Выбрать главу

— А адкуль старшыня ведае аб планах дзеда і хлопцаў? — ніколькі не ўзрушана спытаў бацька.

— Не ведаю, адкуль! — нервова адказала маці. — Бачу, цябе гэта не кранае. Дык дадам: у Зарэмбы з’явілася ідэя перазахавання тых партызан! І зрабіць гэта менавіта ў дзень 60-годдзя вызвалення Беларусі.

— Праўда? — захваляваўся цяпер бацька. — Вось малайчына!

— Малайчына!? Ты разумееш, што ўся наша падрыхтоўка ляціць к чорту? Сцэнарый, распрацаваны і ўзгоднены ў райвыканкаме, — к чорту! Колькі нерваў і часу на гэта пайшло — к чорту!

Маці ўжо крычала.

— Ты еш, — сказаў спакойна бацька. — Нічога страшнага няма. Іншае пытанне: як рэальна зрабіць перазахаванне…

— Зарэмба сказаў, каб старшыня сельвыканкама ехаў у раён — у пракуратуру, у райвыканкам, у ваенкамат, але каб к вечару быў адказ на пытанне: як рэальна зрабіць перазахаванне, каб гэта было цалкам у рамках закона, — крыху спакайней закончыла маці.

— Ну, вось, Мікалай Рыгоравіч, як бачыш — чалавек разумны: ніякай самадзейнасці, усё грунтоўна, усё па закону. Ён і гаспадарыць так: без крыку, але настойліва і прынцыпова…

— Хвалі, хвалі… — маці пачала была сёрбаць боршч, зноў адклала лыжку. — Самі будзеце тут упраўляцца. На мне і школа, і дэпутацтва, яшчэ і балота гэтае…

Жэнька, якая з заміраннем сэрца слухала гэты дыялог маці з бацькам, не вытрымала. Пачала гаварыць спакойна, але міжволі ў яе словах прарываўся выклік:

— Мам, а мне здаецца, што Мікалай Рыгоравіч мае рацыю…

— А ты ўжо што разумееш? — бразнула лыжкай маці. — За кветкамі сваімі глядзі.

Жэнька, не звярнуўшы ўвагу на крыўдныя словы маці, працягвала:

— Сорамна вам там, у сельсавеце, стала, што чужынец прыехаў у вёску і паказаў вам пальцам: вунь дзеці збіраюцца на магілу партызан, а вы займаецеся афарбоўкай помніка ля клуба, які нікому не пастаўлены, пад якім ніхто не ляжыць!

— Хто табе сказаў!?

— Тата казаў. І ты казала, што ўсе вяскоўцы пахаваны на могілках, што ля клуба не помнік, а проста памятны знак. А вы нас прымушалі туды кветкі класці і ў пачэсным каравуле стаяць… Ля пустога месца!

— Чакай, чакай, дачушка, — загаварыў бацька. — Ты надта ўсё заблытала… Разумееш, ёсць розніца між захаваннем і месцам для таго, каб аддаць павагу ўсім загінуўшым. Ну, зразумей…

— Нічога яна разумець не хоча! Яна ў нас разумная і дарослая! — выгукнула маці.

Жэнька выскачыла з-за стала, стала прама, рашучая, аж кулачкі сціснула:

— Я буду разам з дзедам Васілём і хлопцамі! З Віцькам пойдзем!

— Мы пойдзем, — узняўся з-за стала і Віцька.

Маці павольна паклала лыжку, паправіла рукой пасмачку валасоў на скроні і стала завучам Аленай Адамаўнай.

— Ну-ну… Яны пойдуць. Вам напляваць на маці, на бацьку, вы ж выраслі, вы дарослыя… Гэта мне адной трэба агарод, гаспадарка, дом, абеды… Гэта не вас я раджала, не за вамі мыла, не вас грудзьмі карміла. І што ночы не спала — сёння нішто, бо вы ж выраслі. І аб маці можна выціраць ногі…

— Алена, Алена, — загаварыў з дакорам бацька. — Ну, навошта ты так? Што яны, на месяц ці хоць на тыдзень? Няхай ідуць на добрую справу. І ў Жэнькі цудоўны матэрыял для артыкула можа атрымацца, а Віцька няхай развеецца, тры дні бы сонная муха ходзіць.

— Ты мяне не суцяшай! — сарвалася зноў на крык маці.

— Не крычы, — паморшчыўся бацька. — І давай глядзець на рэчы больш рэальна: перазахаванне ў дзень свята — гэта падзея не вясковага маштабу. Гэта — раённая падзея. Калі на самай справе будзе так, як задумаў Рыгоравіч, то чакай у дзень свята сюды высокіх гасцей з райцэнтра. Гэта добрая, скажу больш — высакародная справа — знайсці і прывесці ў парадак магілу партызан. Дык чаму гэта будуць рабіць іншыя, а не твае дзеці?

Бацька замаўчаў, маўчала і маці. Потым правяла стомлена далонню па валасах:

— Прабач, дачушка… Мне і праўда сорамна было. І прыкра…

– Ідзіце, дзеці, — махнуў рукой бацька.

Жэнька ціха падышла да маці, нахілілася і пацалавала яе ў шчаку.

– І ты мне даруй…

Віцька з Жэнькай выйшлі на надворак.

Праз акно даносіліся прыглушаныя галасы: нервовы, узбуджаны маці і спакойны, разважлівы бацькаў.