве курыцы грабліся ў кучы смецця пад сенцамі. Гара тапорніку — двухмятровых тонкіх сасновых калкоў на дровы грувасцілася пасярод двара, і трава паспела ўжо аплесці асобныя палкі ўнізе.

Не хацелася ісці ў хату. Сяргей прадчуваў, што там — смурод і бруд, засмечаная падлога, нявыцерты стол, незасланыя ложкі без бялізны. Так было і мінулым летам…

— Ну, хопіць табе лашчыцца, — Сяргей лёгка адхіліў ад сябе Нэлу. — Пайшлі ў садок, пад вішню. Я табе нештачка прывёз, — па-змоўніцку шапнуў ён на вуха дзяўчынцы.

Нэла ў захапленні пляснула ў далоні, схапіла Сяргея за руку, пацягнула.

Прыселі ў цяні вішняў. Сяргей паволі развязаў рукзак, знарок доўга корпаўся там рукой і нарэшце стаў павольна цягнуць нешта бліскучае, чырвона-жоўтае.

— Што гэта?

Нэла паціснула смешна плячыма, і тварык яе адно свяціўся захапленнем.

— Трымай!

Сяргей адным рухам раскінуў у паветры выцягнутае і накрыў ім дзяўчынку.

— Гэта куртачка табе. Ану, памераем!

Куртачка была занадта вялікая.

— Нічога, за тры месяцы ты вунь як выцягнешся, якраз будзе, — заспакоіў крышку спахмурнелую Нэлу Сяргей, зноў бы чараўнік палез рукой у рукзак.

— Оп ля! Сукенка! Гэта якраз на цябе. Скідай свае анучы!

Нэла хапілася аберуч за падол сваёй сукенкі і ўмомант аказалася… голай. Чырвань сораму на імгненне апаліла Сяргею твар, але ў наступны момант ён успыхнуў абурэннем:

— Ты чаму без трусікаў ходзіш? Ты — дзяўчынка, табе пяць гадоў ужо. Сорамна павінна быць!

Нэла глядзела на яго са знаёмай вінаватасцю ў вачах. Яна разгублена развяла рукі ў бакі.

— Няма трусікаў?

Нэла кіўнула.

— Цьфу!

Настрой у Сяргея сапсаваўся. Але калі Нэла апранула блакітную сукенку, ён забыўся на нядаўнюю прыкрасць.

— Вось, ты ў мяне прыгажуня! Але не вымазвай толькі нідзе. Больш у мяне няма. Добра, што гэта далі.

І добра, што ён, Сяргей, звярнуўся да сваёй выхавальніцы. Яна, хоць і маладая зусім, сваіх дзяцей яшчэ не мае, а добра ўсё зразумела. І з той вялізнай кучы адзення (гуманітарнай дапамогі аднекуль з Германіі) Сяргею дасталіся добра ўжо пацёртыя джынсы ды вось гэтыя куртачка і сукенка.