Выбрать главу

— Ну, як яны знойдуць тую магілу, калі 60 год прайшло. Там нага чалавека не ступала, дзед хлапчуком быў, не атрымаецца як нічога, а шум уздымем… — гарачылася маці.

Бацька нешта адказваў.

— Пайшлі адсюль, а то як падслухоўваем, — пацягнула Жэнька Віцьку на вуліцу. — Пасядзім на лавачцы. Бацька выйдзе, усё раскажа…

Бацька выйшаў хвілін праз дзесяць. І не адзін — з маці.

— Ну, што насы павесілі? — падмаргнуў ён бадзёра. — Усё добра. Мы дазваляем. З дзедам Васілём я сам перагавару. Ідзіце, дамаўляйцеся.

— Ура! — ціха выгукнула Жэнька. — Яшчэ, — яны павярнуліся да маці: — Мам, там у нас недзе павінны ляжаць мае былыя адзёжкі. Я памятаю, ты казала, што шкада выкідваць, а куды ты іх схавала? Разумееш, — заспяшалася яна, бачачы здзіўленне маці, — у гэтай Нэлы, бачыла я яе, нават трусікаў няма. А так бы я аддала, у нас жа многа ўсяго павінна заставацца…

— Бяры, — усміхнулася праз сілу маці. — У кладоўцы стаіць стары бабулін куфэрак — там усё дзіцячае. Вось і добра, што не выкінула, — дадала яна больш сама сабе. — З гэтым дзіцём і маці яго мы будзем разбірацца…

…А бутэлек не хапала. Паўтары сотні назбіралі, хоць па хатах цяпер ідзі.

– І пойдзем па хатах! — рашыў Віталь. — Што тут такога? Не міласціну ж просім. Вось к вечару ўсе з работы вернуцца, мы мяхі за плечы — і гайда!

На тым і рашылі.

Распалілі невялікі касцёр у Сяргеевай «пячурцы», прынеслі ночвы з вадой. Мылі бутэлькі, прасушвалі, вешаючы на галінкі вішань, акуратна сплаўлялі рыльцы тых бутэлек, для якіх не знайшлі коркаў, пакавалі акуратна бутэлькі ў мяхі. Карацей, не надта цікавая была пакуль справа.

— Нам дазволілі! Мы — з вамі! — радасна пракрычала Жэнька, як толькі з Віцькам зайшлі ў садок. — І мы з гасцінцамі!

На «стол» — старыя дзверы, пастаўленыя на слупкі з цаглін і засланыя кляёнкай, якую з дому прынёс Віталь, Жэнька высыпала цукеркі, паставіла бутэльку з ліманадам. Потым падазвала Нэлу і стала выцягваць з пакета адзенне: сукенкі, бялізну, кофтачкі.

— О, мы зараз жа пераапранемся ў чыстае! — Жэнька павяла Нэлу ў будан. — Ты будзеш такой прыгожай!

Пакуль Жэнька пераапранала Нэлу, Віталь раскрыў на стале, ссунуўшы ўбок цукеркі, чарцёж плыта.

— Сядайце, — і першы апусціўся на зямлю. — Так, мы меркавалі запоўніць пяць адсекаў, чатырыста бутэлек. Вас двое, значыць, будзем цяпер улічваць і плыт, трэба яшчэ… — ён хутка алоўкам збоку ад чарцяжа стаў пісаць лічбы — больш для Сяргея, чым для сябе. — Яшчэ сто кілаграмаў грузу, сто літраў вады. 30 бутэлек — 45 літраў, 60 бутэлек — 90 літраў і яшчэ 6 бутэлек — 9 літраў. Множым на два… Значыць, вам трэба 130 бутэлек сабраць для сябе толькі. І не хапае яшчэ ў нас 100 бутэлек. Не так проста будзе сабраць… І… мабыць, трэба будзе плыт большым рабіць. Устойлівейшы будзе.

— Мы ж рашылі — па хатах, — напомніў Сяргей.

— Помню… Так і будзем рабіць. За два дні кроў з носа трэба разабрацца з бутэлькамі. Потым — рыхтуем усё неабходнае.

— Трэба спіс скласці, — уставіў Віцька. — А то што-небудзь забудзем.

— Добра. Значыць, ты з Жэнькай і складзеш спіс. І пачынайце збіраць. А цяпер можна і паесці. — Віталь згарнуў план, пацягнуўся за цукеркамі.

— А вось і мы!

Урачысты голас Жэнькі прымусіў усіх павярнуцца.

Нэла была апранута ў блакітную майку, на якой быў намаляваны зайчык з ярка-чырвонай моркаўкай, і лёгкія штонікі, зялёныя, трошкі лінялыя ад частага мыцця. На галаве — невялікая ружовая з кветкамі панама.

Нэла ўсміхалася, гледзячы на хлопцаў, аглядала сябе, кранала рукамі сваё новае адзенне. Нечакана падбегла да Сяргея і ўпала на яго ногі, схавала твар на грудзях.

— Ну, што ты, дзівачка, — Сяргей узняў Нэлу, зазірнуў ёй у твар, ціхенька паціснуў ёй нос сваім пальцам. — Я табе казаў, што ўсё будзе добра? Казаў?

— Ыгы! — вырвалася радасна з горла дзяўчынкі.

— Вось табе і «ыгы»…

Нэла першы раз адказала не ківаннем галавы, а гукам, ды і не гукам — словам.

— Не «ыгы», а «ага». Паўтары, — сур’ёзна, каб схаваць сваё хваляванне, запатрабаваў Сяргей.

Нэла хітра заўсміхалася і закруціла галавой так смешна, што ўсе засмяяліся.

Бутэлькі па хатах пайшлі збіраць усе разам: узялі ў дзеда Васіля гаспадарчую двухколавую каляску і шумнай талакой — ад хаты да хаты. Ля будана вырасла цэлая пластыкавая гара. Самім не верылася, што столькі сабралі. Перамылі, прасушылі, напакавалі мяхі — адна справа была зроблена. Потым вырашылі зрабіць яшчэ адзін будан — каб складаць усё неабходнае, што ім спатрэбіцца на балоце. Бо толькі адна Жэнька гэтулькі ўсяго наказала: і вёдры, і каструлі, і каністры з вадой чыстай, і хлеб, і крупы…