Выбрать главу

— Ты можаш ударыць мяне. Я…

Ён не паспеў дагаварыць. Ні Жэнька, ні Віталь, які падыходзіў да іх, ні сам Віцька не паспелі ўбачыць імгненны рух рукі Сяргея — кулак трапіў у сківіцу. Галава хлопца матнулася, бы нежывая, але ён устаяў на нагах.

Ніхто яшчэ не крануўся з месца — і тут закрычала Нэла. Яна падбегла з крыкам да Сяргея, абхапіла спераду за ногі і, задраўшы кверху галаву, крычала і… піхала яго назад.

— Усё, супакойся Нэла, — сказаў, крыху расслабіўшыся, Сяргей, але рукі яго заставаліся сціснутымі ў кулакі.

Віцька сплюнуў на зямлю — кроў, крануў анямелую шчаку.

— Ну, што ж, будзем лічыць, што мы ў поўным разліку, — сказаў ён на дзіва спакойна і працягнуў вуду: — Гэта як прабачэнне за тое… Ну за ранне на копанцы. Я б хацеў сябраваць…

Сяргей разгублена глядзеў на новенькую бліскучую чорную вуду. Яна крыху ўздрыгвала ў працягнутых да яго руках, але і невыказна радавала адмысловасцю і прадуманасцю кожнай сваёй дэталі: ёмкага дзяржання, зручнай катушкі, надзейна замацаваных кольцаў.

— Сяргей, бяры, бо Віцька жмінда, ён гэту вуду сніў, перадумае — не адбярэш, — нечакана весела сказаў за спіной Віталь.

Сяргей вагаўся. Уся яго нянавісць да Віцькі была выплюхнута адным ударам, мала таго, ён чакаў, рыхтаваўся да таго, што Віцька кінецца ў бойку ці хоць пачне абараняцца. А тут раптам такія простыя і спакойныя словы: «Мы ў разліку». Здаецца, і на самай справе ў разліку… І вуда. Якая вуда! Сяргей міжволі асцярожна ўзяўся за цёплы пластык круглага дзяржання.

— Тады мір? — гэта ўжо Жэнька вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. — Біцца не будзеце? — павярнулася да Віцькі. — Зубы цэлыя?

— Цэлыя, — усміхнуўся праз боль Віцька.

— Астатняе зажыве, — ўсміхнулася крыху напружана і Жэнька і без пераходу дадала: — Віталік, Сяргей, вазьміце з нас сабой на Ведзьміну тоню.

Віталь зірнуў на Сяргея — той задумліва круціў у руках вуду, не ўзнімаючы вачэй, нарэшце ціха прамовіў:

— Я тут не галоўны… І бутэлькі мы разлічвалі на траіх…

— Ну, у нас толькі пяць радоў запоўнена, — ажывіўся Віталь. — Яшчэ чатыры ў запас… Але бутэлькі будзеце на сябе збіраць. І нам яшчэ дапамагаць трэба…

— Не праблема, — асцярожна загаварыў Віцька. — У нас дома іх штук з дваццаць. І ў школу можна падысці — буфет жа працаваў…

— Добра, пайшлі працаваць. — Сяргей вызваліўся ад Нэліных рук. — Пайшлі, Нэла, бутэлькі мыць.

— Во, зусім забылася, — войкнула Жэнька, прысела, стала корпацца ў сваім вялікім пакеце, які несла з сабой. — Трымай, Нэла, — яна працягнула дзяўчынцы некалькі цукерак на далоні.

Нэла хуценька падышла, узяла цукеркі і толькі тады азірнулася на Сяргея з хітравата-вінаватым выглядам.

Падбегла і працягнула Сяргею адну цукерку.

— Еш сама, Нэла, — Сяргей лёгка крануў сястру за плечы. — Табе трэба салодкае.

— Э, я ўсім прынесла, — гукнула Жэнька. — Куды пакласці?

— Пайшлі да будана, там наш штаб, — паклікаў за сабой Віталь.

— Чакайце, — прыпыніў усіх Віцька. — Нам трэба ўсім разам пайсці да дзеда Васіля. У мяне… Я ў Інтэрнэце адшукаў… дакумент адзін. Там ёсць пра Ведзьміну тоню…

— Ты што? — крутнуўся Віталь.

— Ты ж нічога не казаў, — здзівілася Жэнька і ўжо сабралася пакрыўдзіцца на брата — не мог падзяліцца навіной, ідучы сюды!

— Нельга мне нічога нікому расказваць, пакуль дзед не пачуе, — упарта сказаў Віцька. — Самі зразумееце.

— А што там такое? — Віталя аж распірала ад нецярпення. — То пайшлі хутчэй!

Частка 14

Віталь як усё адно даклад рабіў:

— Васіль Яўменавіч, вось Віцька з Жэнькай папрасіліся да нас. Тут у нас… было некаторае рознагалоссе, але мы ўсё прывялі ў норму. Слова за вамі.

Дзед усміхнуўся, уважліва паглядзеў на ўсіх, спыніў позірк на Жэньцы:

— У мае гады дзяўчаты іншымі гульнямі займаліся.

— Ат, Васіль Яўменавіч, — Жэнька пачырванела, не магла знайсці слоў, каб нешта сказаць.

За яе адказаў Віцька:

— Яна з намі яшчэ ў мінулым годзе ў футбол гуляла, Васіль Яўменавіч. І сукенку ніколі не носіць. Ёй трэба было хлопцам нарадзіцца…

— Кім нарадзілася, тым вырасцеш, — падміргнуў быццам дзед Жэньцы. — Ну, больш людзей — будзе весялей.

— Так, адно, будзем лічыць, вырашылі, — працягваў свой даклад Віталь. — Мы сабраліся і вас ад працы адарвалі па той яшчэ прычыне, што Віцька ў Інтэрнэце знайшоў нейкі дакумент, дзе пішацца пра Ведзьміну тоню, і хоча яго агучыць абавязкова вам…